Паводле Элісана, Шовіна даставілі ў бальніцу і ён знаходзіцца ў стабільным стане.
Крыніца тэлеканалу Sky News у праваахоўных органах паведаміла, што Шовін быў «сур’ёзна паранены». Паводле зьвестак прадстаўніка офісу генэральнага пракурора, ён «выжыве».
Адвакат экс-паліцыянта Грэг Эрыксан заявіў, што даведаўся аб нападзе са СМІ, аднак яму пакуль не ўдалося зьвязацца з кіраўніцтвам турмы. Раней ён настойваў, каб яго падабароннага не зьмяшчалі ў агульную камэру, бо ён можа стаць «мішэньню».
Джордж Флойд памёр 25 траўня 2020 году. Ён купіў пачак цыгарэт у краме Мінэапалісу за, як палічыў прадавец, фальшывую 20-даляравую купюру. Флойд адмовіўся вяртаць цыгарэты, і прадавец выклікаў паліцыю. Паліцыянты, якія прыбылі на месца здарэньня, надзелі на яго кайданкі і паспрабавалі пасадзіць яго ў машыну, але Флойд супраціўляўся. У выніку Шовін стаў каленам на шыю Флойда і прастаяў так больш за дзевяць хвілін, нават калі мужчына перастаў рухацца. Праз кароткі час у шпіталі зафіксавалі сьмерць Флойда.
У 2021 годзе Шовін быў прыгавораны да 22,5 гадоў пазбаўленьня волі за забойства Флойда, пазьней яму далі 21 год турэмнага зьняволеньня за парушэньне грамадзянскіх правоў забітага. Абодва тэрміны ён адбывае адначасова.