Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя кажуць: „Сяргей такі самы, як Лукашэнка“. Не-не-не!» Адвакатка расказвае падрабязнасьці закрытага працэсу Ціханоўскага


Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, каляж
Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, каляж

Падабароннага Марыі Колесавай-Гудзілінай Дзьмітрыя Папова затрымалі пасьля даносаў кіраўніка расейскага «Мужского государства».

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна абараняла Дзьмітрыя Папова, мадэратара сацыяльных сетак «Краіны для жыцьця». Яна была адной зь нешматлікіх сьведак закрытага судовага працэсу над Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Ігарам Лосікам, што адбываўся ў гомельскім СІЗА.

Поўнае інтэрвію з Марыяй Колесавай-Гудзілінай глядзіце на youtube-канале Радыё Свабода.

«Калі пачынаўся працэс, то я ведала, што гэта гістарычная справа. Я паўгода жыла ў Гомлі, я сумую цяпер па Гомлі. Там было вельмі файна! Таму што там былі такія файныя людзі, як Ціханоўскі, Лосік, Папоў, Сакаў, Цыгановіч», — кажа Колесава-Гудзіліна.

Адвакатка прызнаецца, што да пачатку працэсу асабліва ня ведала, хто такі Сяргей Ціханоўскі, таму знаёмства зь ім адбывалася якраз падчас разгляду справы.

«Цяпер ён мне вельмі падабаецца, вельмі. Ён такі шчыры, таленавіты. Мы паглядзелі анталёгію „Краіны для жыцьця“ — гэта было так цікава. Калі пачынаўся працэс, то Ціханоўскі гаварыў пра сваю дзейнасьць, ён гаварыў вельмі шчыра. Але яму ўвогуле не патрэбна было нешта казаць, бо калі ты глядзіш „Краіну для жыцьця“ ад пачатку да канца, то проста думаеш: „Ваў! Ваў! Як я гэта прапусьціла?“ Я раней лічыла, што гэта нешта нецікавае. Некаторыя кажуць, што вось „Ціханоўскі, ён такі самы, як Лукашэнка“. Не-не-не!»

Марыя Колесава-Гудзіліна кажа, што Ціханоўскі, калі знаходзіўся ў СІЗА, шмат разоў пісаў заяву аб тым, каб яму дазволілі сустрэцца з праваслаўным сьвятаром. Калі іншым вязьням гэтую просьбу задавальнялі, то Ціханоўскаму ўвесь час адмаўлялі.

«Мне вельмі падабаюцца іх адносіны з жонкай (Сьвятланай Ціханоўскай, лідэркай дэмакратычных сілаў. — РС), яны такія нардычнага тыпу, спакойныя, неэмацыйныя. Яны прыгожа кажуць: „Так“, „Не“. Гэта заслугоўвае павагі», — расказвае адвакатка.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна падчас інтэрвію для Радыё Свабода
Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна падчас інтэрвію для Радыё Свабода

Па словах Колесавай-Гудзілінай, самі падсудныя шмат у чым падтрымлівалі адвакатаў, цікавіліся, якія кнігі яны чытаюць, зьвярталі ўвагу на новае адзеньне.

«Ігар Лосік час ад часу прыносіў нейкія выразкі зь „Беларусь сегодня“: „Ха-ха, Мукавозчык, вось такое, ха-ха“. Я ня ведаю, чаму Лосіка аб’ядналі з астатнімі ўдзельнікамі працэсу. Усю справу прыдумалі сьледчыя з цэнтральнага апарату СК. Лосік зусім незразумела якім бокам там. Лосік у асноўным добра трымаўся. Былі рэчы, калі яму было цяжка. Жонка Даша чакала яго каля СІЗА».

Што тычыцца самой Гудзілінай, то яна была адвакаткай мадэратара сацыяльных сетак «Краіны для жыцьця» Дзьмітрыя Папова.

«Папову 16 гадоў далі ведаеце за што? За тое, што ён прынёс Ціханоўскаму паўэрбэнк на адзін са стрымаў. Так і ёсьць, я ня ўтрырую, яны не былі знаёмымі. Проста Папова палічылі расейскім сьледам у справе Ціханоўскага разам зь Віталём Шкляравым і „вагнэраўцамі“. Але Шкляраў і „вагнэраўцы“ не ў турме, а Папоў — у турме».

Марыя Колесава-Гудзіліна
Марыя Колесава-Гудзіліна

Па словах Колесавай-Гудзілінай, Папоў быў затрыманы пасьля таго, як у КДБ з даносамі тэлефанаваў кіраўнік расейскай жанчынаненавісьніцкай арганізацыі «Мужское государство» Ўладзіслаў Пазднякоў.

«Ён тэлефанаваў у КДБ і казаў, што вось у вас ёсьць такі Дзьмітрый Папоў, які дапамагае Ціханоўскаму. І гэты дыск быў прыкладзены да справы. Дзіма Папоў — гэта такі хлопчык з Расеі, у яго нікога няма. Ён распавядаў, як памерла яго маці, як яна пакідала яго ў радзільні, а потым забірала. Ён вельмі цікавы хлопчык».

Блогер Уладзімер Цыгановіч (MozgOn) прасіў судзьдзю, каб да яго зьвярталіся не па імені з прозьвішчам, а «чалавек Уладзімер».

Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калёніі, Міколу Статкевіча — на 14 гадоў, Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча — на 15 гадоў, Дзьмітрыя Папова і Арцёма Сакава — на 16 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG