Пра гэта паведаміла Генэральная пракуратура Ўкраіны.
Апэляцыйная інстанцыя адмяніла апраўдальны прысуд, вынесены Дняпроўскім раённым судом Кіева абвінавачанаму, які цяпер зьяўляецца дзейным супрацоўнікам паліцыі. Яго прызналі вінаватым у катаваньнях і асудзілі на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі.
У паведамленьні Генпракуратуры адзначаецца, што асуджаны разам зь іншымі асобамі скінулі з калянады двух удзельнікаў акцыяў пратэсту. Таксама аднаго з іх, непаўналетняга, пры тэмпэратуры −12 градусаў разьдзелі і паранілі нажом.
«Пасьля гэтага яны распылілі ў пратэстоўца пярцовы газ і прымусілі прайсьці голым праз групу праваахоўнікаў, сьпяваючы гімн Украіны. Такім чынам высьмейваліся яго ідэалягічныя перакананьні. Пазьней пацярпелых абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў», — дадаюць у пракуратуры.
У лістападзе Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) заявіла, што знаходзіцца «на фінішнай прамой» у расьсьледаваньні справы Майдану. У дзясятую гадавіну Эўрамайдану ў ДБР удакладнілі, што за гэтыя гады распачата 82 крымінальныя справы і вынесена 40 прысудаў у дачыненьні да 49 чалавек.