Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спэцхран» і вогнішча для беларускай літаратуры. На ўзбраеньне ўзятыя мэтады 30-х гадоў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Прызнаньне «экстрэмісцкімі» твораў клясыка беларускай літаратуры Дунін-Марцінкевіча — надзвычайны, але далёка ня першы крок у наступе на беларускае слова.

Яшчэ раней прызналі экстрэмісцкімі некаторыя творы Ўладзімера Арлова, Альгерда Бахарэвіча, Уладзімера Някляева, іншых беларускіх літаратараў.

Павялічваецца і сьпіс аўтараў, чые кнігі, як, напрыклад, выданьні Сьвятланы Алексіевіч, выдаляюць з адкрытых для доступу бібліятэчных фондаў.

Ізноў у лексыкон чытачоў уваходзіць тэрмін, знаёмы старэйшаму пакаленьню, якое засьпела Савецкі Саюз, — «спэцхран» (скарочанае ад «специального хранения»; мы ня будзем перакладаць гэтае слова на беларускую, як не перакладаем «НКВД»).

«Спэцхран» ня горшае, што здаралася зь беларускай кнігай

У 1930-я гады ў «спэцхраны» перадаваліся сотні кніг беларускіх аўтараў, і ня толькі мастацкіх твораў, але і навуковай, і асьветніцкай літаратуры.

Найбольш частая прычына — іх аўтараў прызнавалі ці то «буржуазнымі нацыяналістамі», ці то «контрарэвалюцыянэрамі» і рэпрэсавалі.

Аднак існавалі выданьні, якім быў наканаваны горшы лёс, чым «спэцхран».

У сваёй кнізе «За кіпучай чэкісцкай работай» Аляксандар Лукашук прыводзіць сьпіс з 421 кнігі, якія загадам Галоўліту БССР (падпарадкоўваўся НКВД) ад 3 чэрвеня 1937 году патрабавалася ня толькі канфіскаваць зь бібліятэк і кнігарняў, але і спаліць.

Насамрэч колькасьць назваў была большая, бо, напрыклад, Францішак Аляхновіч займае толькі адзін нумар, а загадана было спаліць, цытую, «усе кнігі».

У сьпісе — выданьні Ігната Абдзіраловіча, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага («усе кнігі»), Зьмітрака Бядулі, Кастуся Езавітава, Тодара Кляшторнага («усе кнігі»), Янкі Купалы... На імені нацыянальнага генія спынім сьпіс, які можна доўжыць дзясяткамі прозьвішчаў.

Уражвае пералік зьнішчаных (усіх, да аднаго асобніка!) слоўнікаў:

  • «Беларуская навуковая тэрміналёгія» (усе 16 выпускаў з 1923 па 1929 год),
  • «Беларуска-расейскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча,
  • «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» Зоські Верас,
  • «Расейска-беларускі слоўнік дзеля чыгуначных мясцкомаў»,ю
  • «Слоўнік геамэтрычна-трыганамэтрычных тэрмінаў і сказаў»,
  • «Віцебскі краёвы слоўнік»,
  • «Слоўнік тэрміналёгіі агульнае расьлінагадоўлі» і гэтак далей.

Такое зьнішчэньне слоўнікаў азначала вынішчэньне спачатку з грамадзкага і навуковага ўжытку, а потым і з народнай памяці цэлых пластоў беларускай лексыкі, у некаторых выпадках — назаўсёды.

А празь дзесяцігодзьдзі Лукашэнка заявіць, што нібыта беларуская мова — «бедная мова», і на ёй нельга стварыць нічога вартаснага.

Забароненыя Хрушчоў і Салжаніцын

У пасьлясталінскі час у БССР доступ да сумнеўных выданьняў, як мастацкіх, гэтак і навуковых ды пэрыядычных, рэгуляваўся ўсталяванай на дзесяцігодзьдзі схемай.

Да фондаў «спэцхранаў» (іх мела далёка ня кожная абласная бібліятэка) было дапушчанае вузкае кола асобаў. Да прыкладу, студэнту ВНУ пра гэта не даводзілася і марыць. Дый далёка ня кожны асьпірант меў магчымасьць доступу. Яго атрымлівалі толькі пасьля таго, як навуковы кіраўнік зробіць абгрунтаваньне такой неабходнасьці і гэтая папера будзе зацьверджаная ў КДБ. Зразумела, што доступ даваўся не да чаго заўгодна, а толькі па вузкай тэматыцы, па якой рабілася дысэртацыя. Аднак выпадкі, калі асьпіранты атрымлівалі доступ у «спэцхран», былі вельмі рэдкія.

У «спэцхранах» захоўвалася тое, што не было зьнішчана ў 1930-я ці пазьней — Гарэцкі, Лёсік, Гарун, беларуская пэрыёдыка 1920–30-х гадоў.

Пераводзіліся туды і сучасныя выданьні — у тым выпадку, калі іх аўтар эміграваў альбо заняўся дысыдэнцкай («антысавецкай») дзейнасьцю. З усіх адкрытых бібліятэчных фондаў такія выданьні, як правіла, выдаляліся.

Да прыкладу, гэтак было зроблена з выданьнямі Аляксандра Салжаніцына — што праўда, выданьняў у Савецкім Саюзе было роўна чатыры і толькі цягам чатырох гадоў, таму справа была простая. Складаней было з Уладзімерам Вайновічам — акрамя таго, што ён друкаваўся больш працяглы час, ён яшчэ і напісаў «Песьню касманаўтаў» («На пыльных тропинках далёких планет останутся наши следы»), якую на мітынгу ў гонар Мікалаева і Паповіча з трыбуны Маўзалею засьпяваў Хрушчоў. Песьню ў «спэцхран», зразумела, не схавалі, але пры выкананьні імя аўтара тэксту не называлі, так што атрымалася, што словы нібыта «народныя».

Дарэчы, наконт Хрушчова: выданьні ягоных прамоваў на XXI і XXII зьездах КПСС пасьля адстаўкі ў 1964-м таксама пайшлі ў «спэцхран». Што да ягонай гістарычнай прамовы на XX зьезьдзе, якая дала пачатак дэсталінізацыі грамадзтва, дык яе тэксту не было нават у «спэцхранах» — для такіх матэрыялаў існаваў асаблівы парадак доступу.

Самы сакрэтны фонд

У СССР быў цалкам гермэтычны і схаваны нават ад навукоўцаў з «допускамі» фонд.

Ён складаўся з выданьняў, якія на распараджэньне ЦК КПСС друкаваліся вельмі абмежаваным накладам, часта — некалькі дзясяткаў асобнікаў. Іх чытацкую аўдыторыю складалі вышэйшыя кіраўнікі СССР.

На даручэньне ЦК КПСС выдаваліся і так званыя «блакітныя» і «чырвоныя» бюлетэні ТАСС, дзе друкаваліся матэрыялы з заходняй прэсы, якія звычайнаму савецкаму чалавеку чытаць, як лічылася, не было патрэбы. Прыкметна, што, паводле пазьнейшага прызнаньня дасьведчаных асобаў, прычынай такой засакрэчанасьці былі якраз не перадрукі з New York Times ці перахопы этэраў Свабоды, а пераклады публікацыяў з друку некаторых краінаў «сацлягеру», а таксама выданьняў кампартыяў Францыі і Італіі.

Вядома, нэрвовую сыстэму савецкага чалавека ад зьвестак зь якога-небудзь буржуазнага Paris Match пра стан здароўя Леаніда Ільіча Брэжнева трэба было берагчы. Але куды больш небясьпечна выглядала інфармацыя, што, напрыклад, лідэр румынскай кампартыі Чаўшэску не падтрымлівае ўвод войскаў краінаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну, а кампартыі Францыі і Італіі губляюць тысячы прыхільнікаў пасьля адкрыцьця праўды пра сталінскія рэпрэсіі. Вера ў маналітнасьць міжнароднага камуністычнага руху ў савецкага чалавека мусіла быць непарушнай.

На ўсіх гэтых бюлетэнях стаялі грыфы «Для служебного пользования» («блакітныя» выпускі) альбо «Секретно» («чырвоныя), і абавязкова — «Подлежит возврату в Общий отдел». Такія аддзелы існавалі ў партыйных апаратах, і нават у «спэцхраны» такія выданьні не траплялі. Адпаведна, іх і сёньня няма ў рассакрэчаных у 90-я фондах звычайных бібліятэк. Знайсьці іх можна было толькі ў так званым «прэзыдэнцкім» архіве РФ (доступ дасьледчыкаў да якога з прыходам Пуціна да ўлады фактычна закрыты).

