Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна як спосаб існаваньня дыктатуры. Што будзе зь Беларусьсю, калі Пуцін ня спыніцца на Ўкраіне


Нікалас Мадура, Уладзімір Пуцін, Садам Хусэйн. Каляж
Нікалас Мадура, Уладзімір Пуцін, Садам Хусэйн. Каляж

Пасьля Украіны Крэмль можа распачаць новую агрэсію. Чаму дыктатары не спыняюцца, пакуль іх цалкам не разграмілі.

Сьцісла:

  • Пуцін ня спыніцца на Ўкраіне — калі толькі не пацярпіць поўнага разгрому.
  • Крэмль рыхтуецца да зацяжной вайны: ваенныя выдаткі ў 2024 годзе ўпершыню за многія гады перавысяць выдаткі сацыяльныя і складуць прыблізна траціну ўсяго бюджэту.
  • Пасьля няўдалай вайны патрэба ў новай «маленькай пераможнай вайне» ў дыктатараў звычайна ня толькі ня слабне, а хутчэй нават узрастае.
  • У пераліку патэнцыйных ахвяраў расейскага агрэсара сёньняшняя Беларусь не на першым месцы.

Усё больш відавочна, што ва Ўкраіне ні пераканаўчай перамогі Пуціна, ні ягонай жа разгромнай паразы не прадбачыцца. Зацяжная пазыцыйная вайна, стратэгічны тупік, шматмесячныя (а можа, і шматгадовыя) узаемныя абстрэлы і бамбаваньні, «мясныя штурмы» зь нязначнымі пасоўваньнямі наперад на некалькі кілямэтраў то ў адзін, то ў другі бок — вось відавочная пэрспэктыва вайны. Ці азначае гэта, што Крэмль, не дасягнуўшы жаданага, празь нейкі час адступіцца, адмовіцца ад ранейшай агрэсіўнай палітыкі і адпаўзе, залізваючы раны?

У акопах на Данбасе. Архіўнае фота
У акопах на Данбасе. Архіўнае фота

Гісторыя сьведчыць, што, аднойчы стаўшы на такі шлях, ваяўнічы дыктатар ужо рэдка саступае зь яго — нават калі ягоныя «спэцыяльныя ваенныя апэрацыі» не суправаджаюцца гучнымі перамогамі. За адной ахвярай агрэсіі з высокай доляй верагоднасьці можа дайсьці чарга да другой.

Мілітарызацыя Расеі: траціна бюджэту — на вайну

У Пуціна на працягу 23 гадоў ягонага кіраваньня былі чатыры значныя ўсплёскі папулярнасьці — і ўсе яны так ці інакш зьвязаныя з ваеннымі канфліктамі — то з Чачэніяй, то з Грузіяй, то потым двойчы — з Украінай. Рэзкія скачкі рэйтынгаў адразу пасьля таго, як Пуцін пачынаў ваенныя паходы супраць ворагаў, былі вельмі істотнымі — часам перавышалі 20 працэнтаў. Як жа можна адмовіцца ад такога эфэктыўнага і хуткага спосабу ўмацаваньня ўласнай улады!

Крэмль сёньня яўна арыентуецца на тое, што вайна ў наступныя гады будзе працягвацца. Той бюджэт на 2024 год, які быў прыняты нядаўна расейскай Дзярждумай — гэта бюджэт вайны: ваенныя выдаткі ўпершыню за многія гады перавысяць выдаткі сацыяльныя і складуць прыблізна траціну ўсяго бюджэту. Прычым асыгнаваньні на абарону ў 2024 годзе ў параўнаньні з папярэднім годам павінны вырасьці на 68 працэнтаў.

Падпалены ваенкамат у Кемерава ў Расеі
Падпалены ваенкамат у Кемерава ў Расеі

Мілітарызацыя эканомікі адбываецца шпаркімі тэмпамі: шматлікія ваенныя заводы працуюць у тры зьмены, выпуск зброі і амуніцыі няспынна павялічваецца. Адначасова Пуцін днямі выдаў указ, у адпаведнасьці зь якім расейская армія павінна ў найбліжэйшы час вырасьці на 137 тысяч вайскоўцаў. У Дзярждуме ўсё больш настойліва гучаць прапановы ўдвая падвысіць тэрмін абавязковай тэрміновай службы ў войску. Усё гэта — выразныя індыкатары таго, што ў Крамлі рыхтуюцца да працяглай вайны.

Усё гэта схіляе да думкі, што Пуцін ня спыніцца — калі толькі не пацярпіць поўнага разгрому. Бо якія ў яго матывы, каб спыняцца?

Будзе ў «паслужным сьпісе» адна толькі Ўкраіна ці дабавяцца яшчэ некалькі невялікіх краін — на ягоную рэпутацыю (і без таго безнадзейна сапсаваную) надта не паўплывае. Адказнасьць за агрэсію і так надышла, і прыдумаць нейкія новыя балючыя санкцыі (у дадатак да тых, што і так ужо дзейнічаюць) Захад наўрад ці здолее.

А для грамадзкай думкі ўнутры краіны — фактар істотны: ва Ўкраіне ня надта атрымалася, затое вярнулі «ва ўлоньне імпэрыі» Малдову (ці Грузію, ці Беларусь — сьпіс можна працягваць).

Хто стане наступнай ахвярай расейскай агрэсіі?

Увогуле, патэнцыйная небясьпека навісае сёньня над усімі краінамі і народамі, якія ў свой час вымушаныя былі мірыцца са сваім паднявольным знаходжаньнем у складзе Расейскай імпэрыі. Каб уявіць, якія рэгіёны Паўночнай і Ўсходняй Эўропы, Закаўказьзя і Цэнтральнай Азіі знаходзяцца ў зоне найбольшай рызыкі, дастаткова зірнуць на мапу Расейскай імпэрыі канца ХІХ стагодзьдзя. Хэльсынкі, Талін, Рыга, Вільня, Менск, Варшава, Лодзь, Кіеў, Кішынёў, Тбілісі, Карс, Ерэван, Баку — усё гэта былі правінцыйныя гарады на ўскраінах імпэрыі. А, паводле выслоўя тагачаснага расейскага імпэратара Мікалая І, якое любяць цытаваць сёньняшнія крамлёўскія гаспадары (яно нават уключана ў расейскія школьныя падручнікі гісторыі): «Там, дзе аднойчы быў падняты расейскі сьцяг, ён ужо спускацца не павінен».

Расейскі сьцяг і герб
Расейскі сьцяг і герб

Найбольш трывожна вымушаны пачувацца сёньня невялікія постсавецкія дзяржавы, якія, адрозна ад Украіны, ня здольныя на самастойны працяглы супраціў верагоднай расейскай агрэсіі. У адрас асобных зь іх з Крамля гучаць малапрыхаваныя пагрозы і намёкі. Напрыклад, міністар замежных спраў РФ Лаўроў, выказваючы нядаўна незадаволенасьць тым, што Кішынёў пры падтрымцы Захаду не пагаджаецца на «фэдэралізацыю» Малдовы і надзяленьне асаблівымі правамі Прыднястроўя (сэпаратысцкага падкантрольнага Маскве рэгіёну на левым беразе Днястра) адкрыта прыгразіў, што Малдове «падрыхтаваная доля наступнай ахвяры ў разьвязанай Захадам гібрыднай вайне супраць Расеі» (з выступу на нарадзе міністраў замежных спраў краін АБСЭ ў Скоп’і 30 лістапада).

Сяргей Лаўроў у Скоп'і, 1 сьнежня 2023 году
Сяргей Лаўроў у Скоп'і, 1 сьнежня 2023 году

А з вуснаў Пуціна 4-га сьнежня прагучалі празрыстыя пагрозы ў адрас Латвіі:

«Я ня ведаю, колькі цяпер, але калісьці ў Латвіі было 40% расейскамоўнага насельніцтва. Напэўна, і сёньня нямала. Калі яны будуць праводзіць такую палітыку ў дачыненьні да людзей, якія хацелі жыць у гэтай краіне, працуюць там, стваралі нейкія даброты для гэтай краіны, і зь імі будуць так па-сьвінску абыходзіцца, то яны самі з такім сьвінствам і сутыкнуцца ў адказ — унутры сваёй краіны».

Ён жа 28 лістапада, выступаючы перад дзеячамі «Расейскага народнага сабору» і разважаючы пра будучыню «русского мира», яшчэ раз пацьвердзіў, што ні ўкраінцаў, ні беларусаў па-ранейшаму не прызнае асобнымі народамі:

«Здавалася б, столькі гадоў мінула, але людзі ўсіх нацыянальнасьцяў, нават тыя, якія нарадзіліся ўжо ў ХХІ стагодзьдзі, да гэтай пары, нават празь дзесяцігодзьдзі расплачваюцца за дапушчаныя тады пралікі, за патураньне сэпаратысцкім ілюзіям і амбіцыям, за слабасьць цэнтральнай улады, за палітыку штучнага гвалтоўнага падзелу вялікай рускай нацыі, трыадзінага народу — расейцаў, беларусаў і ўкраінцаў».

Уладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл
Уладзімір Пуцін і патрыярх Кірыл

«Няспынна павялічваецца і зьбірае землі»

Пуцін даўно і мэтанакіравана рыхтаваўся да агрэсіі, хоць раней шмат каму ў гэта цяжка было паверыць. Сёньня па-новаму ўспрымаецца, напрыклад, праграмны артыкул колішняга пуцінскага памочніка Ўладзіслава Суркова, які да 2020 году лічыўся адным з галоўных крамлёўскіх ідэолягаў. У сваім артыкуле «Доўгая дзяржава Пуціна» (11 лютага 2019 г.) ён апісаў тую парадыгму, па якой і сёньня пасьлядоўна рухаецца пуцінская Расея:

«Немагчымы, ненатуральны і контрагістарычны распад Расеі быў, хай і запозьнена, але цьвёрда спынены. Абрынуўшыся з узроўню СССР да ўзроўню РФ, Расея разбурацца перастала, пачала аднаўляцца і вярнулася да свайго натуральнага і адзіна магчымага стану вялікай супольнасьці народаў, якая няспынна павялічваецца і зьбірае землі».

Уладзіслаў Суркоў
Уладзіслаў Суркоў

Гэтае «няспыннае павелічэньне» і «зьбіраньне земляў», паводле Суркова, павінна суправаджацца ўсталяваньнем жорсткага вайскова-паліцэйскага рэжыму: «Высокае ўнутранае напружаньне, зьвязанае з утрыманьнем вялізных неаднародных прастораў, і пастаяннае знаходжаньне ў гушчыні геапалітычнай барацьбы робяць вайскова-паліцэйскія функцыі дзяржавы найважнейшымі і вырашальнымі».

У 2019 годзе ў тады яшчэ параўнальна лібэральнай Расеі гэтыя сьцьвярджэньні выглядалі згушчэньнем фарбаў, перабольшаньнем: існавалі незалежныя СМІ і грамадзкія арганізацыі, параўнальна свабодна можна было выказвацца ў сацыяльных сетках, дзейнічалі апазыцыйныя партыі. У 2022-2023 гадах ад гэтага не засталося і сьледу: можна толькі зьдзіўляцца, наколькі дакладна рэалізаваныя ўсе тыя пастуляты, пра якія пісаў Суркоў чатыры гады таму.

