Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна адправіла ў СМІ два відэа расейскай вайсковай тэхнікі, за што яе абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 арт. 371-1 Крымінальнага кодэксу.
У Берасьцейскім абласным судзе справу разглядаў судзьдзя Андрэй Сіз, пракурорам быў Аляксандар Бацюшка, вядомы па многіх іншых палітычных справах, у тым ліку прадстаўляў абвінавачаньне на судзе над расейскай грамадзянкай Ірынай Вікхольм, якой прысудзілі калёнію.
Кацярына Бруханава зьяўляецца грамадзянкай Ўкраіны, родам з горада Херсону, пісала «Берасьцейская Вясна».
Паводле праваабаронцаў, яна адвучылася ў Кітаі, скончыла там унівэрсытэт у 2015 годзе, а ў 2016 годзе пераехала ў Беларусь. У Беларусі працавала перакладчыцай з кітайскай. На момант прысуду Кацярыне было 29 гадоў.
25 ліпеня 2023 году Бруханаву затрымалі пры пераходзе беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі на праверку тэлефон, яна дала яго разам з паролямі. Беларускія сілавікі знайшлі, што 30 сакавіка 2022 году яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі выданьня «Люстэрка». На відэа было перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі пад Менскам, якое яна зьняла.
За гэтыя два відэа жанчыну затрымалі, зьмясцілі ў СІЗА. Ёй выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), паколькі беларускія ўлады лічаць незалежнае СМІ «Люстэрка» так званым «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Кацярына на судзе свае дзеяньні тлумачыла тым, што спалохалася і раззлавалася, калі ўбачыла шмат тэхнікі з літарамі «Z» і «V». Яна расказала, што ў яе на радзіме гэтыя знакі лічацца варожымі. А ў СМІ адправіла таму, што хацела даведацца, што адбываецца, бо нідзе пра рух такой тэхнікі не пісалі.