Ад «прафіляктычнай гутаркі» да турмы

Можа падацца дзіўным, але ў СССР статус «забароненай літаратуры» ніколі ня быў юрыдычна вызначаны. Пры тым, што ў Крымінальным кодэксе існаваў артыкул за «антысавецкую прапаганду», не было выпадкаў, каб у Савецкім Саюзе (ва ўсялякім разе, у апошнія дзесяцігодзьдзі яго існаваньня) той ці іншы аўтар, тое ці іншае выданьне афіцыйна абвяшчаліся «антысавецкімі» паводле рашэньня альбо суду, альбо нейкага дзяржаўнага органа.

Адказныя работнікі партыйных органаў і супрацоўнікі КДБ самі вызначалі, што лічыць «антысавецкім» (і, трэба прызнаць, рэдка ў гэтым памыляліся).

За захоўваньне «Архіпэлягу ГУЛАГ» ці падобнай літаратуры грамадзянін мог атрымаць да 8 гадоў турмы. Аднак на практыцы гэта звычайна адбывалася тады, калі за чалавекам ужо быў салідны бэкграўнд дысыдэнцкай дзейнасьці, і захоўваньне «антысавеччыны» служыла толькі зручнай для чэкістаў нагодай завесьці крымінальную справу. Зразумела, што наўмысны распаўсюд такой літаратуры караўся турмой.

Мяркуючы па хроніцы дысыдэнцкага руху ды ўспамінах, адносна людзей, у якіх захоўваньне твораў таго ж Салжаніцына без распаўсюду было адзіным «злачынствам» і не праглядалася сыстэмнай сувязі з дысыдэнтамі (скажам, скрыпач аркестру прывёз кнігу з гастроляў), звычайна абмяжоўваліся так званымі «прафіляктычнымі» дзеяньнямі — гутаркай у КДБ. Зразумела, чалавек трапляў пад падазрэньне, а ў выпадку, калі гэта быў дзяржаўны службовец, на яго кар’еры можна было паставіць крыж (калі не пагаджаўся на вэрбоўку; вядомыя выпадкі, калі «забароненую літаратуру» падкідалі менавіта з гэтай мэтай).

Аднак выпадкі, калі за адно толькі захоўваньне кнігі давалі турэмны тэрмін, хаця б 2–3 гады, былі ўнікальныя, звычайна да чалавека былі іншыя прэтэнзіі.

Не параўнаць з тэрмінамі за падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Пераўзышлі Сталіна

Як выглядае, цяпер улады вярнуліся да практыкі нават ня брэжнеўскіх, а сталінскіх часоў, а ў нечым іх і пераўзышлі.

Пры Сталіну невядомыя выпадкі, калі б творы, напісаныя 100 ці 150 гадоў таму, былі прызнаныя «контрарэвалюцыйнымі» ды зьнішчаліся альбо накіроўваліся ў «спэцхран». Было пэўнае абмежаваньне для асобных твораў, у якіх ужывалася «ненарматыўная» лексыка (такія словы замяняліся кропкамі) альбо сюжэты, кажучы сучаснай мовай, падаваліся «парнаграфічнымі» — аднак у акадэмічным зборы твораў Пушкіна і найбольш поўным выданьні Лермантава яны былі зьмешчаныя. Набыць такія кнігі было няпроста з прычыны абмежаванага накладу, але захоўваць можна было беспакарана.

Выглядае, што ў Беларусі пры Лукашэнку за наяўнасьць у прыватнай бібліятэцы твораў Дунін-Марцінкевіча цяпер можна будзе сесьці за краты.

Цяжка прагназаваць, ува што ператворыцца практыка абвяшчэньня твораў клясыкаў беларускай літаратуры і сучасных аўтараў «экстрэмісцкімі».

І, як ні цынічна гэта прагучыць, але перамяшчэньне іх з адкрытых фондаў бібліятэк у «спэцхраны» можа быць яшчэ ня самым драматычным варыянтам. Горшы — калі, як і ў 1930-я, кнігі пачнуць зьнішчаць у масавым маштабе (асобныя выпадкі ўжо ёсьць, прыклад — кінутыя пад бульдозэр «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча).

Можна спрачацца пра матывы, якімі кіруюцца лукашэнкаўскія ідэолягі.

Але калі ўявіць, што мэта — поўная асыміляцыя беларусаў праз вынішчэньне нацыянальнай літаратуры і культуры, увогуле ліквідацыя беларусаў як этнасу, тады «спэцхраны» і вогнішчы з кніг цалкам упісваюцца ў такі сцэнар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG