Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У анкахворага палітвязьня прагрэсуе хвароба, ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмнай лякарні


Павал Кучынскі. Фота з сайту Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Павал Кучынскі. Фота з сайту Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Палітзьняволены маладзечанец Павал Кучынскі мае першую групу інваліднасьці — у яго лімфома Ходжкіна чацьвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворваньне, яго ўтрымліваюць у зьняволеньні ўжо амаль два гады.

Замест калёніі Паўла Кучынскага накіравалі ў рэспубліканскую лякарню для зьняволеных у Калядзічах, дзе палітвязень праходзіць курс хіміятэрапіі. Але лекаваньне не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе. Пасьля абсьледаваньняў курс лекаваньня мяняюць, але палітвязьню не становіцца лепш. Таксама ў яго была кансультацыя зь лекарамі наконт перасадкі касьцявога мозга, але праз зьняволеньне і ўмовы ўтрыманьня зрабіць гэта немагчыма, паведамляе «Вясна».

У рэспубліканскай лякарні для зьняволеных у Калядзічах хворыя знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камэрах, якія перабудавалі для мэдыцынскіх патрэбаў.

Вядома, што Павел праз калёнію спрабаваў перадаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Палітвязьня нават перавялі дзеля гэтага ў калёнію на некалькі дзён, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў лякарню, хлопцу вярнулі паперу з прашэньнем.

  • Павал Кучынскі — каталіцкі вернік, скончыў факультэт радыётэхнікі і нанатэхналёгіяў БДУІР, працаваў на «Інтэграле» ў Менску.
  • Паўла затрымалі 26 студзеня 2022 году. Спачатку родным казалі, што яго затрымалі на трое сутак, а пасьля высьветлілася, што яго будуць трымаць пад вартай да суда.
  • Дыягназ «лімфома Ходжкіна чацьвёртай стадыі» палітвязьню паставілі ў сакавіку 2021 году, яшчэ да затрыманьня, і родныя езьдзілі ў Бараўляны за паперамі, што яму неабходна лекаваньне, пастаянныя абсьледаваньні і яго нельга трымаць у такіх умовах, пісалі ў пракуратуру і адміністрацыю Лукашэнкі — але нічога не дапамагло.
  • Сваякам удалося дамагчыся, каб Паўла звазілі ў Бараўляны на абсьледаваньні, па выніках якога стала вядома, што стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс. Калі маці прывезла вынікі абсьледаваньня сьледчай з просьбай дапамагчы, тая сказала, што ён нібыта ня скардзіцца і што родныя «гэтымі дзеяньнямі затрымліваюць працэс».
  • У выніку Паўлу выставілі абвінавачваньне паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу за камэнтары ў інтэрнэце. Суд над ім у праходзіў у закрытым рэжыме, судзьдзя Канстанцін Калядаў прысудзіў Кучынскаму пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • У ліпені 2022 году, падчас мэдыка-рэабілітацыйнай экспэртнай камісіі, Паўлу паставілі першую групу інваліднасьці — да гэтага ў яго была інваліднасьць другой групы.
  • 2 верасьня ў Менскім абласным судзе разгледзелі апэляцыйную скаргу палітвязьня, па выніках якой яму скарацілі тэрмін усяго на тры месяцы — зь 5 гадоў зьняволеньня да 4 гадоў і 9 месяцаў. Але пры гэтым дадалі штраф у памеры 120 базавых велічыняў (3 840 рублёў).
  • Палітвязьня мусілі накіраваць у папраўчую калёнію ва ўмовах узмоцненага рэжыму, але праз анкалягічнае захворваньне зьмясьцілі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG