Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палітыка нянавісьці разбурае міжнацыянальную згоду


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прарасейскія пратэстоўцы паляць украінскі сьцяг. травень 2014 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прарасейскія пратэстоўцы паляць украінскі сьцяг. травень 2014 году

Падзеі на Паўночным Каўказе, у Махачкале, дзе аэрапорт на некалькі гадзін захапіў узбуджаны натоўп у пошуках габрэяў, даюць нагоду ізноў зьвярнуцца да тэмы міжнацыянальных адносін.

У вэрсію Пуціна, што пагром быў выкліканы падбухторваньнем нейкага кантраляванага Ўкраінай тэлеграм-каналу, можа паверыць толькі той, хто не глядзеў відэазапісы са стыхійных мітынгаў у розных рэгіёнах Паўночнага Каўказу. Словы 10-гадовых хлапчукоў, што яны гатовыя забіваць габрэяў нажамі, ня могуць быць інсьпіраваныя нейкім тэлеграм-каналам: найхутчэй, гэта вынік таго, што дзеці чулі ў сям’і, ад дарослых, на працягу не аднаго і ня двух месяцаў. Настроі ж дарослых, на думку аглядальнікаў, сфармаваліся не ў апошнюю чаргу пад уплывам афіцыйнай расейскай прапаганды, якая сыстэматычна распальвае варожасьць да прадстаўнікоў тых ці іншых нацыянальнасьцяў ды этнічных групаў. У адных выпадках гэта ўкраінцы, у іншых — жыхары Ізраілю, габрэі.

Беларусь далёкая ад Дагестану, але градус нянавісьці, якая бясконца льецца з тэлеэкранаў у выступах найбольш адыёзных праўладных менскіх прапагандыстаў, ніяк ня меншы, чым у перадачах маскоўскіх прапагандыстаў Салаўёва ці Скабеевай.

Пэўны час нянавісьць гэтая была накіраваная на ўнутранага ворага, на палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. Потым, калі значная іх частка была вымушаная пакінуць Беларусь, — на «зьбеглых». З пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны быў знойдзены і вонкавы вораг.

Затрыманьні за сьцягі і гутаркі ў КДБ

Варта заўважыць, што літаральна адразу пасьля свайго абраньня на пасаду прэзыдэнта ў 1994 годзе Лукашэнка пачаў рабіць выказваньні, якія падпадалі пад вызначэньне «распальваньне варожасьці». Праўда, спачатку не па нацыянальнай прыкмеце — толькі, кажучы юрыдычнай мовай, па «сацыяльнай» і «палітычнай».

У прамой тэле- і радыётрансьляцыі Лукашэнка называў прадпрымальнікаў «вшивыми блохами». Ну, а пералік абразьлівых выказваньняў на адрас апанэнтаў зь Беларускага Народнага Фронту (ізноў жа ў трансьляцыі) заняў бы не адну старонку. Пракуратура на такія словы Лукашэнкі аніяк не рэагавала.

Аднак потым Лукашэнка пачаў дазваляць сабе і ацэнкі, якія закраналі нацыянальную годнасьць. У першую чаргу годнасьць беларусаў — тых, каму былі не абыякавыя нацыянальны гонар, нацыянальныя каштоўнасьці, для каго сапраўдная гісторыя Беларусі не была пустым гукам. Пазьней Лукашэнка выказваўся і пра габрэяў, і пра палякаў.

Сказаць, што сёньня дзяржаўная прапаганда вядзе выразную антыпольскую і антыўкраінскую палітыку — значыць акрэсьліць толькі частку працэсу, які набывае ўсё большы маштаб.

І справа ня толькі ў тым, што мішэньню зрабіўся калектыўны Захад, NATO, ЗША і «англасаксы» (нейкі дзіўны ці то этнічны, ці то палітычны соцыюм, ахарактарызаваць які колькі-небудзь канкрэтна наўрад ці здатныя самі прапагандысты).

На тэрыторыі Беларусі, наколькі вядома, не жыве ніводзін натаўскі генэрал — нават на пэнсіі яны чамусьці аддаюць перавагу Флорыдзе альбо Маёрцы. І этнічных ангельцаў ці французаў, якія зь нейкіх прычын пасяліліся б у Чавусах ці Ляхавічах, наўрад ці набярэцца хаця б сотня.

А вось палякаў перапіс 2019 году зафіксаваў у колькасьці 287 693 чалавекі, а ўкраінцаў — 159 656. Разам яны складаюць значную частку беларускага народу (не насельніцтва Беларусі, а менавіта — беларускага народу).

І, нарэшце, галоўнае: усё больш падставаў лічыць, што рост міжнацыянальнага напружаньня робіцца часткай сьвядомай палітыкі дзяржаўнага апарату.

Так, праваабаронцамі зафіксаваныя выпадкі, калі міліцыя затрымлівала, а судзьдзі давалі прысуды за выкарыстаньне жоўта-блакітнага сьцяга (пры тым, што ён — дзяржаўны сымбаль Украіны, а Рэспубліка Беларусь не знаходзіцца з Украінай у стане вайны). Затрымлівалі і за ўкраінскія песьні. У распараджэньні Радыё Свабода ёсьць прыклады, калі супрацоўнікі КДБ выклікалі на «гутаркі» этнічных украінцаў альбо этнічных палякаў.

Войны і з жывымі, і зь мёртвымі

Альбо прыгадаем зьнішчэньне магілаў вайскоўцаў Арміі Краёвай. Гэтаму нельга знайсьці іншага тлумачэньня, як толькі асэнсаванае імкненьне нанесьці ўдар па нацыянальных пачуцьцях палякаў. Вядома, куды болей гэтыя пачуцьці закранутыя зьдзекам над жывым чалавекам, лідэрам польскай меншасьці Андрэем Пачобутам, які знаходзіцца за кратамі паводле надуманага, палітычна матываванага абвінавачаньня.

Дарэчы, пра могілкі. А могілкі францускіх салдатаў, палеглых у беларускую зямлю, будуць зьнішчаць? А могілкі салдатаў вэрмахту, якія загінулі ў 1941–1944 гадах?

Цалкам магчыма, што ў сваіх пошуках вінаватых у «генацыдзе беларускага народу» ў часы «Вялікай Айчыннай вайны» ўлады дойдуць і да пахаваньняў нямецкіх салдат. І наўрад ці гэта выкліча шок у беларускага грамадзтва, якое трымаюць у стане пэрманэнтнага пошуку вінаватых — і знаходзяць гэтых вінаватых у вобразах вонкавых ворагаў (унутраных амаль усіх ці пасадзілі за краты, ці выціснулі ў эміграцыю, ці прымусілі замаўчаць).

А між тым яшчэ тры дзясяткі гадоў таму ў Беларусі дзейнічала гуманітарная беларуска-нямецкая арганізацыя «Ўзаемаразуменьне і ўзаемапрымірэньне». Яна займалася, сярод іншага, доглядам магілаў савецкіх салдат на тэрыторыі Нямеччыны і ўпарадкаваньнем пахаваньняў нямецкіх салдат у Беларусі. У праўленьне гэтай арганізацыі ўваходзіў і вэтэран Другой сусьветнай вайны Васіль Быкаў.

У гэтым працэсе ўзаемапрымірэньня Васіль Быкаў бачыў вялікі сэнс і, як казаў у інтэрвію, спадзеў на мірнае суіснаваньне нацый у будучым.

Выглядае, што занадта спадзяваўся.

Вайна без вайны

Калі абстрагавацца ад сёньняшняй сытуацыі і, зноў жа, зазірнуць у гісторыю, можна ўбачыць, што ў экстрэмальных для існаваньня дзяржаў сытуацыях тое, што мы цяпер называем «распальваньнем нацыянальнай варожасьці», выкарыстоўвалася як пры дыктатарскіх рэжымах, гэтак і пры дэмакратычных.

Добрым прыкладам можа быць Другая сусьветная вайна.

У СССР у часе вайны вельмі папулярнымі былі артыкулы Ільлі Эрэнбурга, у якіх ён наўпрост культываваў нянавісьць да нямецкай нацыі як такой, не даючы ёй ніякага шанцу на наяўнасьць хаця б аднаго прыстойнага чалавека. Гэтыя артыкулы перадрукоўваліся ў франтавых і дывізіённых газэтах, палітрукі чыталі іх уголас салдатам і афіцэрам. Зразумела, што ня толькі з уласнай ініцыятывы.

Ня менш папулярным быў і верш Канстанціна Сіманава «Убей немца!» («Сколько раз увидишь его — столько раз его и убей!»).

Аднак вясной 1945 году ў «Правде» зьявіўся артыкул «Товарищ Эренбург упрощает», у якім нязвыкла ў дачыненьні да Эрэнбурга рэзка крытыкаваўся абагульнены падыход пісьменьніка да нямецкай нацыі як да «шайки преступников». Публікацыя «Праўды» сама па сабе была дырэктывай, але ні для военачальнікаў, ні для самога Эрэнбурга не было сакрэтам, што тэкст артыкула надыктаваў ня хто іншы, як Сталін. Усё проста: зьмяніліся абставіны, зьявілася іншая палітычная каньюнктура (канкрэтна — магчымасьць будаваць камунізм калі не на ўсёй, дык на частцы тэрыторыі Нямеччыны) — зьнікла і неабходнасьць заклікаць да зьнішчэньня ўсіх немцаў. Пра Сіманава ў публікацыі «Правды» ня ўзгадвалася, алё ён апэратыўна зразумеў актуальнасьць моманту і з таго часу ва ўсіх зборніках друкаваў свой легендарны верш пад іншай назвай — «Убей фашиста!».

У канцы 1941 году ў ЗША, якія перажылі налёт японскай авіяцыі на Пёрл-Харбар, усіх этнічных немцаў, японцаў і італьянцаў абвясьцілі (паводле закону) «варожымі элемэнтамі». А ў 1942 годзе каля 120 тысяч этнічных японцаў (большасьць зь іх мелі грамадзянства ЗША) інтэрнавалі ў лягеры, абнесеныя калючым дротам і пад узброенай аховай, умовы жыцьця ў якіх мала адрозьніваліся ад умоваў, у якіх знаходзіліся ваеннапалонныя. У амэрыканскіх газэтах друкаваліся карыкатуры, у якіх высьмейваліся японцы (не саюзьнік Гітлера японскі імпэратар альбо яго адміралы, а менавіта японцы), выпускаліся адмысловыя ўлёткі.

У студзені 1945 году інтэрнаваньне было скасавана, у 1976 годзе прэзыдэнт ЗША Джэралд Форд прызнаў інтэрнаваньне «памылковым», а ў 1988 годзе прэзыдэнт Роналд Рэйган выбачыўся за дзеяньні ўраду ЗША. Усім інтэрнаваным, якія былі жывыя ў той момант, выплацілі кампэнсацыю ў 20 тысячаў даляраў.

Распальваньне варожасьці ў ваенны час гісторыя, як правіла, не апраўдвае, але знаходзіць гэтаму прычыны.

Чым жа патлумачыць гэты працэс у Беларусі, якая ні з кім не ваюе? Ні з Польшчай, ні зь Літвой, ні з Украінай, ні з ЗША, ні зь Вялікай Брытаніяй, ні з Ізраілем, ні зь якой-небудзь іншай краінай?

Хіба што адным: палітыка нацыянальнай нянавісьці праводзіцца ў інтарэсах зусім іншай краіны, захоп тэрыторый для якой зрабіўся арганічнай часткай палітыкі «ўставаньня з каленяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG