Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цэнтар Наваградку прызналі помнікам міжнароднага значэньня


Руіны замку ў Наваградку, архіўнае фота
Руіны замку ў Наваградку, архіўнае фота

Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада ў пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны 18 сьнежня вырашыла надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці шасьці новым аб’ектам. Сярод іх — гістарычны цэнтар Наваградку XII–XX стагодзьдзяў, піша выданьне Hrodna.life.

Гістарычны цэнтар Наваградку аднесьлі да першай катэгорыі помнікаў (помнік зь міжнародным значэньнем). Што менавіта ўвайшло ў межы гэтай каштоўнасьці, пакуль не вядома. Да катэгорыі «1» адносяць найбольш унікальныя гісторыка-культурныя каштоўнасьці, мастацкая, эстэтычная і дакумэнтальная вартасьць якіх мае міжнародны інтарэс і ахоўваецца дзяржавай.

Раней статус першай катэгорыі каштоўнасьцяў у Навагрудку мелі фрагмэнты замку, курган і помнік Адаму Міцкевічу, былая сядзіба Міцкевічаў, Фарны касьцёл, комплекс былога манастыра францысканцаў, комплекс Барысаглебскага манастыра, Міхайлаўскі касьцёл былога дамініканскага манастыра.

Асобныя дамы гістарычнага цэнтру мелі катэгорыю «3», радзей «2». Навагрудак быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

Статус гісторыка-культурных каштоўнасьцяў першай катэгорыі ў Беларусі маюць 55 аб’ектаў архітэктуры. Сярод іх Берасьцейская крэпасьць, гістарычны цэнтар і Стары замак у Горадні, вежавы гадзіньнік горадзенскага Фарнага касьцёла, Лідзкі замак, Верхні замак у Полацку.

Што яшчэ ўлады прызналі гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі

Таксама статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці набылі:

  • касьцёл сьвятога Лаўрэнція 1913 году пабудовы ва Ўшачах (катэгорыя «3», рэгіянальнае значэньне);
  • капліца сьвятога Яна Хрысьціцеля другой паловы XVIII ст. у в. Краснаазёрнае Смаргонскага раёну (катэгорыя «3»);
  • касьцёл сьвятога апостала Андрэя 1908−1914 гг. у Лынтупах Пастаўскага раёну (катэгорыя «2», нацыянальнае значэньне).

Сярод нематэрыяльнай спадчыны статус каштоўнасьці атрымалі культура беларускай дуды на Гомельшчыне (катэгорыя «Б») і тэхналёгія аплятаньня бяростай ганчарнага посуду ў Віцебскай вобласьці (катэгорыя «Б»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG