Гомельскі абласны суд вынес вырак жыхару Сьветлагорску Андрэю Ігнатовічу, якога пакаралі 2 гадамі калёніі нібыта за «распальваньне варожасьці» (частка 1 артыкула 130 КК) і парушэньне грамадзкага парадку (частка 1 артыкула 342 КК), піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
На судзе Ігнатовіч прызнаў сваю віну часткова.
Паводле абвінавачаньня, у 2020 годзе 34-гадовы мужчына ня раз публікаваў у адкрытым тэлеграм-чаце камэнтары, «якія зьмяшчаюць нэгатыўную ацэнку чальцоў выбарчых камісіяў, супрацоўнікаў міліцыі і Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь». Там жа, на думку сьледзтва, ён заклікаў людзей выходзіць на вуліцы і «парушаць грамадзкі парадак».
Сьледзтва абвінавачвала Ігнатовіча і ў абразе Лукашэнкі (частка 1 артыкула 368 КК), але суд не знайшоў гэтаму пацьверджаньняў і зьняў абвінавачаньне.
Да суду Ігнатовіч быў пад вартай у СІЗА Гомля.
МУС уключыла яго ў «Сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», а 27 лістапада КДБ Беларусі ўнёс Ігнатовіча ў сьпіс «тэрарыстаў».