Дзе дыктатура, там вайна

Вельмі празрыстыя аналёгіі з тым, што адбываецца сёньня на расейска-ўкраінскім фронце, — васьмігадовая ірана-ірацкая вайна ў 80-я гады мінулага стагодзьдзя. Сотні тысяч загінулых з абодвух бакоў, пераменны посьпех то адных, то другіх, паступовае ператварэньне вайны ў пазыцыйную. А ўрэшце, пасьля некалькіх гадоў бясплённых спробаў дамагчыся перавагі, — змушанае замірэньне ў жніўні 1988 году. Вынік: Ірак, які ў верасьні 1980 году першы, без абвяшчэньня вайны ўварваўся на тэрыторыю суседа, так і ня здолеў анэксаваць багатую на нафту іранскую правінцыю Хузэстан (зь вялікай доляй арабскага насельніцтва). А Іран ня змог зрынуць варожы для сябе рэжым Садама Хусэйна, зь якім супернічаў за лідэрства ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі. Вайна, па сутнасьці, скончылася безвынікова: status quo захаваўся, спрэчныя межы засталіся на ранейшым месцы.

Ірана-ірацкая вайна — узброены канфлікт паміж Ісламскай Рэспублікай Іран і Рэспублікай Ірак, які доўжыўся зь верасьня 1980 па жнівень 1988 года, што робіць яе самай працяглай вайной 20-га стагоддзя. Магілы забітых на гэтай вайне іранцаў
Ірана-ірацкая вайна — узброены канфлікт паміж Ісламскай Рэспублікай Іран і Рэспублікай Ірак, які доўжыўся зь верасьня 1980 па жнівень 1988 года, што робіць яе самай працяглай вайной 20-га стагоддзя. Магілы забітых на гэтай вайне іранцаў

Здавалася б, пасьля васьмі гадоў цяжкой і бясплённай вайны, якая каштавала столькі людзкіх і матэрыяльных стратаў, агрэсіўныя памкненьні Садама Хусэйна аслабнуць. Выявілася, наадварот. Усяго праз два гады — 2 жніўня 1990-га — ірацкая армія ўварвалася ў маленькі суседні Кувэйт і імкліва акупавала яго. Ужо празь некалькі дзён Садам Хусэйн з выглядам заваёўніка-трыюмфатара пад узьнёслыя воклічы ахопленага эўфарыяй натоўпу абвясьціў, што Кувэйт становіцца 19-й правінцыяй Іраку.

Падпалены іракскі танк падчас апэрацыі «Бура ў пустыні», люты 1991 года
Падпалены іракскі танк падчас апэрацыі «Бура ў пустыні», люты 1991 года

Высьветлілася, што ў рэжыма-агрэсара пасьля няўдалай вайны патрэба ў «маленькай пераможнай вайне» ня толькі не аслабла, а хутчэй узрасла. Што яшчэ здольна так згуртаваць нацыю вакол правадыра, асабліва калі даймаюць унутраныя эканамічныя праблемы і насьпявае патрэба неяк патлумачыць людзям, дзеля чаго былі патрэбны ўсе папярэднія ахвяры. Апроч таго, пасьля папярэдняй няўдалай вайны засталіся вялізная армія, маштабныя арсэналы, мілітарызаваная эканоміка. Усё гэта дадавала дыктатару ўпэўненасьці ў тым, што агрэсія супраць слабога суперніка будзе імклівай і пасьпяховай. І ў выпадку з Кувэйтам гэта цалкам спрацавала. Іншая справа, што атрымліваць асалоду ад лёгкай перамогі рэжыму Хусэйна наканавана было зусім нядоўга: ужо праз паўгода, у студзені-лютым 1991-га, у выніку праведзенай ЗША і іхнымі саюзьнікамі апэрацыі «Бура ў пустыні» ірацкая армія была цалкам разгромлена, а Кувэйт вызвалены ад акупантаў.

