Мелітопаль Запароскай вобласьці — шматнацыянальны горад. Беларусы ў ім займаюць шостае месца — 0,8% агульнай колькасьці насельніцтва, якое перад вайной складала 150 тысяч чалавек. Некаторыя зь іх у апошніх украінскіх перапісах называлі беларускую мову роднай.
Расейская армія захапіла горад 1 сакавіка 2022 году. Праз год пасьля гэтага ў ім зьявілася грамадзкая арганізацыя беларусаў, зарэгістраваная паводле расейскага заканадаўства. Яна стала часткаю Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расеі.
У арганізацыю ўвайшлі сябры ўкраінска-беларускага культурна-адукацыйнага таварыства «Сузор’е», якое дзейнічала ў Мелітопалі да расейскага ваеннага ўварваньня і зь якім падтрымлівала дачыненьні амбасада Беларусі ва Ўкраіне.
Цяпер новую беларускую суполку ачольвае Кацярына Раманава. Арганізацыя мае назву, сугучную з той, якая існуе ў Расеі: «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў гарадзкой акругі Мелітопаля».
Свабода з адкрытых крыніц сабрала інфармацыю пра этнічных беларусаў, якія засталіся жыць у горадзе Мелітопалі Запароскай вобласьці, дзе дзейнічаюць акупацыйныя ўлады.
Чым займаецца ранейшая кіраўніца беларускай дыяспары Мелітопаля
Першая беларуская суполка зьявілася ў Мелітопалі ў 2017 годзе. Яе зарэгістравала Натальля Бярнага — вядомая ва Ўкраіне актывістка, прыхільніца зялёнага турызму і падарожжаў. У 2016 годзе яна актыўна займалася далучэньнем вэтэранаў антытэрарыстычнай апэрацыі да гэтага віду дзейнасьці. Пасьля рэгістрацыі «беларускай дыяспары» яна праходзіла стажыроўку ў Менску.
Арганізацыя атрымала назву «Ўкраінска-беларускае культурна-адукацыйнае таварыства „Сузор’е“», а адной зь першых яе імпрэз стаў тыдзень беларускай культуры ў Мелітопалі «Мова нанова» ў сакавіку 2018 году.
Другая публічная сустрэча Натальлі Бярнагі з тагачасным беларускім амбасадарам Ігарам Сокалам адбылася ў верасьні 2020 году, калі ўкраінская ўлада не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Свабода спрабавала зьвязацца з Натальляй Бярнагай праз сацыяльныя сеткі, але яна не адказала — паведамленьне так і засталося непрачытаным. Нумар мабільнага тэлефона, які яна мела да расейскага ваеннага ўварваньня, цяпер па-за межамі дасяжнасьці. У Мелітопалі цяпер карыстаюцца сувязьзю расейскіх апэратараў.
Вядома, што Натальля Бярнага нарадзілася ў Мелітопалі, але школу канчала ў Казахстане. У 2008 годзе тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ўзнагародзіў яе ордэнам Княгіні Вольгі трэцяй ступені.
Ёй 73 гады, мае дзьвюх дачок — Сьвятлану і Ірыну. Першая жыве ў Беларусі, імаверна ў Берасьці, бо працавала маркетолягам на берасьцейскім прадпрыемстве «Элма», а другая працуе ў будаўнічым бізнэсе і жыве ў Расеі.
Сама Натальля Бярнага, прынамсі на канец 2022 году, заставалася ў Мелітопалі. У той пэрыяд Расейскае геаграфічнае таварыства апублікавала паведамленьне аб пачатку працэсу стварэньня свайго прадстаўніцтва ў Мелітопалі. І Натальля Бярнага брала ўдзел ва ўстаноўчай сустрэчы.
Сярод яе захапленьняў — ня толькі падарожжы, але і стварэньне лялек-матанак. Іх яна не падзяляла на расейскія, беларускія і ўкраінскія, а называла славянскімі.
Што вядома пра новую кіраўніцу беларускай суполкі ў Мелітопалі
Мелітопальскую «беларускую аўтаномію» ў чэрвені 2023 году зарэгістравала і ачоліла Кацярына Раманава. Мелітопальскія СМІ паведамлялі, што яна прыхільніца Расеі, таму яе пераход на бок акупацыйных уладаў нікога не зьдзівіў.
Сёлета Кацярына Раманава разам зь іншымі беларусамі брала ўдзел у сьвяткаваньні «Дня народнага адзінства», які ў Расеі адзначаюць 4 лістапада. У прыватнасьці, як паведамілі прапагандысцкія СМІ захопленага Расеяй Мелітопаля, беларусы ўдзельнічалі ў патрыятычным канцэрце «Народаў шмат — Радзіма адна», а таксама ў флэшмобе на галоўнай плошчы гораду.
Кацярына Раманава таксама вывозіла мелітопальскіх дзяцей на «аздараўленьне» ў Севастопаль. У лягеры пад назвай «Дружба» дзяцей, сярод іншага, вучылі разьбіраць аўтамат Калашнікава і страляць з пнэўматычнай зброі.
На севастопальскім тэлеканале сьцьвярджалі, што ў лягеры адпачывалі больш за 12 сямей зь дзецьмі рознага ўзросту менавіта зь Мелітопальскай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў.
«Нам усё вельмі спадабалася! Нам спадабаліся зносіны, нам спадабаліся людзі, нам спадабалася цёплае мора, якое таксама сустрэла нас. Мора цудоўнае! Нашы дзеці вельмі шчасьлівыя! Вы бачыце, што твары дзяцей зьзяюць, радуюцца, а што можа быць лепш за ўсьмешкі дзяцей? Гэта наша будучыня. Дзеці — гэта наша ўсё!» — сказала Кацярына Раманава ў інтэрвію севастопальскаму тэлеканалу.
Зарэгістраваная Кацярынай Раманавай «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў гарадзкой акругі Мелітопаля» фармальна ўвайшла ў склад Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расеі, якая дзейнічае на расейскай тэрыторыі.
За гэты час яна пасьпела зьезьдзіць і ў Расею, і ў Беларусь — сёлета ў верасьні ў Смаленску і Менску адбылося выязное пасяджэньне Савету Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расеі.
Што вядома пра «мацярынскую» арганізацыю ў Маскве
Фэдэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расеі створана ў 1999 годзе. Яе першым кіраўніком быў Францішак Каўрыга.
Цяпер арганізацыю ўзначальвае Сяргей Кандыбовіч. Яму 64 гады, нарадзіўся ў Менску. Расейскі навуковец, мае званьне доктара псыхалягічных навук. Асноўная сфэра навуковых інтарэсаў — вайсковая псыхалёгія і псыхалёгія міжнацыянальных дачыненьняў. Сяргей Кандыбовіч мае званьне палкоўніка — ён скончыў Менскае вышэйшае вайсковае інжынэрнае радыётэхнічнае вучылішча і да 1991 году працаваў у ім начальнікам катэдры. У 1991 годзе звольніўся ў запас, цяпер ён ганаровы навуковец Вайсковай акадэміі Беларусі.
Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і часткі Луганскай і Данецкай абласьцей да гэтай арганізацыі далучыліся беларускія дыяспары, якія пачыналі дзейнічаць паводле ўкраінскага заканадаўства. Цяпер яны актыўна ўдзельнічаюць у розных грамадзкіх праектах падтрымкі ўдзельнікаў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Вядома, напрыклад, што ў канцы кастрычніка 2023 году старшыня арганізацыі «Беларусы Крыму» Раман Чагрынец падпісаў адпаведную дамову зь дзяржаўным фондам «Абаронцы Айчыны».
Упершыню ініцыятыва стварэньня нацыянальнай аўтаноміі беларусаў у Запароскай вобласьці публічна абмяркоўвалася сёлета на пачатку лютага. Перамовы з палкоўнікам Кандыбовічам у Маскве вёў падпалкоўнік запасу Аляксандар Ягоўдзік. Яго на афіцыйным сайце расейскай арганізацыі прадставілі як ураджэнца гораду Слоніма, які больш за 25 гадоў жыве ў Мелітопалі.
У публічнай прасторы інфармацыі пра Аляксандра Ягоўдзіка няма. У мелітопальскіх СМІ ягонае імя згадвалася толькі аднойчы — калі ён у ліпені 2017 году ў адным з марыюпальскіх двароў адкрыў скульптурную інсталяцыю ў гонар беларускага вынаходніка Анатоля Юніцкага. Мясцовае выданьне прадставіла Аляксандра Ягоўдзіка старшынём абласной арганізацыі «Sky Way». У дзяржаўных рэестрах Украіны такой арганізацыі няма.
Вядома, што SkyWay зьявілася ў 2014 годзе як фінансавая кампанія, якая зьбірала грошы ў розных краінах для рэалізацыі праекту «струннага транспарту», распрацаванага ўраджэнцам Гомельшчыны Анатолем Юніцкім. Некалькі эўрапейскіх краін у выніку папярэдзілі сваіх грамадзян, што гэтая арганізацыя мае прыкметы фінансавай піраміды.
Свабода зьвярнулася ў СБУ, каб высьветліць, ці праходзіў Аляксандар Ягоўдзік службу ва Ўкраіне.
Яшчэ адна ўраджэнка Беларусі ачоліла «выбарчую камісію»
У новы санкцыйны пакет Эўразьвязу ўключылі ўраджэнку Беларусі, жыхарку Мелітопаля. Галіна Кацюшчанка (дзявочае прозьвішча Курчанка) нарадзілася ў Віцебску. Цяпер ачоліла акупацыйную «цэнтральную выбарчую камісію» Запароскай вобласьці.
Сёлета ў верасьні, калі адзначалі гадавіну так званага «рэфэрэндуму» аб далучэньні Запароскай вобласьці да Расеі, Галіна Кацюшчанка заявіла:
«Запароская вобласьць вярнулася дадому, стала часткай Расейскай Фэдэрацыі — мы сэрцам і душой разам. Галоўнае, што мы перажылі за гэты год, — гэта адчуваньне, што ты дома. Зычу ўсім нам працьвітаньня, веры ў сябе, веры ў сваю краіну. Наша краіна — найлепшая», — заявіла Галіна Кацюшчанка.
Яе сын Глеб вучыўся ў Севастопалі ў кадэцкай вучэльні. А сама яна з гэтага году пачала вучыцца ў Севастопальскім дзяржаўным унівэрсытэце на спэцыяльнасьці «паліталёгія».
Старонка Галіны Кацюшчанкі ў Facebook амаль пустая. Апошнія здымкі яна публікавала ў студзені 2022 году — за месяц да расейскага ваеннага ўварваньня. Яна цікавілася фігурным катаньнем, вышыўкай, шыцьцём і псыхалёгіяй.
Перш чым уключыцца ў палітычную дзейнасьць, ураджэнка Віцебску займалася ў Мелітопалі невялікім бізнэсам, мела статус індывідуальнага прадпрымальніка і аказвала сацыяльную дапамогу без забесьпячэньня месца жыхарства. З 2014 году яна ўступіла ў партыю «Апазыцыйны блёк» (адна з партый, утвораных пасьля распаду «Партыі рэгіёнаў» Віктара Януковіча. — РС) і спрабавала ўдзельнічаць у выбарах, каб трапіць у Мелітопальскую гарадзкую раду. Але ніводнага разу не перамагла.
У 2022 годзе яна добраахвотна далучылася да падрыхтоўкі і правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму аб далучэньні Запароскай вобласьці да Расеі і ачоліла акупацыйную «цэнтральную выбарчую камісію».
Адразу пасьля рэфэрэндуму Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла ёй падазрэньне ў калябарацыйнай дзейнасьці. Ва Ўкраіне ёй пагражае ад 10 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.