Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны правёў першыя сустрэчы ў Вашынгтоне, чакаюць яго сустрэчы з Байдэнам


Уладзімір Зяленскі ў часе выступу перад амэрыканскай вайсковай элітай ва Ўнівэрсытэце нацыянальнай абароны (NDU), 11 сьнежня 2023
Уладзімір Зяленскі ў часе выступу перад амэрыканскай вайсковай элітай ва Ўнівэрсытэце нацыянальнай абароны (NDU), 11 сьнежня 2023

Украіна з 24 лютага 2022 году атрымала вайсковую дапамогу заходніх краін на суму больш за 80 мільярдаў даляраў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыляцеў у Вашынгтон (ЗША) з двухдзённым візытам. 11 сьнежня ён сустрэўся зь міністрам абароны ЗША Лойдам Остынам і выступіў перад амэрыканскай вайсковай элітай ва Ўнівэрсытэце нацыянальнай абароны (NDU).

Як паведаміў «Голос Америки», кіраўнік Пэнтагону, вітаючы Ўладзіміра Зяленскага, заявіў, што падтрымка Ўкраіны застаецца для ЗША непахіснай.

«Амэрыка будзе ў большай бясьпецы, калі мы зробім так, каб патэнцыйныя агрэсары па ўсім сьвеце зразумелі, што яны ня маюць права вырашаць, якім краінам жыць, а якім паміраць. Нягледзячы на свае злачынствы і ізаляцыю, Пуцін усё яшчэ верыць, што ён зможа перажыць Украіну і Амэрыку. Але ён памыляецца», — заявіў Лойд Остын.

Міністар абароны ЗША нагадаў, што ЗША выдзелілі больш за 44 мільярды даляраў на дапамогу Ўкраіне і «разам з прэзыдэнтам Зяленскім і ягонай камандай» згуртавалі гістарычную кааліцыю з 50 хаўрусьнікаў і партнэраў, якія перадалі Ўкраіне дапамогу ў галіне бясьпекі на больш як 37 мільярдаў даляраў.

У сваю чаргу Ўладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што ЗША могуць разьлічваць на Ўкраіну як партнэра ў барацьбе супраць расейскай агрэсіі.

«Украіна не здалася і ня здасца, мы ведаем, што рабіць. Пуцін павінен прайграць. Зараз ягоная зброя супраць вас — гэта прапаганда і дэзынфармацыя. Але калі ён атрымае шанц, ён пойдзе далей», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны паведаміў, што ўкраінскае войска вызваліла палову тэрыторыі, якую Расея захапіла пасьля 24 лютага 2022 году. Ён падзякаваў ЗША за дапамогу, якая дапамагае абараняць цывільнае насельніцтва ад ракетных удараў.

«Амэрыка і ўсе свабодныя краіны павінны быць упэўненыя ў сабе, у сваіх моцных баках, у сваім лідэрстве, каб дыктатуры сумняваліся ў сабе... Калі свабодны сьвет вагаецца, дыктатуры перамагаюць. Кожны з вас разумее, што азначае для жаўнера чакаць боепрыпасаў тыднямі, ня ведаючы, ці будзе ўвогуле падтрымка, калі замест таго, каб рухацца ўперад, вы проста назіраеце, чакаючы бронетэхніку ці абсталяваньне, у той час ваш вораг задаволены і рыхтуецца да нападу», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

12 сьнежня Ўладзімір Зяленскі правядзе сустрэчы ў Кангрэсе і перамовы ў Белым доме з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG