Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Cвабодныя людзі расказваюць, як ня быць рабамі». Старшыня Беларускага ПЭН-у і заснавальнік прэміі за турэмную літаратуру — пра пераможцаў


Былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, старшыня Беларускага ПЭН-у Тацянай Нядбай, Прэмія турэмнай літаратуры імя Аляхновіча. Каляж
Былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, старшыня Беларускага ПЭН-у Тацянай Нядбай, Прэмія турэмнай літаратуры імя Аляхновіча. Каляж

Радыё Свабода і Беларускі ПЭН назвалі сёлетніх ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за турэмную літаратуру. У гэтыя ж дні ўлады прызналі экстрэмісцкімі творы клясыка беларускай літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, які ў свой час адбываў зьняволеньне ў Пішчалаўскім замку.

Пра рэпрэсаваную літаратуру і літаратараў гаворым са старшынёй Беларускага ПЭН-у Тацянай Нядбай, а таксама з адным з заснавальнікаў прэміі Францішка Аляхновіча, пісьменьнікам, былым дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты

Старшыня Беларускага ПЭН-у Тацяна Нядбай:

Пра сёлетнюю адметнасьць прэміі і ананімнасьць некаторых удзельнікаў і іх твораў

— Адразу кідаецца ў вочы ананімнасьць некаторых удзельнікаў і часткі пераможцаў прэміі. Прэмія, якая павінна прасоўваць, уганароўваць найлепшыя творы і кнігі ў грамадзтве і такім чынам раіць чытачам, на што зьвярнуць увагу, на сёньня толькі напалову выконвае сваю функцыю. І гэта тыя ўмовы, у якіх мы жывём, якія нельга вынесьці за дужкі і нельга ігнараваць. Таму сёлета ў нас сярод шасьці пераможцаў ёсьць трое зашыфраваных і прадстаўленых пад апісальнымі псэўданімамі. Мы ўсе чакаем часоў, калі зможам адкрыта назваць іх і публічна павіншаваць... Гэтыя тэксты маюць гістарычную і культурную значнасьць.

Пра творы пераможцаў Бяляцкага, Грузьдзіловіча і Класкоўскай

— Успаміны Алеся Бяляцкага — гэта тое, што ён звычайна робіць падчас сваіх турэмных адседак за праваабарончую дзейнасьць. Алесь — чалавек эпіцэнтру, які знаходзіўся заўсёды ў віры ключавых падзеяў грамадзкага, беларускага жыцьця, беларускай гісторыі, — у звычайным жыцьці, калі займаецца праваабарончай, грамадзкай дзейнасьцю, ня мае часу займацца творчасьцю. І ў такім дзіўным варыянце турэмнай рэзыдэнцыі, калі казаць іранічна, саркастычна нават, Алесь мае магчымасьць пісаць успаміны пра музэй Багдановіча, пра важную частку жыцьця беларускай гісторыі і літаратуры. Нават гэтыя лісты даходзяць ня ўсе, частка з гэтых твораў губляецца недзе ў сьметніцах цэнзараў.

Творы Алега Грузьдзіловіча і Вольгі Класкоўскай — іншы жанр і крыху іншая спэцыфіка. Гэта рэалістычнае апісаньне турэмнага жыцьця. Алег Грузьдзіловіч дэталёва апісвае ўмовы ўтрыманьня ў беларускай турме, уключаючы перапоўненыя камэры і штрафныя ізалятары. Гэта ня толькі дакумэнтуе рэпрэсіі і злачынствы, але і паказвае трываласьць і сілу духу аўтара ў тых умовах. Грузьдзіловічу не чужыя элемэнты гумару і іроніі. Нягледзячы на сур’ёзнасьць тэмы, ён здолеў выкарыстаць іронію і гумар. Такі падыход сьведчыць пра пэўную псыхалягічную ўстойлівасьць і здольнасьць захаваць пазытыўны настрой нават у такіх складаных умовах...

Важная частка гэтага апісаньня, як у кнізе Грузьдзіловіча, так і ў кнізе Вольгі Класкоўскай, у яе дзёньніках, — гэта асабісты турэмны досьвед, гэтая стойкасьць, глыбіня і аўтэнтычнасьць іх перажываньняў. Вольга Класкоўская пісала пра ўмовы турэмнага зьняволеньня глыбока, са шчырымі эмоцыямі. Гэты досьвед адчуваеш, як і адчуваеш асаблівую сілу аўтаркі. Гэта сьведчаньне супрацьстаяньня рэпрэсіям. Дзёньнікі, напісаныя Вольгай у турме, становяцца магутнымі сьведчаньнямі змаганьня за свабоду, у тым ліку за свабоду слова. І дэманструюць мужнасьць і непахіснасьць аўтаркі перад абліччам цяжкасьцяў.

