Сёньня ў Варшаве адбыўся другі дзень слуханьняў у справах палітычных вязьняў. Слуханьні зладзіла Каардынацыйная рада. Трансьляцыя адбывалася онлайн.
Ганна Краўчанка з фракцыі Каардынацыйнай рады «Моладзевы наступ» прыгадала, што ў Беларусі сёньня 1674 палітвязьняў. 1200 палітвязьняў ужо адбылі свае прысуды. Некаторых пасадзілі паўторна.
«Каб забясьпечыць гэтых палітвязьняў мінімальнымі перадачамі патрэбна 9 млн эўра, для тых хто сядзіць цяпер. Гаворка ідзе толькі аб перадачах, не ўлічваецца юрыдычная дапамога, ні падтрымка сем'ям, якія страцілі карміцеляў, таму што ў асноўным гэта мужчыны». – сказала Краўчанка. Яе цытуе Польскае радыё.
Яна дадала, што гэта велізарная сума, але яе зьбяруць сваякі палітвязьняў, не чакаючы палітычных рашэньняў, бо іншага выйсьця ў іх няма.
Па інфармацыі Краўчанкі, 34 палітвязьні выйшлі раней, чым скончыўся тэрмін іх зьняволеньня, і яны гэта зрабілі без спрыяньня дэмакратычных сіл.
- 2 — 3 сьнежня адбываліся слуханьні Каардынацыйнай рады ў пытаньнях пазыцый, падыходаў, стратэгіі вызваленьня палітвязьняў.
- Паводле стану на канец лістапада ў Беларусі было 1452 палітвязьні, прызнаных праваабарончай супольнасьцю (паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай).
- Акрамя таго, па стане на канец кастрычніка яшчэ каля 1300 палітвязьняў з 2020 году ўжо выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня, зьмяненьнем меры стрыманьня, прызначэньнем у судзе пакараньня, не зьвязанага з пазбаўленьнем волі, або ў сувязі з памілаваньнем.
Што такое Каардынацыйная рада
- Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
- Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
- 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
- На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
- ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
- Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
- Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
- Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
- З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
- Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
- У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.