Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Значэньне Беларусі для Кітаю зьнізілася, і Лукашэнка ня здольны гэтага зьмяніць, — кітаіст Умараў


Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі сустрэчы ў Пэкіне, 4 сьнежня 2023 году
Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі сустрэчы ў Пэкіне, 4 сьнежня 2023 году

Кітаіст, навуковы супрацоўнік фонду Карнэгі Цемур Умараў аналізуе вынікі візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, ацэньвае, чаму Беларусь патрэбная (альбо не патрэбная) Кітаю, і разважае, ці можа Пэкін паўплываць на адносіны Менску з Захадам.

Сьцісла:

  • Значэньне Беларусі для Кітаю зьнізілася, і ня ў сілах Лукашэнкі гэтую сытуацыю зьмяніць.
  • Адзінае, на што здольны Лукашэнка, — дэманстраваць яшчэ большае жаданьне Беларусі далучацца да ўсіх палітычных ды ідэалягічных ініцыятываў Кітаю.
  • Цяпер для Кітаю Беларусь зусім ня важная з эканамічнага гледзішча. А важная толькі як адна з краін, якія падтрымліваюць Кітай у міжнародных ініцыятывах.
  • Кітай ня можа істотна паўплываць на адносіны Менску з Захадам.

— Чым, на Вашу думку, выкліканы такі досыць нечаканы візыт Лукашэнкі ў Кітай? Як бы Вы ацанілі ягоныя вынікі? Ці лічыце, што Кітай запрасіў Лукашэнку, каб выправіць той факт, што дэлегацыі Беларусі не было на саміце «Адзін пояс — адзін шлях», які прайшоў 18 кастрычніка ў Пэкіне?

Цемур Умараў
Цемур Умараў

— Па-першае, трэба разумець, што такія візыты на найвышэйшым узроўні не рыхтуюцца за некалькі дзён: відавочна, ён плянаваўся загадзя. Гэта плён працы шматлікіх службаў міністэрстваў замежных спраў двух бакоў, — таму я б не сказаў, што гэта нейкі спантанны візыт, а хутчэй заплянаваны, прадуманы і ўбудаваны ў сучаснае бачаньне беларускай замежнай палітыкі.

Па-другое, у сьвеце ня так шмат краін, гатовых прымаць Лукашэнку. Вядома, Кітай тут выглядае як адна з самых галоўных краін, куды Лукашэнка можа езьдзіць. Натуральна, ёсьць яшчэ Расея, усе ўжо прывыклі, што ў Расеі ён зьяўляецца дастаткова рэгулярна. А Кітай — другая дзяржава ў сьвеце, якая прэтэндуе на глябальнае лідэрства.

Таму візыт, вядома, важны найперш для Лукашэнкі — як для ўнутранай аўдыторыі, так і дзеля таго, каб прадэманстраваць, што ў яго ёсьць яшчэ куды езьдзіць, застаюцца нейкія партнэры, гатовыя яго прымаць. Што ён палітык, якога немагчыма выкрасьліць зь міжнароднай палітыкі.

— Чым Беларусь можа быць цікавая для афіцыйнага Пэкіну? Найперш кажуць пра транзыт тавараў, пра тое, што апошнія праблемы Беларусі ў адносінах з Эўразьвязам, санкцыі значна зьменшылі гэтую прывабнасьць для Кітая. Гэтым і тлумачылася пэўнае непаразуменьне і напружаньне, якое нібыта ўзьнікла ў адносінах Пэкіну і Менску апошнія месяцы. Ці можна лічыць, што гэты візыт закліканы зьняць напружаньне і зараз адносіны зноў будуць разьвівацца дастаткова пасьлядоўна?

— Зразумела, Беларусь не ў прыярытэце для Кітаю ў цэлым. Яна даволі важная зь лягістычнага гледзішча, бо празь Беларусь праходзілі асноўныя сухаземныя маршруты Кітаю ў Эўропу, той самы «Пояс і шлях». Зараз гэтая важнасьць Беларусі, вядома, зьнізілася, і зразумела, што ня ў сілах Лукашэнкі сытуацыю зьмяніць. Усе абяцаньні, якія ён патэнцыйна можа даць лідэрам КНР, на сытуацыю няшмат уплываюць.

Таму адзінае, што ён можа, — дэманстраваць яшчэ большае жаданьне Беларусі далучацца да ўсякіх палітычных ды ідэалягічных ініцыятываў Кітаю ў сьвеце, і гэта бачна ў той рыторыцы, якую мы чуем. Беларусь падтрымлівае ўсе ініцыятывы, падпісваецца пад усімі поглядамі Кітаю ў міжнародных адносінах. Ці то «Супольнасьць адзінага лёсу», або «глябальная ініцыятыва разьвіцьця», або «Пояс і шлях» — пад гэтым усім Беларусь падпісваецца і нават гаворыць пра нейкае супрацьстаяньне з Захадам.

Калі раней Беларусь магла пакласьці «на стол» нейкія прагматычныя прапановы і праекты — ці то інвэстыцыі ў беларускі IT, ці тыя ж лягістычныя маршруты, ці нешта зьвязанае з вайсковай прамысловасьцю (што было досыць важна для разьвіцьця кітайскага ВПК у свой час) — то цяпер для Кітаю Беларусь зусім ня важная з эканамічнага гледзішча. А важная толькі як адна з краін, якія падтрымліваюць Кітай у міжнародных ініцыятывах.

— Ці можна лічыць, што менавіта праз пазыцыю Кітаю Аляксандар Лукашэнка вымушаны будзе прымаць нейкія меры для прымірэньня з Захадам? Найперш — каб беларускія суседзі з Эўразьвязу, Польшча і Літва не перакрылі цалкам мяжу Беларусі, што магло б пашкодзіць інтарэсам Кітаю.

— Ня думаю, што Кітай можа неяк моцна паўплываць на адносіны Менску з Захадам. Для Лукашэнкі самога добра было б мець нармальныя адносіны з Захадам, але гэта ўжо практычна немагчыма.

Беларусь амаль канчаткова ператварылася ў краіну, якая цалкам залежыць ад Расеі і ўжо ня здольная манэўраваць. Цяпер гэтая гульня скончаная, і не на карысьць Беларусі. Яе залежнасьць ад Расеі нашмат мацнейшая, чым ад Кітаю.

— Было паведамленьне, што Сі і Лукашэнка абмяркоўвалі і вайну ва Ўкраіне. Якая стратэгічная пазыцыя і інтарэс Кітаю ў гэтай расейска-ўкраінскай вайне? Ці трэба Кітаю, каб вайна як мага хутчэй скончылася? Ці патрэбная Кітаю ўмоўная параза Расеі, ці наадварот? І якое месца ў гэтай стратэгічнай схеме Кітаю можна адвесьці Беларусі?

— Думаю, гэта мог быць проста абмен нейкімі фразамі, якія мы нярэдка чуем ад Лукашэнкі. Магчыма, ён дзяліўся нейкімі «інсайдамі», якія нібыта мае. Але ня думаю, што з кітайскага боку ён пачуў нешта канкрэтнае.

Хутчэй гэта было ў кітайскім стылі — нешта абстрактнае, расплывістая рыторыка — што мы чулі ўжо шмат разоў, калі Пэкін афіцыйна выказваецца пра вайну ва Ўкраіне.

І Кітай не глядзіць на гэтую вайну як на працэс, на які Пэкін можа паўплываць. Кітай ня ставіць на перамогу ці паразу Расеі, ці на тое, каб вайна хутчэй закончылася. Кітай глядзіць на вайну як на сытуацыю, якая не ўваходзіць у рамкі ягонага кантролю, і проста спрабуе падладзіцца пад сытуацыю.

Так, Кітай спрабуе сядзець на некалькіх крэслах, ускосна падтрымліваючы Расею, але не жадаючы яе падтрымліваць надта актыўна і адкрыта. І разам з тым крытыкуе Захад, які нібыта спрыяе войнам і паўсюль сее хаос.

— Як бы вы ў цэлым ацанілі беларускую палітыку стасоўна краін «далёкай дугі», гэта значыць не Расеі і не Эўразьвязу? Эўразьвяз пасьля пачатку вайны ўвёў даволі моцныя санкцыі, таваразварот Беларусі з Эўропай кардынальна зьменшыўся. Ці можна лічыць, што Менску ўдасца знайсьці эканамічную альтэрнатыву Эўразьвязу на Ўсходзе і на Поўдні? Усе папярэднія гады шматлікія візыты Лукашэнкі ў краіны ад Віетнаму да Афрыкі не далі істотнага эканамічнага эфэкту. Ці можна лічыць, што зараз зь якіх-небудзь прычынаў гэты эфэкт можа зьявіцца?

— Я не вялікі экспэрт у беларускай замежнай палітыцы, але магу сказаць, што сытуацыя вымушае Лукашэнку ісьці ў тыя краіны, куды раней ён ісьці ня быў гатовы. Нельга сказаць, што гэта нейкая прадуманая стратэгія — гэта проста працэс выжываньня.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG