Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча выдала эўрапейскі ордэр на арышт начальніка турмы на Акрэсьціна


Турма на Акрэсьціна ў Менску
Турма на Акрэсьціна ў Менску

«Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» паведаміла, што першая група сілавікоў Лукашэнкі абвешчаная ў міжнародны вышук.

У Тэлеграм-канале і на Ютубе «НАУ» разьмешчаная інфармацыя пра тое, што шэсьць прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі паводле прадстаўленьня пракуратуры Польшчы абвешчаныя ў міжнародны вышук.

НАУ паведаміла, што інфармацыю аб падазраваных апублікаваў дзяржаўны тэлеканал Польшчы TVP на падставе зьвестак пракуратуры Польшчы.

Гэта:

  • Яўген Шапяцько — маёр, начальнік цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму (Акрэсьціна);
  • Глеб Дрыль — маёр, намесьнік начальніка ізалятара часовага ўтрыманьня ГУУС Менгарвыканкаму (Акрэсьціна);
  • Дзьмітры Страбкоў — палкоўнік унутранай службы, начальнік папраўчай установы «Турма № 8 г. Жодзіна»;
  • Яўген Савіч — прапаршчык міліцыі, АМАП ГУУС Менгарвыканкаму;
  • Юлія Сакалова — старшы лейтэнант міліцыі, АГІМ ГУУС Менгарвыканкаму;
  • Карына Валуйская — прапаршчык міліцыі, патрульна-паставая служба міліцыі Фрунзенскага РУУС г. Менску.

Адносна іх выдадзены эўрапейскі ордэр на арышт.

Гэтыя асобы падазраюцца ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных часткай 3 арт. 189 Крымінальнага кодэксу Польшчы — пазбаўленьне чалавека волі, учыненае з асаблівай жорсткасьцю.

Свабода прагледзела выпуск перадачы «Alarm!» на першым канале Польскага тэлебачаньня (TVP 1) ад 16 кастрычніка. Вядучы перадачы ў сюжэце пра перасьлед палякаў у Беларусі пасьля паказу картак з фатаздымкамі і асабістымі дадзенымі названых шасьці сілавікоў паведаміў, што:

«Польская пракуратура выдала эўрапейскі ордэр на арышт усёй шасьцёркі».

У паведамленьні «НАУ» гаворыцца, што «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» з 2020 году аказвала садзейнічаньне ў зборы і перадачы матэрыялаў аб зьдзяйсьненьні як вышэйзгаданых, так і іншых злачынстваў, учыненых на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.

Каманда «НАУ» супрацоўнічае з трыма адвакацкімі бюро ў Польшчы і адным у Літве, а таксама з праваабаронцамі ў Швайцарыі, Нямеччыне і іншых краінах.

Беларусь займае апошняе месца ў Індэксе забароны катаваньняў сярод постсавецкіх краінаў

Рабочая група па барацьбе з катаваньнямі Плятформы «Грамадзянская салідарнасьць», у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадзкіх арганізацый з васьмі краін рэгіёну АБСЭ: Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Малдова, Польшча, Расея, Таджыкістан і Ўкраіна — у жніўні 2023 году прадставілі штогадовы Індэкс выкананьня забароны катаваньняў.

Як пісала «Вясна», Беларусь у Індэксе заняла апошняе месца, набраўшы ў 2022 годзе –95 балаў, што яшчэ ніжэй на два балы, чым у папярэдні год. За 2022 год і да гэтага найбольшую колькасьць балаў у Індэксе набрала Малдова, паказаўшы максымальны ўзровень выкананьня забароны катаваньняў.

У 2022 годзе Праваабарончы цэнтар «Вясна» зафіксаваў і задакумэнтаваў 227 выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да 89 жанчын і 138 мужчын.

Экспэрты адзначаюць, што сытуацыя з выкананьнем права не зазнаваць катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня ў Беларусі «працягвае заставацца крытычна нездавальняючай». Нягледзячы на тое, што права не зазнаваць катаваньняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня гарантавана Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі, «у 2022 годзе, як і раней, праваабаронцы працягвалі фіксаваць новыя выпадкі катаваньняў і забароненага абыходжаньня з палітычных матываў, а таксама атрымлівалі новыя сьведчаньні аб такіх выпадках, якія мелі месца ў папярэднія гады».

  • У жніўні 2021 году Сьледчы камітэт даў паведаміў пра завяршэньне праверкі па зваротах грамадзян, якія пацярпелі ад жорсткасьці сілавікоў падчас затрыманьня на мірных акцыях і ў месцах пазбаўленьня волі — у ІЧУ і ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму.
  • У ведамстве адзначылі, што ў адным толькі Менску да іх паступілі скаргі ад 680 чалавек. Нягледзячы на гэта ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў МУС сьледчыя адмовілі. Пры гэтым у дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў крымінальныя справы заводзіліся тысячамі і да гэтага часу заводзяцца. Ужываньне гвалту да затрыманых за пратэсты прызнаваў і Аляксандар Лукашэнка.
  • У сакавіку 2022 году ў ААН прадставілі даклад аб масавых рэпрэсіях у Беларусі ў 2020 годзе. У ім паведамлялася, што за пяць дзён пратэстаў, якія пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году, былі затрыманыя каля 13 500 чалавек, у тым ліку 700 непаўналетніх. Шмат хто з затрыманых падвяргаўся працяглым зьбіцьцю дубінкамі ў транспарце, у аддзяленьнях міліцыі і сьледчых ізалятарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG