Грамадзянін Беларусі праз балоты незаконна перасек беларуска-ўкраінскую мяжу, каб трапіць да знаёмых і ўладкавацца на працу ва Ўкраіне.
Ён змог прайсьці ад беларускай мяжы па ўкраінскай тэрыторыі ўсяго 800 мэтраў, калі яго заўважылі ўкраінскія памежнікі і затрымалі. Гэта адбылося 24 кастрычніка на кірунку Парэ (Пінскі раён, Берасьцейская вобласьць) — Ненькавічы (Ровенская вобласьць).
У судзе, які яго аштрафаваў на 8,5 тысячы грыўняў (прыблізна 240 даляраў у эквіваленце) за незаконнае перасячэньне мяжы, беларус паведаміў, што працаваў токарам на рачным порце ў Пінску і выступае супраць «палітычнага рэжыму ў Беларусі».
Пакуль невядома, дзе цяпер знаходзіцца беларус. Свабода зьвярнулася ў суд, каб высьветліць яго далейшы лёс.
«У судовым пасяджэньні ад паслуг перакладчыка і адваката беларус адмовіўся. Па стане на 30 кастрычніка пастанова суда (аб адміністрацыйным пакараньні. – РС) яшчэ не набыла законную моц. Пытаньне выдварэньня або знаходжаньня ва Ўкраіне такой асобы не зьяўляецца паўнамоцтвам суда ў гэтай справе», – адзначылі ў судзе на запыт Свабоды.
Згодна з заканадаўствам Украіны, беларус можа абскардзіць пастанову аб адміністрацыйным пакараньні цягам 10 дзён. Таму цалкам магчыма, што пакуль гэты беларус застаецца на тэрыторыі Ўкраіны.
Беларуская вёска Парэ ўваходзіць у памежную зону, аднак памежнага пераходу ў вёсцы няма. Вёска знаходзіцца на правым беразе ракі Прастыр, ад Парэ ў кірунку Ўкраіны — вялікая забалочаная тэрыторыя.
Раней камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў, што на паўночных межах Украіны вайскоўцы паставілі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін.