Кнігі па-ранейшаму карыстаюцца попытам у жыхароў Беларусі, сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня інстытуту «Палітычная сфэра», якія 18 сьнежня ў Вільні прэзэнтаваў дырэктар гэтай установы Андрэй Казакевіч. Іх прыводзіць выданьне «Позірк».
У онлайн-апытаньні, праведзеным у жніўні 2023 году, узялі ўдзел 1002 паўналетнія жыхары гарадоў з насельніцтвам ад 5 тысяч чалавек.
Згодна з дасьледаваньнем, дастаткова часта чытае кнігі ці праслухоўвае іх аўдыёвэрсіі 48% апытаных (кожны дзень — 15%, некалькі разоў на тыдзень — 21%, хаця б раз на тыдзень — 12%), пэрыядычна — 18% (хаця б раз на два тыдні — 7%, раз на месяц — 11%), вельмі рэдка — 33% (некалькі разоў на год — 16%, ніколі за апошні год — 17%).
Амаль палова апытаных (48%) паведаміла, што чытае ці праслухоўвае 1–5 кніг за год, 6–10 кніг — 15%, 11–15 — 9%, 16–20 — 6%, а пятая частка (22%) — больш за 20 кніг.
У друкаваным выглядзе кнігі чытаюць 69% апытаных, электронным — 49%, слухаюць аўдыёкнігі 34% (на пытаньне можна было даць некалькі адказаў).
Сучасную мастацкую літаратуру за апошні год чыталі ці слухалі 54% удзельнікаў апытаньня, клясычную мастацкую літаратуру — 48%, навукова-папулярную літаратуру па гісторыі — 15%, навуковую і прафэсійную літаратуру — 14%, навукова-папулярную літаратуру пра палітыку, грамадзтва — 12%, навукова-папулярную літаратуру ў прыродазнаўчых і тэхнічных навуках, а таксама падручнікі — па 11%, іншую літаратуру — 19%.
На расейскай мове кнігі чытаюць ці слухаюць 99% апытаных, на беларускай — толькі 14% (больш за астатніх — людзі ва ўзросьце 18–24 гадоў і 55+), ангельскай — 6%, іншых мовах — 1%.
На пытаньне «Позірку», ці зьвязаны разрыў паміж спажыўцамі расейскамоўнай і беларускамоўнай літаратуры з розьніцай у колькасьці кніг, якія выдаюцца на гэтых мовах, Казакевіч адказаў, што «з дасьледаваньня, на жаль, гэтага ня можам зафіксаваць».
«Думаю, тут цэлае кола праблем, — адзначыў ён. — На рынку дамінуе мастацкая літаратура — клясычная і сучасная. Зразумела, што перакладаў на беларускую мову робіцца вельмі мала. У асноўным, калі ты хочаш чытаць клясычную ці сучасную літаратуру, ты мусіш выкарыстоўваць альбо ангельскую, альбо ў беларускім кантэксьце гэта атрымліваецца расейская [мова]».
Паводле сацыёляга Андрэя Казакевіча, гэтую праблему можна разглядаць ня толькі як беларускую. У пэўных сэгмэнтах ангельская мова пачынае выціскаць нацыянальныя мовы, таму што прасьцей знайсьці кнігу новага ці моднага аўтара па-ангельску, а не чакаць, пакуль выйдзе пераклад. «У беларускім кантэксьце ўсё яшчэ горш — пакуль выйдзе пераклад на беларускую мову (калі ўвогуле выйдзе), праходзяць гады, калі не дзесяцігодзьдзі», — дадаў дырэктар «Палітычнай сфэры».