Аўгіня Манцэвіч, дачка палітвязьня, галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газэты» Аляксандра Манцэвіча, апублікавала яго апошняе слова перад вынясеньнем прысуду.
На пачатку прамовы Аляксандар Манцэвіч зьвяртае ўвагу на сымбалічны характар суду над ім:
«У верасьні Беларусь шырока адзначыла Дзень народнага адзінства, дзень аб’яднаньня беларускага народу ў адзінай сям’і ў верасьні 1939 года. Дваццаць дзявятага кастрычніка 1939 году ў Беластоку была прынятая на народным сходзе Заходняй Беларусі дэклярацыя аб уваходжаньні Заходняй Беларусі у БССР [...] Гэтаму папярэднічала два асноўных даклады. Адзін з дакладаў аб характары ўлады ў Заходняй Беларусі чытаў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, на вуліцы імя якога у Маладзечне сёньня месьціцца Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Другі даклад па пытаньні ўваходжаньня Заходняй Беларусі ў склад БССР чытаў настаўнік з Дзісеншчыны Флор Данатавіч Манцэвіч [...] У 1941 годзе яго расстралялі гітлераўскія акупанты ў Полацку менавіта за патрыятычную дзейнасьць. Я не ацэньваю пакта Рыбентропа-Молатава, як гэта часта робіцца ў сувязі з падзеямі 39-га году, я кажу толькі пра тое, што ўнука беларускага настаўніка, які агучыў на ўвесь сьвет у 39-м годзе памкненьні мільёнаў беларусаў, і ня толькі беларусаў, жыць у адзінай сям’і, сёньня ў гэтай залі судзяць за дыскрэдытацыю Беларусі».
Аляксандар Манцэвіч нагадаў прысутным, што «Рэгіянальная газэта» была адзіным у Беларусі масавым рэгулярна выдаваным мясцовым недзяржаўным выданьне цалкам на беларускай мове, якое ўпершыню выйшла ў 1995 годзе і такім заставалася да апошняга часу:
«У 2020 годзе, у годзе прэзыдэнцкіх выбараў і наступных падзей, мы прытрымліваліся галоўнага журналісцкага прынцыпу — паказваць жыцьцё такім, якім яно ёсьць, не даючы яму ўласных ацэнак. [...] З гэтай прычыны і немагчыма ў нас было знайсьці нейкіх заклікаў да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў, як гэта прыпісваецца мне і нашай газэце. Можа таму пракурор Шукрынаў у сваёй даведцы аб дасьледаваньні ютуб-каналу «Навіны Маладэчна. Рэгіянальная газэта» піша: «Авторами завуалировано размещены призывы к участию в несанкционированных массовых мероприятиях, поощряется их проведение и участие в них [...] Ні тады, ні цяпер ня ўказана ніводнага факту. Артыкул 369-1 Крымінальнага Кодэксу гаворыць аб распаўсюджваньні „заведомо ложных сведений“. Рэдакцыйная ж палітыка „Рэгіянальнай газэты“ будавалася на паказе фактаў, а не іх інтэрпрэтацый. Мы не распаўсюджвалі заведама ілжывыя звесткі. А права на свабоду меркаваньняў даецца артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Рэспубліка Беларусь».
Рэдактар «Рэгіянальнай газэты» нагадаў, што адбылося восем судоў па прызнаньні публікацый ці саміх рэсурсаў «Рэгіянальнай газэты» экстрэмісцкімі матэрыяламі, падчас якіх суды не прыцягвалі да разгляду справы экспэртаў, прызнаючы матэрыялы газэты экстрэмісцкімі.
