Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засакрэчаная гісторыя. Што напалохала ўладу ў даўняй прамове


Аляксандар Лукашэнка прыносіць прысягу прэзыдэнта на Канстытуцыі з Пагоняй пад бел-чырвона-белым сьцягам, 20 ліпеня 1994 г.
Аляксандар Лукашэнка прыносіць прысягу прэзыдэнта на Канстытуцыі з Пагоняй пад бел-чырвона-белым сьцягам, 20 ліпеня 1994 г.

Днямі кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка на пасяджэньні «Рэспубліканскага савету ў гістарычнай палітыцы» заявіў, што выданьні, якія абвяшчаюцца экстрэмісцкімі, «фізычна не зьнішчаюць». Гэта значыць ня спальваюць і не выкідваюць у макулятуру, а перамяшчаюць у «спэцхран».

З чаго раптам Сергеенка пачаў апраўдвацца і рабіць акцэнт на тым, што кнігі нібыта ніхто ня паліць? У яго пыталіся пра гэта? Ці ён захацеў апрыёры апраўдацца ў тым, у чым могуць абвінаваціць? Але навошта высокапастаўленаму чыноўніку апраўдвацца, калі і непараўнальна ніжэйшыя службоўцы ня бачаць неабходнасьці неяк тлумачыць перад грамадзтвам свае дзеяньні?

Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка
Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка

Як выпускнік гістарычнага факультэту Белдзяржунівэрсытэту і ў свой час супрацоўнік катэдры гісторыі Віцебскага мэдынстытуту (і, паводле колішніх калег, неблагі выкладчык), Ігар Сергеенка разумее, што з гісторыі немагчыма нічога выкрасьліць і ад гісторыкаў немагчыма нічога схаваць. Нават калі спаліць дакумэнты і кнігі, застаецца народная памяць. Не праз 30, дык праз 300 гадоў праўда выплыве на паверхню.

Але дзесяцігодзьдзі працы ў ведамстве, якое спрэс складаецца з сакрэтаў, не маглі не накласьці свой адбітак і як генэрал КДБ Сергеенка ведае, што на пэўны час утойваньне інфармацыі можа быць дзейсным сродкам маніпуляцыі масавай сьвядомасьцю.

Гісторык Яўген Красулін выказаў думку, што палітыка ўлады ў сфэры адукацыі і культуры мае на мэце «адбіць у беларусаў усю памяць пра тое, што мы існавалі асобна ад Расеі, мы можам існаваць асобна ад Расеі і мы жадаем існаваць асобна ад яе».

Бясспрэчна, што абвяшчэньне экстрэмісцкімі выданьняў (асабліва тых, дзе праўдзіва асьветлена гісторыя Беларусі) зьяўляецца інструмэнтам гэтай палітыкі. Аднак вымаюцца з адкрытых фондаў і пераводзяцца ў «спэцхран» і выданьні, якія маюць дачыненьне і да падзеяў, большасьць удзельнікаў якіх яшчэ жывыя. Мала таго — жывуць мільёны сьведак гэтых падзеяў.

Сярод гэтых выданьняў ёсьць зусім нечаканыя.

Сакрэтная стэнаграма

Нядаўна атрымаў ад аднаго знаёмага паведамленьне, што яму так і не ўдалося знайсьці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі стэнаграму паседжаньняў нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, якая адбылася 20 ліпеня 1994 году. Гэта зьдзівіла, бо ў 2018-м я бачыў тую стэнаграму ў бібліятэчным каталёгу.

Цяпер жа стэнаграмы іншых сэсій у адкрытым доступе засталіся, а вось гэтай — няма. Хаця, здаецца, мусіла б быць наадварот: гэта стэнаграмы іншых сэсій, якія часам цягнуліся месяцамі, маглі б быць недаступныя. А гэтую, нечарговаю, якая прайшла за некалькі гадзін, варта было б аддрукаваць як мага большым накладам — каб хапіла для кожнага настаўніка гісторыі, кожнага ідэоляга, ня кажучы ўжо пра кожнага дзяржаўнага прапагандыста.