Аляксандар Лукашук, пісьменьнік, былы дырэктар Свабоды:

Пра прызнаньне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» збору твораў Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча

— Мы бачым, што дыктатура ў Беларусі — гэта нэасталінісцкі рэжым па сваёй прыродзе. Гэта даволі прымітыўная канструкцыя, ёсьць жорсткія законы, па якіх яна толькі і можа функцыянаваць. Гэта добраахвотна-прымусовае ўцягваньне насельніцтва і гвалт. За часамі Сталіна ў Беларусі рэгулярна палілі кнігі. Увесь час гэтая ідэалягічная канструкцыя патрабуе зьнішчэньня іншадумства. Адзін з дакумэнтаў, які я знайшоў у архівах 1930-х гадоў, гэта быў сьпіс беларускіх кніг, якія падлягаюць спаленьню. Там на ўсе літары альфабэту было некалькі тысячаў назваў кніг. Часам усе творы аднаго аўтара, слоўнікі, тэрміналягічныя, мастацкая літаратура (арыштавалі чалавека — трэба зьнішчаць). У гэтым сэнсе гэта проста паказчык аднаго характару рэпрэсіўнай сыстэмы, у якой апынулася сёньняшняя Беларусь. Дунін-Марцінкевіч — бліскучы аўтар. Я памятаю, быў у Лёндане на прэмʼеры яго «Пінскай шляхты» па-ангельску (Вера Рыч пераклала). Я быў на першым прадстаўленьні. Публіка сьмяялася... Ён агульначалавечы, агульнаэўрапейскі аўтар...

Самой пастановы суду я ня бачыў. Магчыма, больш прычына там у літаратуразнаўчым камэнтары. Дасьледнік Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча Язэп Янушкевіч, знаны літаратуразнаўца, — аўтар і ўкладальнік гэтых зборнікаў. Цалкам магчыма, што яго імя ў большай ступені паўплывала. Канечне, Янушкевіч там ня піша пра Лукашэнку, ён піша пра Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.

Пра прэмію турэмнай літаратуры

— Калі першы раз мы апублікавалі ўмовы, паводле якіх будзе прысуджацца прэмія, там быў такі сказ: «Мы спадзяёмся, што хутка яна скончыцца, што ня будзе нагоды і ўмоваў для ўручэньня такой прэміі за турэмную літаратуру». Тое, што зьяўляецца турэмная літаратура, — гэта агульначалавечы, агульнакультурны працэс. «Дон Кіхот», які лічаць мо найвялікшым празаічным творам, быў напісаны зьняволеным — Сэрвантэс адбываў пакараньне. А вось лепш бы так не было. Лепш бы не было такой літаратуры, якая створаная ў зьняволеньні. Гэта ў якасьці пажаданьня. А ў якасьці факту — я мушу сказаць, што гэта надзвычай важная, прадуктыўная і гранічна істотная — для цывілізацыі нават, для гісторыі, для культуры — рэч. Тут справа вельмі простая. Некалі Ёсіф Бродзкі сказаў, што гісторыя — гэта тое, што свабодныя людзі расказваюць рабам. Вось гэтыя свабодныя людзі сваімі кнігамі расказваюць усім астатнім, як ня быць рабамі.

З 1930-х гадоў, калі Аляхновіч напісаў «У капцюрох ГПУ», амаль 100 гадоў прайшло, усё ж літаратура, асабліва дакумэнтальная літаратура, зрабіла гіганцкія крокі наперад. Людзі, у тым ліку сёлетнія ляўрэаты і пераможцы прэміі Аляхновіча, дэманструюць зусім іншы ўжо ўзровень літаратурнай тэхнікі, бачаньня, разуменьня, пабудовы. Гэта іншы ўзровень размовы і аповеду. «У капцюрох ГПУ» Аляхновіча была перакладзеная на 7 моваў, яна не была заўважная, як «Архіпэляг ГУЛАГ» ці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», бо быў міжваенны пэрыяд, розная палітычная барацьба адбывалася па розных лініях. Але ў свой час яна была надзвычай рэзананснай зьявай.


Пераможцы прэміі імя Францішка Аляхновіча:

  • Алесь Бяляцкі — «Успаміны пра музэй Максіма Багдановіча».
  • Алег Грузьдзіловіч — кніга «Мае турэмныя муры».
  • Марк Каласок — кніга (назва не апублічваецца).
  • Вольга Класкоўская — «Турэмныя дзёньнікі».
  • Летапісец — нататкі (назва не апублічваецца).
  • Нікола Тэсла — кніга (назва не апублічваецца).


Ляўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча:

  • Уладзімер Гундар — верш.
  • Андрэй Кузьнечык — вершы.
  • Спадар Лапычаў — вершы.
  • Ільля Міронаў — верш «Думаеце, такога не бывае?», нататкі.
  • Павал Севярынец — вершы.
  • Анатоль Хіневіч — верш «Паглядзі ў люстэрка на асабісты твар».
  • Сяргей Ціханоўскі — вершы.
  • Max V. Detta — вершы.

Сёлета дзеля бясьпекі арганізатары прэміі прапанавалі намінантам або іх сваякам, пры жаданьні, захаваць ананімнасьць і гарантавалі канфідэнцыйнасьць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і ляўрэатаў схаваныя пад псэўданімамі, не абвяшчаюць і назваў іх твораў. Прозьвішчы апублічаць толькі тады, калі гэта стане бясьпечным для аўтараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG