«Адбыўся абмен думкамі аб абавязаньнях у гарантаваньні міжнароднай бясьпекі Ўкраіны, адказнасьці Расеі, санкцыях ЭЗ супраць Расеі, выкарыстаньні замарожаных расейскіх сродкаў і міжнароднай ізаляцыі Беларусі і Расеі», — паведаміла 20 сьнежня прэс-служба літоўскага МЗС.
Прадстаўнікі замежнапалітычных ведамстваў «аднадушна пагадзіліся зь неабходнасьцю працягваць падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі і актуалізаваць пытаньні аб палітычных зьняволеных».
«Важна забясьпечыць, каб Беларусь заставалася на парадку дня Эўрапейскага зьвязу», — гаворыцца ў паведамленьні.
Краіны Балтыі і Нямеччына «адзіныя ў асуджэньні працяглай агрэсіі Расеі супраць Украіны». Дыпляматы абмеркавалі шляхі аказаньня дапамогі ўкраінскаму народу «ў супраціве і перамозе над агрэсарам». Акрамя Украіны і Беларусі, сустрэча тычылася пытаньняў пашырэньня ЭЗ, палітыкі «Ўсходняга партнэрства», сытуацыі на Паўднёвым Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі.
Беларусь і Літва разам змагаюцца з «імпэрскімі амбіцыямі Расеі і за агульную будучыню ў Эўразьвязе», заявіла дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская 14 сьнежня на брыфінгу па выніках камітэцкіх слуханьняў у літоўскім Сейме.
Палітык назвала вырашальнай падтрымку з боку Літвы. Яна падзякавала народу гэтай балтыйскай краіны за тое, што той «быў побач у такі цяжкі час і прыняў тысячы беларусаў, якія ратуюцца ад тэрору і рэпрэсій».
Акрамя таго, яна заклікала літоўскія ўлады адмовіцца ад ідэі ўраўнаваць абмежавальныя меры ў дачыненьні да беларусаў і расейцаў, паколькі «гэта менавіта тое, чаго хочуць Пуцін і Лукашэнка».