Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі адбывае свой 5-гадовы тэрмін зьняволеньня ў калёніі № 3 пад Віцебскам. Крыніца, дастаткова абазнаная ў справах Максіма Вінярскага, падзялілася апошнімі зьвесткамі пра палітвязьня.
«Мінулым месяцам прабыў 7 дзён у штрафным ізалятары, а за што пакаралі, засталося невядома. Лісты ад яго сяк-так даходзяць, звоніць параўнальна рэгулярна, было кароткатэрміновае спатканьне. Выглядаў схуднелым, але трымаецца, выгляду не падае, што яму дастаецца. Ходзіць у бібліятэку і пару разоў на месяц на стадыён, калі зьмена выпадае і няма дадатковай працы», — расказала крыніца пра Максіма Вінярскага.
Паводле той жа крыніцы, палітвязень працуе на ачыстцы дратоў ад ізаляцыі: «Сёлета гэта асноўная ў калёніі вытворчасьць, бо мэтал прасьцей рэалізаваць, а драўлянымі вырабамі забітыя ўсе склады».
Гэта пацьвердзіў былы палітвязень Анатоль Хіневіч, які таксама адбываў свой тэрмін у калёніі № 3 пад Віцебскам і вызваліўся сёлета ў лютым.
«Па ўмовах працы ён знаходзіцца ў атрадзе 2/11 — гэта так званы „штрафбат“, бо там кепскія ўмовы і брудная праца на разборцы мэталу. Часам даводзіцца працаваць з шклаватай, а гэта вельмі шкодна для здароўя», — зазначыў Анатоль Хіневіч.
Паводле Анатоля Хіневіча, ён сустракаў у калёніі Максіма Вінярскага падчас заняткаў у літаратурным гуртку, дзе і даведаўся, што Максім піша вершы. Анатоль на памяць цытуе такія радкі з турэмнага верша Максіма Вінярскага.
Сон для вязьня — лепшае кіно.
Мроя ў паўсядзённасьці турмы.
Саладзей за мёд, п’яны, нібы віно,
Подых ветру ў ветразях тваіх.
Ён нясе праз краты ды муры
да сяброў, да родных, да бацькоў.
Ўшчэнт ён разрывае кайданы,
З плеч скідае цяжар злых гадоў.
Тэрмін Максіма Вінярскага заканчваецца яшчэ праз два гады. Што ён думае адносна вызваленьня, расказала крыніца, якая прасіла яе не называць:
«Бачна, што вялікіх ілюзіяў ня мае і да любога сцэнару гатовы».
Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 году, а пазьней асудзілі на 5 гадоў калёніі паводле ч. 2 арт. 293 КК (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Сваёй віны актывіст не прызнаў, беларускія праваабаронцы прызналі Максіма Вінярскага палітвязьнем.