Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінляндыя закрывае ўсе пераходы на мяжы з Расеяй. ФОТА

Прэм‘ер-міністар Пэтэры Орпа: мэта ўраду — «як мага хутчэй узяць пад кантроль гібрыдную дзейнасьць Расіі, якая ўплывае на Фінляндыю».

Урад Фінляндыі вырашыў часова закрыць усе памежныя пераходы на мяжы з Расеяй, паведаміў прэм’ер- міністар краіны Пэтэры Орпа.
Мэта ўраду Фінляндыі, зь яго словаў, — «як мага хутчэй узяць пад кантроль гібрыдную дзейнасць Расеі, якая ўплывае на Фінляндыю».
Як паведамляе Yle, рашэньне закрыць усходнюю мяжу ўступае ў сілу 30 лістапада апоўначы і дзейнічае да 13 сьнежня.
Кіраўніца Міністэрства ўнутраных справаў Фінляндыі Мары Рантанен удакладніла, што расейцы ня змогуць прасіць прытулку на памежных пераходах, але можна будзе зрабіць гэта ў партах і аэрапортах.
Паміж Расеяй і Фінляндыяй дзейнічаюць 8 памежных пераходаў для аўтамабільнага і іншага транспарту. 22 лістапада ўлады Фінляндыі вырашылі закрыць усе пераходы на мяжы з Расеяй, акрамя аднаго, самага паўночнага. А перад гэтым, у ноч з 18 на 19 лістапада, улады Фінляндыі закрылі да 18 лютага наступнага году чатыры пераходы на паўднёвым усходзе краіны — найбліжэйшыя да Санкт-Пецярбургу.
Паводле памежнай службы Фінляндыі, каля 900 шукальнікаў прытулку з такіх краін, як Афганістан, Кенія, Марока, Пакістан, Самалі, Сырыя і Емэн, перасеклі з Расеі мяжу Фінляндыі ў лістападзе — у параўнанні зь менш чым адным мігрантам у дзень толькі месяцам раней.

Крэмль адкідае абвінавачаньні ў стварэньні надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Фінляндыяй.

XS
SM
MD
LG