Сьвятошынскі раённы суд Кіева 18 кастрычніка абвясьціў выракі ў справе пра расстрэл удзельнікаў масавых акцый пратэсту ў Кіеве 20 лютага на вуліцы Інстытуцкай, тады загінулі 48 пратэстоўцаў.
У справе фігуравалі пяць абвінавачаных супрацоўнікаў спэцыяльнага падразьдзелу «Бэркут» — Паўло Аброськін, Сяргей Зінчанка, Аляксандар Марынчанка, Сяргей Тамтура і намесьнік камандзіра падразьдзелу Алег Янішэўскі.
Як паведаміла ўкраінскае выданьне «Суспільне», у зале суда прысутнічалі толькі два абвінавачаныя — Аляксандар Марынчанка і Сяргей Тамтура. Ііншых абвясьцілі ў вышук пасьля таго, як Украіна перадала іх Расеі ў межах абмену палоннымі ў сьнежні 2019 году.
Суд прысудзіў завочна Алегу Янішэўскаму пажыцьцёвае зьняволеньне, а Паўлу Аброськіну і Сяргею Зінчанку — па 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Двух іншых, якія засталіся ва Ўкраіне і прысутнічалі на абвяшчэньні выраку, — Сяргея Тамтура і Аляксандра Марынчанка — прысяжныя апраўдалі.
Судовы разгляд справы працягваўся з траўня 2015 году да лістапада 2022 году. Амаль год суд прысяжных знаходзіўся ў дарадчым пакоі, каб вынесьці вырак.
Колішнія супрацоўнікі спэцпадразьдзелу «Бэркут» абвінавачваліся ў выкарыстаньні табэльнай агнястрэльнай зброі супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Паводле сьледзтва, яны ўчынілі наўмыснае забойства 48 грамадзян і ажыцьцявілі замах на забойства яшчэ 80 пратэстоўцаў. