На волю выйшаў палітзьняволены журналіст Генадзь Мажэйка. Інфармацыя пра гэта зьмешчаная на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».
У актуальным пераліку палітычных зьняволеных Мажэйкі няма. У пэрсанальнай карце палітвязьня ў архіве сайту «Вясны» пазначана дата вызваленьня 23 лістапада 2023 году.
Акалічнасьці вызваленьня не называюцца, аднак, паводле разьлікаў сайту «Позірк», ён, хутчэй за ўсё, цалкам адбыў тэрмін пакараньня.
Мажэйка быў прыгавораны Менскім гарадзкім судом 23 сакавіка сёлета да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Яго прызналі вінаватым па арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы) і 368 (абраза прэзыдэнта).
Мажэйка быў ўключаны ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Паводле матэрыялаў справы, пасьля падзеяў 2020 году журналіст нібыта апублікаваў у інтэрнэце «нэгатыўныя, непрыстойныя, недапушчальныя» камэнтарыі на адрас Аляксандра Лукашэнкі.
Аб затрыманьні журналіста стала вядома 2 кастрычніка 2021 году.
Мажэйка — аўтар інтэрвію у «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» з аднаклясьніцай менскага IT-спэцыяліста Андрэя Зэльцэра, які 28 верасьня 2021-га застрэліў супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, які ўварваўся ў яго кватэру ў складзе групы захопу, і сам загінуў у выніку страляніны ў адказ.
Праўладныя СМІ раскрытыкавалі гэтую публікацыю. Нататка была апэратыўна адрэдагаваная, а затым выдаленая з сайту газэты.
Нягледзячы на гэта, на наступную раніцу сайт kp. by заблякавалі рашэньнем Міністэрства інфармацыі Беларусі. Газэту адразу перасталі прадаваць гандлёвыя пункты, зь якімі былі заключаны дамовы. Празь некалькі дзён было заяўлена аб спыненьні выпуску гэтага выданьня.
Паводле даных на верасень 2023 году, праваабаронцам былі вядомыя прозьвішчы 124 асуджаных па «справе Зэльцэра», абсалютная большасьць з якіх прыгаворана да пазбаўленьня волі.
Паводле стану на сьнежань 2023 году ў няволі ў Беларусі застаюцца 32 супрацоўнікі СМІ.
- Беларусь уваходзіць у тройку краін з найбольшай колькасьцю зьняволеных журналістаў, вынікае з штогадовай справаздачы арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў».
- Паводле зьвестак арганізацыі, у няволі ў Кітаі, М'янме, Беларусі і Віетнаме знаходзіцца больш за палову журналістаў сьвету.
- У турме за сваю дзейнасьць цяпер знаходзіцца 521 журналіст, падлічылі аўтары дакладу.
- Больш за ўсё зьняволеных у Кітаі (121) і Мʼянме (68).
- У Беларусі з улікам тых, хто вызваліўся з калёніі, – 39 журналістаў (32 яшчэ ў зьняволеньні), гэта на сем чалавек больш, чым у 2022 годзе.