Пуцінскі сцэнар для Вэнэсуэлы

Нешта падобнае ўражаны сьвет назірае сёньня ў Вэнэсуэле, дзе аўтарытарны прэзыдэнт Нікалас Мадура ініцыяваў рэфэрэндум, у выніку якога абвесьціў большую частку тэрыторыі суседняй Гаяны 24-м вэнэсуэльскім штатам. Вэнэсуэльскае грамадзтва, апанаванае шавіністычным чадам, з энтузіязмам падтрымала экспансіянісцкія лёзунгі свайго лідэра: каля 95 працэнтаў выказаліся за тое, каб адрэзаць ад суседзяў багатыя нафтай тэрыторыі. Мэта Мадуры — тыя ж, што былі ў Садама Хусэйна, які ў 1990-м анэксаваў Кувэйт, ці ў Пуціна, які ў 2014-м анэксаваў Крым: умацаваць уласную аднаасобную ўладу, падняць рэйтынг, нанесьці ўдар па палітычных суперніках, згуртаваць грамадзтва вакол лёзунгу «вялікай Вэнэсуэлы» (ці «вялікага Іраку», «вялікай Расеі»).

Нікалас Мадура
Нікалас Мадура

Чым гэта ўрэшце можа скончыцца для Вэнэсуэлы і яе народу? Зь вялікай верагоднасьцю — узброеным канфліктам альбо вайной, далейшым эканамічным заняпадам, галечай значнай колькасьці насельніцтва, імаверным умяшаньнем у канфлікт вялікіх дзяржаў, а ўрэшце — зусім магчымымі наступнымі ўнутранымі палітычнымі ўзрушэньнямі, у выніку якіх давядзецца думаць не пра анэксію чужых земляў, а пра тое, як захаваць цэласнасьць уласнай краіны. Прынамсі, у Іраку ўрэшце здарылася менавіта так.

Сіла, здольная спыніць Пуціна

Сёньня мала хто сумняваецца: Пуцін ня спыніцца на Ўкраіне, калі яму там будзе спадарожнічаць посьпех. І нават калі ніякай пераканаўчай перамогі ня будзе, а агрэсія замрэ на той лініі фронту, якая склалася на гэты момант, таксама наўрад ці спыніцца. Дыктатура Пуціна ўвайшла ў тую стадыю, калі ягоны добраахвотны адыход ад улады ўжо немагчымы, а спосабаў як мага даўжэй заставацца ў вачах уласнага насельніцтва героем і збаўцам ня так шмат. І галоўны зь іх — вайна.

У пераліку патэнцыйных ахвяраў агрэсара сёньняшняя Беларусь далёка не на першым месцы. Паслухмяны і цалкам падкантрольны Крамлю рэжым Лукашэнкі — у пэўным сэнсе ўзор, паводле якога, пэўна, Масква была б ня супраць аднавіць сваю сфэру дамінаваньня ва Ўсходняй Эўропе. Куды большая небясьпека навісае над тымі невялікімі краінамі, якія адважваюцца пярэчыць Маскве і падтрымліваць Украіну, якія сталі (альбо імкнуцца стаць) часткай Захаду — найперш над Малдовай, краінамі Балтыі і постсавецкім Паўднёвым Каўказам.

Мішэнь з партрэтам Пуціна ў акопе украінскіх салдат. Архіўнае фота
Мішэнь з партрэтам Пуціна ў акопе украінскіх салдат. Архіўнае фота

Зрэшты, ёсьць істотныя чыньнікі, здольныя спыніць Пуціна незалежна ад таго, хоча ён гэтага ці не. Войны становяцца немагчымымі тады, калі няма чым і няма каму ваяваць. У кожнай зацяжной і беспасьпяховай вайне непазьбежна надыходзіць момант, калі грамадзкае стаўленьне да яе зьмяняецца: на зьмену колішняй мілітарысцкай эўфарыі прыходзяць стомленасьць, расчараваньне і раздражненьне. Паводле апошняга апытаньня сацыёлягаў «Левада-цэнтру», галоўнае пытаньне, якое хацелі б задаць грамадзяне Расеі свайму прэзыдэнту падчас «прамой лініі», якая адбудзецца празь некалькі дзён: «Калі скончыцца вайна?». І гэта, магчыма, галоўная крыніца надзеі на тое, што сіла, здольная спыніць Пуціна, усё ж застаецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG