Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусам паабяцалі не канфіскоўваць аўтамабілі». Лябедзька пра візыт у Латвію


Анатоль Лябедзька. Каляж.
Анатоль Лябедзька. Каляж.

Са сьнежня ў Латвіі зьбіраліся канфіскоўваць аўтамабілі зь беларускімі і расейскімі нумарамі. Меркавалася, што іх будуць перадаваць для выкарыстаньня ва Ўкраіну, або што будуць выстаўляць на аўкцыён тыя транспартныя сродкі, чые ўласьнікі адмовяцца перарэгістраваць нумары на латвійскія.

Пасьля візыту ў Рыгу беларускіх дэмакратычных палітыкаў Саэйма Латвіі выключыла згадку пра грамадзян Беларусі з праекту закону аб дарожным руху. Ці канчатковае гэта рашэньне і як сёньня лабіяваць на карысьць беларусаў у сьвеце?

Пра гэта расказвае прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях канстытуцыйнай рэформы і парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

Глядзіце інтэрвію цалкам у відэафармаце на Youtube.

Палітык расказаў пра паездку ў Рыгу, дзе ў яго адбылася сустрэча з прадстаўнікамі групы «За дэмакратычную Беларусь».

«З аднаго боку, гэта ўжо не абяцаньне, але яшчэ і не канчатковае рашэньне. Мы прывялі свае аргумэнты, яны паабяцалі ўсё гэта ўзважыць. Мы атрымалі папярэднюю інфармацыю, якая падмацаваная ўжо канкрэтнымі рашэньнямі. Профільны камітэт па народнай гаспадарцы выключыў з тэксту праекту зьменаў дзейнага заканадаўства Беларусь. Гэта азначае, што ў папраўцы, якая павінна была тычыцца і беларусаў, і расейцаў, беларусаў ня будзе. Але яшчэ будзе канчатковае галасаваньне на пленарным паседжаньні».

Паводле Лябедзькі, у практыцы звычайна галасаваньне ў профільным камітэце бывае калькай галасаваньня, якое адбываецца на пленарным паседжаньні. Здараюцца і выключэньні, але прадстаўнік Ціханоўскай спадзяецца, што дамова ёсьць і беларусам няма за што хвалявацца.

Раней Міністэрства юстыцыі Латвіі распрацавала законапраект, які забараняе транспартным сродкам зь беларускімі і расейскімі нумарамі, што раней уехалі ў краіну, заставацца ў ёй безь перарэгістрацыі. Калі б адпаведны закон прынялі, на працягу трох месяцаў пасьля таго, як ён набудзе моц, транспарт неабходна будзе або перарэгістраваць, або вывезьці за межы Латвіі. У адваротным выпадку яго могуць канфіскаваць.

У Латвіі растлумачылі, што законапраект падрыхтаваны на базе тлумачэньняў Эўракамісіі, згодна зь якімі ўсе рэчы, якія купленыя ў Расеі і падпадаюць пад санкцыйныя рэгуляцыі, — у тым ліку аўтамабілі, смартфоны і ноўтбукі, — забароненыя да ўвозу на тэрыторыю краін Эўразьвязу. Заплянаваныя ў Латвіі зьмены таксама прадугледжваюць забарону на транспартныя сродкі, зарэгістраваныя ў Беларусі, з улікам санкцый, уведзеных ЭЗ супраць Беларусі.

Раней у Латвіі забаранілі ўезд у краіну аўтамабіляў, зарэгістраваных у Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG