Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верталёт, тэлефон і каб тата хутчэй вярнуўся дахаты. Якіх падарункаў чакаюць дзеці палітвязьняў на Каляды


Справа Андрэй Стрыжак. Каляж
Справа Андрэй Стрыжак. Каляж

У Беларусі амаль паўтары тысячы палітвязьняў. Паводле іншых падлікаў, іх можа быць нашмат больш. Фонд BySol сабраў больш за 22 тысячы эўра на каляднай акцыі «Трэба цуды? Зробім цуды!». Гэтыя грошы пойдуць на падарункі дзецям, у якіх хтосьці з бацькоў за кратамі.

BySol агулам правёў ужо каля 10 кампаніяў збору грошай для дзяцей палітвязьняў. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак кажа, што калядны збор для дзяцей перавысіў 22 тысячы эўра, і грошы працягваюць зьбіраць. Заявак на атрыманьне дапамогі паступіла больш за 200. Гэта трэці калядны збор на дзяцей. Яшчэ Фонд зьбірае грошы для дзяцей традыцыйна перад пачаткам летніх вакацыяў і на «сшыткі» — перад новым навучальным годам.

«Адрасаты нашай дапамогі — і тыя, хто ў Беларусі, такіх пераважная большасьць, і тыя, хто вымушаны быў зьехаць з краіны. Нам пішуць, што сваякі часта кажуць дзецям, быццам гэтыя падарункі ад таты ці мамы, якія сядзяць у турме. Часам дзеці самі вырашаюць, што гэта мама ці тата перадалі. Бо дзеці любяць марыць. Некаторым дзецям бацькі кажуць, што гэта, умоўна кажучы, „злосны Лукашэнка схаваў тату ў турму“. Іншыя бацькі, у залежнасьці ад узросту дзяцей, кажуць, што тата ці мама паехалі далёка на заробкі», — тлумачыць Стрыжак.

Ён падкрэсьлівае важнасьць таго, што пэўныя рэчы адбываюцца цыклічна, прыкладам, зборы на дзяцей. «Гэта важна і для тых, хто хоча дапамагчы, і для тых, хто чакае падтрымкі», — кажа кіраўнік фонду.

З словаў Андрэя Стрыжака, з году ў год сума дапамогі прыкладна аднолькавая, як і колькасьць заявак.

Цэнтар навукі «Капэрнік» для чацьвярых дзяцей і пачастунак

Маргарыта Касабуцкая разам з мужам Віталём Жуком выхоўваюць чатырох малых дзяцей. Віталь — былы палітзьняволены, ён вызваліўся ў 2022 годзе. Пасьля таго як мясцовыя міліцыянты ў Кобрыні пачалі пагражаць яму і жонцы крымінальнымі справамі, Жуку разам зь сям’ёй давялося тэрмінова ўцякаць з краіны, прыхапіўшы толькі самае неабходнае. Віталь паехаў у Грузію, Маргарыта зь дзецьмі — у Польшчу.

Маргарыта кажа, што ў сьнежні 2022 году яна ў межах каляднай акцыі атрымала грашовую падтрымку на дзяцей. Але патраціць гэтыя грошы ў Беларусі не пасьпелі, бо давялося тэрмінова зьяжджаць.

«У студзені 2023 году мы былі ўжо ў Варшаве. Вырашылі зь дзецьмі на тую падтрымку пайсьці ў цэнтар навукі „Капэрнік“. З чатырма малымі некуды пайсьці — заўсёды цяжка і дорага. Дзякуючы каляднаму збору нашы дзеці трапілі ў легендарны цэнтар навукі. Зрабілі такую прыгоду. Пра эмоцыі могуць сказаць здымкі — дзецям надта ўсё спадабалася», — кажа Маргарыта.

Пасьля наведваньня цэнтру яны пайшлі на піццу. «Ці варта казаць, што гэта было вельмі радасна для дзяцей. Бо ў нас дружная сям’я, мы заўсёды ўсюды ходзім разам», — дадала Маргарыта.

Цэнтар навукі «Капэрнік» — музэй навукі ў Варшаве, там больш за 450 інтэрактыўных экспанатаў, з дапамогай якіх наведнікі могуць праводзіць экспэрымэнты. Цэнтар вельмі папулярны і лічыцца адным з перадавых у Эўропе.

Атрымліваюць дапамогу, каб дапамагчы потым іншым

Шматдзетная маці Іна Шырокая цяпер вымушана жыве за мяжой. Ад BySol яна атрымлівала дапамогу на дзяцей — Соф’ю і Мацьвея. Яны непаўналетнія, маюць 14 і 16 гадоў.