Перад заканчэньнем прамовы Аляксандар Манцэвіч расказаў пра сваіх сяброў і настаўнікаў:
«Я меў шчасьце за сваё журналісцскае жыцьцё сустракацца з рознымі людзьмі. Быць знаёмым з Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім, Адамам Восіпавічам Мальдзісам, Анатолем Валянцінавічам Рогачам, Уладзімірам Содалем, Янкам Саламевічам, Міколам Капыловічам, Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім, Канстанцінам Іванавічам Харашэвічам [...] Я і сёньня чую іхныя галасы, галасы тых асоб, якія разам з маімі продкамі далі мне дакладныя арыенціры ў жыцьці. Вучылі жыць па прынцыпе „ніколі не здраджвай сваёй Бацькаўшчыне“. І для мяне Бацькаўшчына — ня толькі крыніца каля вёскі Малая Кавалеўшчына на Мёршчыне, якую да гэтага часу завуць Флоравай крыніцай, таму што яе расчысьціў са сваімі вучнямі настаўнік, мой дзед, Флор Данатавіч Манцэвіч [...] але і мой народ, мая Беларусь, служэньню якім я паклаў сваё жыцьцё.[...] Я не летуценьнік, але тое, што празь нейкі час у Маладзечне, ці ў Вілейцы, у Мядзелі ці Свіры [...] зьявіцца вуліца імя „Рэгіянальнай газэты“ — гэта мара можа быць цалкам рэальная і рэалізаваная. Нягледзячы на тое, што напаткала „Рэгіянальную газэту“, яна ўпісала яскравы і варты радок у гісторыю сучаснай Беларусі».
Рэдактар Манцэвіч не прызнаў сваё віны па ўсіх пунктах інкрымінаванага яму абвінавачаньня:
«Я не бачу сваёй віны ні ў чым. У першыя ж дні затрыманьня мне гаварылі апэратыўныя працаўнікі: „Аляксандр Барысавіч, ваш лёс вырашаецца не ў судзе, а тут, цяпер“, — хлусячы пра тое, што мая жонка з сардэчным прыступам трапіла ў бальніцу. — „Прызнайцеся ў сваёй віне і ўсё будзе добра“. Толькі ў чым мая віна? Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў, грамадзянін дзяржаўны абвінаваўца? Паглядзіце мне ў вочы. Ніколі. Шкада толькі блізкіх, хворую жонку, унука Даната, якога я думаў вучыць новым словам, а яго мама вымушаная цяпер шукаць словы, як патлумачыць дзіцёнку тое, за што яго дзед сядзіць у турме, дзе месца сапраўдным злачынцам, і толькі злачынцам [...] Падзеі пасьля лета 21-га году вакол „Рэгіянальнай газэты“ зьнішчылі найцудоўны праект, які працаваў для Беларусі, у імя Беларусі. Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю. Дзякуй яшчэ раз усім за падтрымку мяне».
Цалкам прамову Аляксандра Манцэвіча чытайце ТУТ.
- 3 лістапада вынесьлі прысуд галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» і палітвязьню Аляксандру Манцэвічу. Журналіста абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу. Прысуд — 4 гады калёніі агульнага рэжыму.
- Крымінальную справу вёў судзьдзя Аляксей Іршын, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў памочнік пракурора Аляксандар Марцінчык.
- Суд прызнаў Манцэвіча вінаватым і пастанавіў пакараць вядомага журналіста пазбаўленьнем волі тэрмінам на 4 гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яму прысуджаны штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 тысяч 800 рублёў.
- Журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 году пасьля ператрусу ў ягоным доме. Да суду ён быў зьмешчаны ў сьледчую турму № 8 у Жодзіне.
- Паводле сьледзтва, Аляксандар Манцэвіч, зьяўляючыся дырэктарам рэдакцыі газэты, сумесна зь іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 году па 15 сакавіка 2023 году нібыта «распаўсюджваў у друкаваным выданьні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя лжывыя зьвесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».
- За кратамі ў Беларусі цяпер 33 журналісты. За студзень-верасень 2023 году 15 журналістаў асудзілі паводле крымінальных абвінавачваньняў, а ўжо асуджаную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву летась «даасудзілі» за «здраду дзяржаве». На працягу 2022 году было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах у дачыненьні да журналістаў і мэдыяработнікаў, сярод іх найбольшы тэрмін быў прызначаны Андрэю Аляксандраву, які праходзіў па справе БелаПАН, — 14 гадоў калёніі.
- З пачатку 2023 году прайшлі 26 ператрусаў у дамах журналістаў і ў рэдакцыях мэдыяў, было 35 затрыманьняў і 14 адміністратыўных арыштаў журналістаў, таксама сілавікі выклікалі журналістаў для апытаньня, наведвалі сваякоў і абшуквалі дамы тых, хто зьехаў зь Беларусі. У 2022 годзе БАЖ зафіксаваў 40 затрыманьняў журналістаў і 55 ператрусаў (зь іх 5 — у рэдакцыях СМІ), 20 разоў журналістаў арыштоўвалі паводле адміністрацыйных артыкулаў.