Бо якраз з гэтага дня — 20 ліпеня 1994-га — і вядуць прапагандысты і ідэолягі адлік сапраўднай (як яны сьцьвярджаюць) беларускай дзяржаўнасьці — як у свой час са стрэлу «Аўроры» па Зімнім палацы адлічвалі «эру сацыялізму» ў СССР. Менавіта на той самай нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету прынёс Аляксандар Лукашэнка прысягу ў якасьці першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Уласна, для інаўгурацыі прэзыдэнта сэсія і зьбіралася.

Калі вы думаеце, што ўлады не пажадалі, каб чытачы ўбачылі, пад якім сьцягам прыносіў Лукашэнка прысягу (пад бел-чырвона-белым) і які герб упрыгожваў вокладку Канстытуцыі, на якую Лукашэнка паклаў руку (Пагоня), памыляецеся. Стэнаграмы сэсій выходзілі бяз фотаілюстрацый, там толькі тэкст.

Друкаваліся стэнаграмы, між іншым, накладам ня больш чым 500 асобнікаў, на звычайнай «газэтнай» паперы, якая за тры дзесяцігодзьдзі пажаўцела і зрабілася крохкай. Можна было б падумаць, што такі бясцэнны экзэмпляр вырашылі зьберагчы для нашчадкаў і не выдаваць абы-каму, але тады б яго замянілі копіяй ці мікрафільмам.

Што ж магло не спадабацца ў стэнаграме сэсіі, якая ішла ў жывой тэле- і радыётрансьляцыі і якую слухалі і глядзелі, безь перабольшваньня, мільёны беларусаў? Чаму яе перамясьцілі ў «спэцхран»?

Да чаго заклікаў Лукашэнка

Цалкам магчыма, што ідэолягі не жадаюць, каб былі апублікаваныя цытаты з прамовы Зянона Пазьняка, які ў сваім выступе нагадаў Лукашэнку пра ягонае абяцаньне змагацца з карупцыяй і выказаў надзею, што зьвязаныя з сумнеўнымі гешэфтамі асобы з атачэньня былога прэм’ера Вячаслава Кебіча нарэшце будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Як вядома, адказнасьці ніхто не панёс, а некаторыя пэрсанажы з «антыкарупцыйнага» даклада Лукашэнкі занялі важныя пасады ў прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Зянон Пазьняк у Авальнай залі
Зянон Пазьняк у Авальнай залі

Здавалася б, справа даўняя, цікавая толькі для гісторыкаў, але нядаўні выступ аднаго з кіраўнікоў МУС з пагрозай «дайсьці да кожнага» карупцыянэра актуалізуе тэму: трыццаць гадоў «ідуць» і ўсё ніяк ня могуць дайсьці. Можа, ідуць не туды? Ці ня там шукаюць?

Ня выключана, што прычынай магло быць адно непажаданае імя. Пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі Вярхоўны Савет, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, зацьвердзіў прапанаваных прэзыдэнтам кіраўнікоў ураду і ключавых міністраў. Быў сярод іх і міністар унутраных спраў. На гэтую пасаду Лукашэнка вылучыў свайго былога паплечніка па «антыкарупцыйнай камісіі» палкоўніка Юрыя Захаранку — зразумела, зь меркаваньняў прафэсіяналізму і высокіх маральных якасьцяў.

Міністар ўнутраных спраў Юры Захаранка
Міністар ўнутраных спраў Юры Захаранка

Лёс Юрыя Захаранкі склаўся, як вядома, трагічна. На перакананьне незалежных расьсьледнікаў, ня без уплыву самога Лукашэнкі.

Нарэшце, прычынай можа быць і зьмест інаўгурацыйнай прамовы галоўнага героя сэсіі. Пад той прамовай, здаецца, мог бы падпісацца кожны, хто ў той момант знаходзіўся ў Авальнай залі. І хіба кожны зь мільёнаў беларусаў, якія слухалі яе праз трансьляцыю.

Бо галоўнай тэмай інаўгурацыйнага выступу, яго ідэйным стрыжнем быў заклік да стану грамадзтва, якое можна вызначыць даволі вялікім сэнсавым і сынанімічным шэрагам.

А менавіта: узаемная згода, кампраміс, цярпімасьць, узаемаразуменьне, талерантнасьць, грамадзянскі мір.

У сёньняшняй Беларусі з вуснаў Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў гэтыя словы практычна не гучаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG