Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьням і іх сем’ям выплачана амаль 200 тысячаў эўра, сабраных падчас маратону салідарнасьці «Нам ня ўсё роўна!» — АПК


Палітвязьням і іх семʼям выплачана амаль 197.100 эўра, сабраных падчас маратону салідарнасьці «Нам ня ўсё роўна!», паведамляе прэсавая служба Абʼяднанага пераходнага кабінэту (АПК), піша «Позірк».

Пераводам грошай займаюцца грамадзкія арганізацыі і дабрачынныя фонды, задаволеныя 232 заяўкі, удакладняецца ў рэлізе.

У арганізацыі і фонды накіравана 248.400 эўра.

«Беларуская Рада культуры» атрымала 9.500, «Анархічны Чорны крыж Беларусі» — 20.000, фонд дапамогі беларусам у Літве Razam — 20.000, дабрачынная арганізацыя Littouwin LIONS CLUB — 15.000, праваабарончая ініцыятыва Dissidentby — 18.000, ініцыятыва BY_help — 46.900, фонд беларускай салідарнасьці BYSOL — 100.000, мэдыя-праект дапамогі беларускім палітвязьням-жанчынам «Палітвязынка» — 5.000.

Збор сродкаў праводзіўся 28-30 ліпеня, сам 12-гадзінны маратон прайшоў 29 ліпеня. У яго арганізацыі і правядзеньні ўдзельнічала больш за 20 незалежных СМІ, мерапрыемства трансьлявалася на іх ютуб-пляцоўках.

Усяго за вылікам камісіі было сабрана 545.740,22 эўра і 12 тысячаў эўра ў крыптавалюце. Паступіла 14.135 ахвяраваньняў ад 11.208 чалавек з 86 краінаў. Найбольш сродкаў прыйшло з Польшчы (200.563 эўра), ЗША (89.740), Літвы (55.130), Нямеччыны (39.131) і Вялікай Брытаніі (25.790).

3 кастрычніка МУС і Сьледчы камітэт паведамілі аб адкрыцьці крымінальнай справы па ч. 2 арт. 361–2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці») у дачыненьні да арганізатараў і ўдзельнікаў маратону, ініцыятарамі якога названыя прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова і беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.

Было заяўлена аб ідэнтыфікацыі «каля 60 датычных з ліку арганізатараў маратону і іх памагатых», а таксама аб тым, што цяпер «устанаўліваюцца асобы, якія маюць дачыненьне да фінансаваньня экстрэмізму на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG