Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Шуневіч заклікае дазволіць паляваньне на мядзьведзя. Навукоўцы супраць


Ігар Шуневіч
Ігар Шуневіч

Кіраўнік Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч заявіў у інтэрвію выданьню «Беларусь сегодня», што папуляцыя мядзьведзя ў краіне імкліва расьце і калі бязьдзейнічаць, то давядзецца прымаць надзвычайныя меры.

Паводле былога міністра ўнутраных справаў, папуляцыя мядзьведзяў асабліва расьце ў Віцебскай вобласьці і поўначы Менскай. Жывёлы ідуць у Беларусь з Расеі, дзе паляваньне на яго дазволенае.

«Нярэдка чальцы БТПР бачаць самак з дваімі, траімі, быў выпадак з чатырма медзьведзянятамі, што ёсьць нонсэнсам, бо звычайна мядзьведзіца прыносіць адно дзіцяня», — кажа Шуневіч.

Ён расказаў, што некалькі тыдняў таму, на сустрэчы Савету міністраў, прапанаваў выключыць мядзьведзя з Чырвонай кнігі. Ён лічыць, што на некаторых тэрыторыях жывёлы вельмі шмат. Шуневіч сьцьвярджае, што на арандаваных таварыствам тэрыторыях колькасьць мядзьведзяў вырасла за 10 год са 150 да 700. Другая прычыны, паводле яго, у тым, што мядзьведзь нападае на людзей.

Паводле самога Шуневіча, супраць дазволу паляваньня на мядзьведзя выказваюцца навукоўцы. Яны пакуль ня могуць дакладна вызначыць, колькі мядзьведзяў у Беларусі, і лічаць, што яго папуляцыя малая. Тым ня менш ён прапануе дазволіць адстрэл мядзьведзя прынамсі там, дзе яго шчыльнасьць, на думку Шуневіч, высокая. Былы міністар унутраных справаў лічыць, што нават калі на мядзьведзя ў Беларусі дазволяць паляваць, то ва ўсёй краіне знойдзецца ня больш дзясятка чалавек, якія захочуць застрэліць жывёлу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG