Зьнешняя выведка Беларусі будзе накіраваная на абарону нацыянальных інтарэсаў, а таксама будзе займацца прадухіленьнем шкоды нацыянальным інтарэсам з боку экстрэмісцкіх арганізацый і асоб, піша reform. by
Аляксандр Лукашэнка ўказам нумар 344 ад 2 лістапада ўнёс зьмены ва ўказ нумар 116 ад 25.03.2003 годe «Аб пытаньнях зьнешняй выведка». 4 лістапада дакумэнт афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале і ўступае ў сілу адразу пасьля апублікаваньня.
Ва ўказе выдзеленая галоўная мэта зьнешняй выведкі. Гэта «выключэньне раптоўнасьці ўзьнікненьня за межамі Рэспублікі Беларусь пагроз нацыянальнай бясьпецы і своечасовае забесьпячэньне кіраўніцтва краіны неабходнай інфармацыяй для прыняцьця адпаведных рашэньняў».
У пералік асноўных задач зьнешняй разьведкі цяпер дададзена «рэалізацыя папераджальных мер па недапушчэньні шкоды нацыянальным інтарэсам і бясьпецы Рэспублікі Беларусь з боку спэцыяльных службаў і арганізацый замежных дзяржаў, тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, арганізаваных злачынных груп і асобных асоб».
Як вядома, у сьпіс экстрэмісцкіх арганізацый дададзеныя многія сродкі масавай інфармацыі, рэдакцыі якіх былі вымушаныя пакінуць Беларусь пасьля 2020 году і цяпер знаходзяцца за мяжой. Таксама ў гэты сьпіс уключаюць і асобных людзей.
У новай рэдакцыі таксама даецца вызначэньне зьнешняй выведкі. Цяпер гэта «асаблівы від дзейнасьці суб’ектаў зьнешняй выведкі, які прадугледжвае абарону нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь шляхам здабываньня і выкарыстаньня выведнай інфармацыі, а таксама аказаньня садзеяньня дзяржаўным органам і арганізацыям у рэалізацыі мер у галіне палітычнага і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь». Раней у вызначэньні была прапісаная «абарона жыцьцёва важных інтарэсаў асобы, грамадзтва і дзяржавы».
Выведныя службы органаў дзяржаўнай бясьпекі цяпер будуць весьці выведку ва ўсіх сфэрах нацыянальнай бясьпекі. Раней гэтыя сфэры былі канкрэтызаваны.
Выведныя службы Узброеных сіл будуць весьці выведку ў вайсковай сфэры, якая ўключае выведку ў вайскова-палітычнай, вайскова-стратэгічнай, вайскова-тэхнічнай, інфармацыйнай, вайскова-эканамічнай, вайскова-экалягічнай, вайскова-біялягічнай сфэрах. У новай рэдакцыі дададзеныя вайскова-стратэгічная, інфармацыйная і вайскова-біялягічная сфэры.
Органы памежнай службы будуць займацца выведкай у сфэры правядзеньня дзяржаўнай памежнай палітыкі ў інтарэсах аховы мяжы і гарантаваньня памежнай бясьпекі.
Выведныя службы атрымліваюць паўнамоцтвы на «стварэньне легендарных арганізацый або іх падразьдзяленьняў, апэратыўных улікаў, даведачных, інфармацыйных сыстэм і электронных інфармацыйных рэсурсаў, неабходных для функцыянаваньня выведных службаў». Раней яны маглі толькі ўносіць прапановы «аб стварэньні арганізацый або іх падразьдзяленьняў, неабходных для функцыянаваньня выведных службаў».
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.