«Я атрымлівала дапамогу перад школай, перад летнімі вакацыямі. Мацьвей вельмі любіць маляваць, таму за дапамогу да школы ён купіў сабе нейкія адмысловыя асадкі для маляваньня. Дзеці ўжо не малыя, таму яны загадзя плянуюць, што ім неабходна, што ім трэба купіць», — кажа Іна.

Яна расказвае, што пасьля пераезду ў Польшчу мела дапамогу ня толькі ад BySol. Ёй дапамагала ініцыятыва «Партызанкі», а таксама дыяспара зь Нямеччыны. «Мы атрымлівалі такія прыемныя дробязі, як гадзіньнік, касмэтыку, паўэрбанк, іншае», — удакладніла Іна.

Яна далучылася да Асацыяцыі беларускіх палітвязьняў. Кажа, што імкнецца дапамагаць тым, хто застаецца ў Беларусі пасьля вызваленьня з турмы.

«Гэта працуе так: калі мы можам неяк, сваімі каналамі, дапамагчы палітвязьням у Беларусі, то яны стараюцца дапамагчы там, на месцы, іншым людзям. Пытаюцца ў нас адрасы, шлюць пасылкі. Гэта працуе так, што калі чалавек атрымаў дапамогу, ён яе прымае, але і «перадае далей», — дадала Іна.

Падарункі, якіх хочуць дзеці, а ня тыя, на якія хапае грошай

Сваякі палітвязьняў падзяліліся з фондам BySol сваімі гісторыямі. Адзін з атрымальнікаў «дзіцячай» дапамогі пасьля адбыцьця пакараньня мусіў зьехаць з Беларусі, бо ня здолеў наладзіць там жыцьцё.

«Але і тут жыцьцё няпростае. Майму сыну мяне вельмі не хапае. Мы часта на сувязі, і сын пытаецца, калі я ўжо прыеду. Я хачу купіць яму канструктар „Лега“, бо раней мы часта разам зьбіралі канструктары. Такі падарунак яму дакладна спадабаецца і падыме настрой», — піша былы зьняволены.

Многія атрымальнікі дапамогі пішуць словы падзякі. «Гэта не проста матэрыяльная падтрымка. Гэта поўныя шчырай радасьці вочы нашых дзяцей. Гэта крыніца радасьці і падтрымкі бацькоў, гэта вера ў перамогу і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні, перакананасьць, што ты не адзін», — дзякуе жонка палітзьняволенага.

Муж яшчэ адной беларускі ўжо больш за два гады ў зьняволеньні.

«Заробку хапае толькі на самае неабходнае. Дзякуючы вашай падтрымцы мы зможам зьезьдзіць з дзеткамі ў Белавескую пушчу да Дзеда Мароза. Сёлета дзеці атрымаюць падарункі ня тыя, на якія хапіла грошай у мяне, а тыя, якія яны самі замовілі Дзеду Марозу. Грошай мне хопіць яшчэ і на зімовую вопратку для дачкі. Гэта вялікая дапамога для нас. У такія часы дзецям як ніколі патрэбнае сьвята», — падзялілася жонка палітвязьня.

Іншая жонка палітвязьня піша, што за матэрыяльную дапамогу купіць для сына дзіцячую чыгунку і машынку з пультам кіраваньня. «Гэта тое, пра што ён даўно марыць. Пакладу яму пад ялінку і скажу, што гэта падарунак ад таты. Расстаньне зь ім нам даецца вельмі цяжка. Сыну я кажу, што тата працуе за мяжой і перадае яму падарункі», — піша беларуска.

«Наш сын вельмі ўсьцешаны, што да яго сёлета таксама прыйдзе Дзед Мароз. Ён прасіў у падарунак вялікі набор „лега“, дзе будзе верталёт, тры машынкі і дыск з гульнёй. Сын вельмі сумуе па тату, чакае яго дахаты», — піша жонка палітвязьня.

Іншая беларуска падзялілася бядой: яе дачка ніколі ня бачыла тату. Яго пасадзілі, калі жанчына была цяжарнай. Цяпер дзяўчынка бачыць тату зрэдку празь відэасувязь. «Яна прыкладае далонь да тэлефона і кажа „люлю“, што значыць „люблю“. Старэйшае дзіця часта пытаецца: „Дзе тата? Ён ужо ня вернецца, ён нас кінуў?“. Гэтыя пытаньні разрываюць маё сэрца», — шчыруе жонка зьняволенага.

Беларуска, дачка якой нядаўна вызвалілася, піша, што «ўнукі будуць на сёмым небе ад шчасьця», бо зь імі будзе мама і падарыць усё, што яны хацелі«.

«Дзеці не мусяць быць пакараныя, малыя беларусы мусяць быць шчасьлівыя, бо ім будаваць Новую Беларусь», — піша жонка зьняволенага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG