У Менску ператрусы, некаторыя — у людзей, зьвязаных з Каардынацыйнай радай
Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра масавыя ператрусы ў Менску 28 лістапада, ім дакладна вядома пра як мінімум 6 такіх фактаў. У двух выпадках ператрусы праходзяць у людзей, зьвязаных з Каардынайцыйнай радай.
Пра перасьлед людзей, зьвязаных з КР, паведамляюць і праўладныя тэлеграм-каналы — яны назвалі гэта «папярэднім этапам падрыхтоўкі да выбараў у „Каардынацыйную раду“».
Прэсавая служба Каардынацыйнай рады пацьвердзіла ператрусы ў людзей, зь ёю зьвязаных.
Сілавікі прыходзілі на месца прапіскі кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча.
Пра гэта палітык напісаў у сваім Facebook.
«Дзіўныя людзі прыходзілі шукаць маю маёмасць на месцы прапіскі. Ведаючы бандыцкую сутнасьць гэтага рэжыму, усё распрадаў яшчэ да канца 2021 году».
Праваабаронца з Баранавічаў пакінулі за кратамі
Паводле інфармацыі берасьцейскай «Вясны», праваабаронца з Баранавічаў Аляксандра Вайцешыка ня вызвалілі з ізалятару пасьля адбыцьця 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
Вайцешыка затрымалі 9 лістапада і мелі вызваліць 24 лістапада, але гэтага не адбылося. Магчыма, сілавікі вырашылі «перазатрымаць» праваабаронцу на 72 гадзіны, і тады Аляксандар Вайцешык мусіў бы выйсьці з ІЧУ 27 лістапада, паведамляе «Вясна». Аднак на вечар 27 лістапада яго так і ня выпусьцілі на волю. Зь якой прычыны, невядома.
Аляксандра Вайцешыка затрымалі 9 лістапада пасьля ператрусу ў кватэры. 10 лістапада судзьдзя Іна Паўлоўская пакарала Вайцешыка 15 днямі арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП Рэспублікі Беларусі («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданьне, захоўваньне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыі»).
Затрымалі віцебскага пастара царквы Хрысьціян поўнага Эвангельля Івана Вялічку
Абставіны затрыманьня невядомыя, піша @christianvision.