Пра гэта Дзьмітры Гурневіч размаўляе з аўтарам кніг аб гісторыі савецка-фінскай вайны і дасьледнікам з Санкт-Пецярбургу Яўгеніем Балашовым.
Чаму Сталін вырашыў напасьці на Фінляндыю?
«Пачаткова прычына была замежнапалітычная — пагроза ад Нямеччыны, у першую чаргу, а пасьля — ад Ангельшчыны і Францыі. Савецка-фінскай вайне папярэднічала Мюнхэнская змова, пасьля якой пытаньне Фінляндыі пачало абвастрацца. Вайскоўцы прыйшлі да высновы, што трэба засьцерагчы Балтыйскае мора. Але галоўным падчас перамоваў зь фінамі было не перасоўваньне мяжы, як гэта сьцьвярджалі савецкія і постсавецкія гісторыкі. Галоўным было пытаньне паўвострава Ханка, зь якога фіны былі ў стане абстрэльваць савецкі флёт на Балтыцы. Наконт мяжы фіны былі гатовыя часткова саступіць, але перадаваць Ханку адмаўляліся. І калі Сталін зразумеў, што ані Ханку, ані астравоў фіны не аддадуць, то вырашыў, што далей перамовы бессэнсоўныя. Паралельна ішла падрыхтоўка да вайны».
Што ня так з афіцыйнай вэрсіяй пачатку вайны, нібыта фіны абстралялі савецкую вёску Майніла?
«Калі перамовы былі адхіленыя і Сталін пачаў рыхтавацца да ваенных дзеяньняў, то іх трэба было пачаць як мага раней, нельга было чакаць. Правакацыя каля Майнілы была скаардынаваная і праведзеная НКВД. Прайшло ўсё даволі груба, бо заявілі пра 4 сьмяротныя ахвяры і 9 параненых, але не прад’явілі ані забітых, ані параненых. Не назвалі прозьвішчаў; не сказалі, дзе іх нібыта пахавалі. У журнале баявых дзеяньняў тых часоў увогуле ані слова пра забітых».
Адкуль узяўся мэм «На финские мины пойдут минские финны»?
«У кастрычніку 1939-га СССР у строгай сакрэтнасьці пачаў ствараць Фінскую народную армію, набіраючы туды савецкіх фінаў, а таксама этнічна блізкіх да іх карэлаў. А пазьней, калі ўжо не хапала фінаў, набіралі ўсіх запар, у тым ліку і беларусаў. Пачалі падрабляць пашпарты і іншыя дакумэнты. На камандныя пасады пачалі ставіць людзей, якія ня мелі ніякага дачыненьня да фінаў. Напрыклад, Рыбкін цяпер ужо быў Рыбкінэн, на фінскі капыл. Беларуская вайсковая акруга паслала шэсьць дывізій на гэту вайну, танкавыя палкі, парашутныя, дзьве кавалерыйскія дывізіі. Гэтая прымаўка пра менскіх фінаў узьнікла ўжо пасьля вайны, хутчэй за ўсё. Тыя, хто ў СССР быў разумнейшы, цямілі, што адбываецца. Ня ўсе ж верылі ў газэтную прапаганду, а стваралі анэкдоты. Па сутнасьці, увесь СССР браў удзел у гэтай вайне».
Ці праўда, што ў фэйкавую фінскую армію, якую ствараў Сталін, набіралі беларусаў зь «нярускімі» прозьвішчамі?
«Я думаю, што пра гэта не задумваліся. Усё роўна ў дакумэнтах мянялі прозьвішчы, дадаючы фінскі суфікс -нэн. Там ва ўсім быў экспромт. Фінская народная армія насіла польскую вайсковую форму, пераважна трафэйную. Яе набралі падчас паходу 1939 году ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну. Калі я працаваў у архіве, то знаходзіў трафэйныя фатаздымкі былых польскіх мясцовасьцяў, якія былі ўжо далучаныя да СССР. Верагодна, што калі людзей не хапала, то мабілізоўвалі нават былых польскіх жаўнераў з Заходняй Беларусі або Ўкраіны. Бо адкуль інакш у кішэнях чырвонаармейцаў маглі апынуцца прыватныя фатаздымкі польскіх часоў. Або проста маглі перадаць форму чырвонаармейцам, а тыя нават кішэняў не праверылі».
Чаму савецкая армія, большая за фінскую і нібыта зь лепшай зброяй, адразу пасьля ўварваньня пачала цярпець паразы?
«У розныя пэрыяды вайны было па-рознаму. У першыя 3-4 тыдні быў проста хаос і бязладзьдзе. Калёны ішлі па дарогах на Карэльскім перашыйку, але іх прапускная здольнасьць была вельмі малой, дарогі былі вузкія. Калёны маглі ісьці ў адзін шэраг. Ламаліся танкі і машыны, а гэта значыць, што на дарогах утвараліся заторы. Былі суцэльныя заторы. Лінію сувязі пракладалі проста ўздоўж дарог, на ўзбочынах, проста на зямлі, бо не было куды ставіць слупы. І калі танк затрымаўся і пачаў разварочвацца, то ён нішчыў гэтыя правады. Таму сувязь была кепская. Увесь гэты гармідар затрымліваў наступленьне. Фіны адступалі даволі павольна, не ўваходзілі ў баі, а атакавалі невялікімі групамі. Гэта дало ім магчымасьць, каб вялікія сілы канцэнтраваліся на лініях абароны. Праз два тыдні савецкія войскі яе прарвалі, але далей была палявая абароны і фіны там трымаліся моцна».
Чаму Сталін загадаў спыніць вайну?
«Ён спыніў вайну акурат у той момант, калі Англія і Францыя падрыхтавалі Інтэрнацыянальны корпус, якія павінен быў высадзіцца ў Нарвэгіі, пасьля ў Швэцыі. Калі б яны гэта зрабілі, то Сталіну зь Нямеччынай давялося б ваяваць супраць Фінляндыі разам ангельцамі і французамі. У той момант Сталіну гэта не было патрэбна. Таму вайну трэба было хутка спыняць».
Беларускі гісторык Аляксей Літвін падлічыў, што ў савецка-фінскай вайне ўзялі ўдзел больш за 100 тысяч беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, а таксама салдатаў Беларускай асобнай вайсковай акругі; амаль 10 000 зь іх загінулі. Ці можа гэта быць праўдай?
Пра дакладныя страты з савецкага боку невядома, бо не вялося ўліку. Першы месяц вайны ніхто не падлічваў страты, або прынамсі вельмі кепска. Рота гінула, прыходзіла падмацаваньне і адразу ішло ў бой, яны нават не пасьпявалі стаць на забесьпячэньне. Былі яшчэ лыжныя батальёны добраахвотнікаў, якія ішлі па дакумэнтах НКВД. І матэрыялы пра гэтыя страты знаходзяцца менавіта там. Ёсьць падлікі армейскіх стратаў — 137 тысяч, але лічба не канчатковая. Думаю, што колькасьць стратаў беларусаў нават большая«.
Што СССР здабыў па выніках гэтай вайны?
«Галоўны здабытак — гэта паўвостраў Ханка, які Сталін жадаў атрымаць. Ён яго атрымаў. Таксама перасунулася мяжа. Але гэтыя здабыткі былі насамрэч апраўданьнем стратаў. Пры гэтым спачатку называлі лічбу 40 тысяч забітых. Але ўсе гэтыя „заваёвы“ кепска скончыліся. Калі на пачатку савецка-фінскай вайны Фінляндыя была нашмат бліжэй да Англіі і Францыі, чым Нямеччыны, то яе пераход у бок Нямеччыны быў абумоўлены менавіта паразай у гэтай вайне. Калі б гэтай вайны не адбылося, то яшчэ пытаньне, на якім баку была б Фінляндыя. Хутчэй нэўтральнай або, прынамсі, не зь Нямеччынай».
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
ХХХ