Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Прылуцкі: «Калі і падымаем нейкія тосты, то толькі за перамогу, зьберажэньне жыцьцяў нашых вайскоўцаў і сьмерць ворагаў»


Сяргей Прылуцкі
Сяргей Прылуцкі

Беларускі паэт Сяргей Прылуцкі стала жыве ва Ўкраіне ўжо 15 гадоў. З разгромленай расейскімі акупантамі Бучы нікуды ня зьехаў і ў кожны момант гатовы яе бараніць як свой родны горад. Пагаварылі зь ім пра будні і сьвяты пад бомбамі, жыцьцё і паэзію ў часе вайны, якой ён ня бачыць канца.

«Разумееш, што для ракет паняцьця тылу няма»

— Каляды ва Ўкраіне зноў будуць на вайне. Ці думалі вы год таму, што і 2024-ы будзеце сустракаць пад бомбамі?

— У мяне ад самога пачатку не было ілюзій, што вайна скончыцца хутка — ні праз год, ні праз два. Я ўпэўнены, што і ў 2025-м, і 2026-м міру ня будзе, бо няма ніякіх прыкметаў, што Расея стамілася або зьмяніла свае пляны.

— Што ў вашым асабістым сьвеце зьмянілася за гэты ваенны год?

— Напэўна, найгалоўнейшае — радыкальная зьмена стаўленьня на рэчаў, да свайго цяперашняга жыцьцёвага стану. Нягледзячы на тое, што знаходзісься ў адносным тыле, разумееш, што для ракет паняцьця тылу няма. Ты ведаеш, што ўмомант можаш страціць усё, у тым ліку і жыцьцё, і таму яшчэ больш цэніш вось гэтыя моманты цяпер і зараз, калі маеш магчымасьць дзякуючы ўкраінскаму войску быць разам з жонкай і сынам. Плюс кожны дзень ты разумееш — не як гіпатэтычную магчымасьць, а як адтэрмінаваны ў часе факт — што таксама пойдзеш у войска.

— А ці спадзеяцеся, што наступныя Каляды адзначыце пад спакойным небам у радасным сямейна-сяброўскім коле пры багатым сьвяточным стале?

— Як я ўжо сказаў, ня будуць наступныя Каляды мірныя. Па магчымасьці мы зьбяромся на сьвята і сёлета вузкім колам. Але, вядома, гэта ўжо ня тое сьвята, якім было раней. Бо шмат хто нават з блізкага кола знаёмых і сяброў або ваюе, або быў паранены, або загінуў. Таму цяпер калі і падымаем нейкія тосты, то толькі за перамогу, зьберажэньне жыцьцяў нашых вайскоўцаў і сьмерць ворагаў.

«Магчыма, з суседзямі зьбяромся і пакалядуем у нашым шматпавярховіку, трохі вып’ем за перамогу»

— Немцы сумна-іранічна жартуюць, што вайна вайной, а абеду ніхто не адмяняў. Як зьмяніліся ў часе вайны вашы сямейныя і асабістыя калядныя звычаі? Што засталося зь мінулага мірнага жыцьця, а што зьнікла, мо і назаўсёды?

— Раней мы ішлі шумнай кампаніяй швэндацца па цэнтры Кіева або Берасьця, у залежнасьці ад таго, дзе мы выбралі адзначыць сьвята. Хадзілі па барах, завяршалі ўсё хатняй бяседай. Мінулыя Каляды я правёў сам дома, бо жонка з сынам пасьля двух тыдняў акупацыі выехалі з Бучы за мяжу. Вядома, што цяпер ужо не да такіх фэерычных гуляньняў, як раней. Магчыма, з суседзямі зьбяромся і пакалядуем у нашым шматпавярховіку, трохі вып’ем за перамогу. Папраўдзе, цяпер усе сьвяты ўспрымаюцца як паўсьвяты, недасьвяты, бо разумееш, што ў гэты самы час зусім блізка адбываецца суцэльны жах.

«Да мяне як да беларускага аўтара ва Ўкраіне ніякай дыскрымінацыі не адчуваў»

— А ці не адмяніла вайна вашай паэзіі? Прынамсі, яе публічнасьць ва ўкраінскай прасторы, у якой ад пачатку вайны беларускія літаратары ўспрымаюцца як прадстаўнікі краіны-агрэсара. Як з гэтым цяпер ва Ўкраіне, які ваш асабісты досьвед?

— Пэўны час пасьля 24 лютага 2022 году я нічога не пісаў, была нейкая паўза. Прыблізна празь месяц вярнуўся да вершаў. А вось з чытаньнем кніг цяжэй. Ня ведаю, мо гэтаму ёсьць нейкае псыхалягічнае тлумачэньне, але больш за год я ўвогуле ня мог да канца прачытаць ніводнай кнігі. Толькі гэтай восеньню як сябра журы літаратурнай прэміі змог прабіць гэтую сьцяну і прачытаць пару дзясяткаў кніг. Напэўна, таму, што гэта ўсё-ткі быў абавязак. А наконт пытаньня пра стаўленьне да мяне як да беларускага аўтара ва Ўкраіне, то ніякай дыскрымінацыі я не адчуваў. Хаця ведаю, што ёсьць вось гэтае жаданьне зьмяшаць у адзін кагал «ябацькаўшчыну» і тых прадстаўнікоў беларускай культуры, якія дзясяткі гадоў намагаліся і намагаюцца супрацьстаяць русыфікацыі.

