Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн імкнецца аднавіць каналы сувязяў у вайсковай сфэры з Кітаем, паведаміў дарадца кіраўніка Белага дому ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван напярэдадні сустрэчы прэзыдэнта з кітайскім лідэрам, да якой застаецца некалькі дзён, піша Reuters.
Байдэн сустрэнецца са старшынём КНР Сі Цзіньпінам 15 лістапада падчас саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва ў Сан-Францыска. Гэта будзе ўсяго толькі другая асабістая сустрэча двух лідэраў з моманту ўступленьня Байдэна на пасаду ў студзені 2021 году.
«Прэзыдэнт рашуча настроены на аднаўленьне сувязяў паміж вайскоўцамі, паколькі ён мяркуе, што гэта адпавядае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі ЗША, — сказаў Саліван у інтэрвію каналу CBS. — Нам патрэбны гэтыя лініі сувязі, каб не было памылак, пралікаў ці недастатковага разуменьня».
Паводле Салівана, аднаўленьне каналаў сувязяў у вайсковай сфэры можа адбывацца на ўсіх узроўнях — ад найвышэйшага кіраўніцтва да апэратыўна-тактычнага ўзроўню, а таксама паміж ВМС і ВПС дзьвюх краін.
На думку амэрыканскага боку, разрыў ранейшых кантактаў адбыўся з ініцыятывы кітайскага боку, і цяпер існуе патрэба ў іх аднаўленьні.