«Надыходзіць сьвяточны час: Каляды, Новы год. Гэтыя сьвяты багатыя на нашыя беларускія, адметныя традыцыі, і мы хацелі б, каб беларускі і беларусы больш ведалі пра іх, бо сваё, роднае натхняе, дорыць надзею і цяпло. Гэта асабліва каштоўна, калі навокал цёмна, калі часам апускаюцца рукі і зьнікае вера ў свае сілы», — адзначаюць ініцыятары кампаніі.
У рамках кампаніі «Гонар упрыгожвае» яе ініцыятары будуць расказваць пра сьвяточныя адметнасьці Беларусі, «багатай на традыцыі, якія мацуюць нашую незалежную будучыню».
Сачыць за сьвяточным кантэнтам можна ў сацыяльных сетках ініцыятываў:
- «Годна»: TikTok, Instagram, YouTube
- «Сумленныя людзі»: TikTok, Instsgram, YouTube
- «Будзьма»: TikTok, Instagram, Youtube
Так, у сацсетках грамадзкай арганізацыі «Годна» ўжо можна даведацца пра сьвята Калядаў, чаму яны так называюцца і калі іх адзначаюць, пазнаёміцца з куцьцёй, бо гэта ня толькі страва, а цэлы абрад.
Кампанія «Будзьма» распавядзе ня толькі пра гісторыю сьвятаў і іх унікальныя адметнасьці, але і дапаможа ўпрыгожыць «зь беларускай разынкай» дом і ялінку, павіншаваць па-беларуску сяброў і родных.
Таксама ініцыятары кампаніі заклікаюць беларусаў і беларусак па ўсім сьвеце далучацца да кампаніі і «дзяліцца сваімі нагодамі для гонару».
«Гэта можа быць ня толькі наша гісторыя і багатая на здабыткі культура, але і наша сучаснасьць: людзі, кампаніі, падзеі — усё тое, што дапамагае нам ганарыцца тым, што мы, беларусы, эўрапейскі народ!» — тлумачаць арганізатары і прапануюць беларусам разам прыгадаць, «якія мы маем нагоды для нацыянальнага гонару і еднасьці».
Ініцыятыва «Сумленныя людзі» ўжо падрыхтавала шэраг публікацый пра тое, «як шмат насамрэч у беларусаў нагодаў для гонару, якія мы ўнікальныя і самабытныя», адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Каб далучыцца да кампаніі, беларусам прапануюць:
- публікаваць у сваіх сацсетках гісторыі/моманты гонару, выстаўляць свае фота, на якім ёсьць ваш «прадмет» для гонару;
- выкарыстоўваць пры публікацыях адзін з хэштэгаў — #гонарупрыгожвае, #годныябеларусы, #годныябеларускі, #ганарусябыцьбеларусам, #ганарусябыцьбеларускай,
- расказваць іншым пра ініцыятыву «Гонар упрыгожвае».