«Сыплецца сьвежы попел на залатую траву»

— Што можаце расказаць пра сваё літаратурна-творчае жыцьцё ў 2023 годзе?

— Як такога літаратурнага жыцьця ня меў. Была пара невялічкіх выступаў. Патроху пішуцца вершы, але які іх далейшы лёс, ня маю аніякага ўяўленьня.

— Калі ласка, дайце нашым чытачам колькі сваіх новых вершаў у якасьці каляднага падарунку. Калі гэтак магчыма ўвогуле гаварыць у часе вайны.

***
В.А.

гудзе трансфарматар маленькі
ляцяць стрыгнаткі пад дах
сын заснуў на каленках
зьнічка ляціць далавах

колькі спакою ў гэтай
колькі трывогі ў ёй
хвілі — такой адметнай
хвіліне — такой чужой

сьпі маленькі мой сьвеце
жыві мой вялікі сьвет
ў гэтым трывожным леце
безьліч мёртвых камэт

мы іх кахалі й кахаем
насуперак усяму
сыплецца сьвежы попел
на залатую траву

***
Пад дахамі, зялёнымі, як кроны,
людзей зьнікомых чутна галасы:
жывых, памерлых, блізкіх, незнаёмых –
плывуць, плывуць паўзь цёмныя лясы.

Ўцякае зьвер ад рэха запальнічкі.
Ўнутры рыпяць мэнтальныя масты.
Пад дахамі зялёнымі — дзьве зьнічкі,
трымаемся за рукі: я і ты.

За гэтым невідочным даляглядам,
за вусьцішшу, такою дарагой,
любові і нянавісьці атрады
адвечны свой працягваюць двубой.

Між цішаю і гулам — паўімгненьня.
Ніякіх ліній на абедзьвюх даланях.
Зьлятае з даху і сядае на калені
прыгожы птах. Прыгожы мёртвы птах.

***

Быў, як сасна, маўклівы і спакойны.
Вавёркі думак між галін.
Цяпер — пянёк на папялішчы. Чорны
лес. І поле з дамавін.

Скакалі сэрцы ў вогненныя колцы.
І выпароўваліся ўшчэнт.
Хто выпіў гэты дзень — у тых на донцы
да скону застанецца чорны сьлед.

Бяздомным сьлімаком, што неяк выжыў,
паўзе за панядзелкам серада.
У пекле верхнім і у пекле ніжнім
аднолькава нясмачная вада.

САЛОДКАЯ МАГІЯ

ні выходных ні будняў няма –
суцэльны танец матылькоў пад рэбрамі
наш сын нібы маленькі Буда й маг
нібыта папяровы бог паветраны

бароніць галовы бацькоў ад хмар
бясконца задае пытаньні –
навошта нос і рот? чаму камар? –
да ночы і ад самага сьвітаньня

учора — імпэратар крэм-бруле
сягоньня — раб азёрных хваляў
анёл які трымае на крыле
вялікія цукровыя скрыжалі

ФАНТОМНАЯ ПАМЯЦЬ

месца сабе не знаходжу –
ўсё яшчэ чую
як рыпіць пад табою крэсла

ВЕТРАЛОМ

гуляе вецер ў клетках грудных
вібруе паветра
ад касьцянога гулу

удыхні напоўніцу
выдыхні напоўніцу
які цяпер сэнс у словах гэтых
напаўзабытых?

на скразьняках шалёных
высушыла вочы
выдзьмула з горла голас
ці мы гэта зараз
ці проста няёмкія пэрсанажы
дэфэкты ідэальнага краявіду
для вока чужога

глянь кім мы сталі
насуперак нашым жаданьням:
як цёмна ў зблытаных снах
як птушачка сэрца б’ецца ў нагах
як віруе новая бура ў нашым ветраломе

МАМА ВУСЬЦІШ

жужалка ў тваіх валасах
гудзе маленькай сырэнай
дрыготкія рукі нясуць вячэру –
нічога для нас не шкада:
ставіш на стол усё
што маеш на сёньня

наступнай можа ня быць –
каму развітальнай
каму памінальнай стане

бегаеш між намі ўтрапёна
вавёркай у вогненным коле
тых прыгарнеш тых пацалуеш
тым блаславеньне дасі
на першы бой і разьвітаньне
з такім кароткім маленствам

хто нарадзіў цябе мама?
хто даў нам такую?
навошта памерлі так хутка папярэднія
мама шчасьце і мама сьмех?
хто нас абдыме калі і цябе
таксама ня стане?
мама пустэча? мама нябыт?
хай так
абы ня мама здрада
зь яе ўсьмешкай падступнай –
почасту бачым такую
за плотам суседнім

ДЗЯСЯТЫ ЛІСТ АДАМУ

Лягай, лягай, маленькі сыне –
убачыш хутка родны дом.
Салодка спалася ў чужой краіне...
Лягай, лягай, мой любы сыне.
Хай абмінуць цябе пад небам сінім
варожыя маланкі й гром.

Ці ты запомніш гэты час трывожны?
Ці ўзьненавідзіш ўсіх, хто заслужыў?
Пад гоман дрэваў прыдарожных
як доўга мы хадзіцьмем, мой харошы?
Да гэтай хвілі шмат хто не дажыў.

Бо зноў да нас прыехаў «госьць» галодны:
настаўнік музыкі з усходу (не зь Нямеччыны штукар).
Ўслуховаемся ў кожны гук сьмяротны:
каб не забыць, запісваем у сшытак ноты.
Такі ў нас будзе новы лемантар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG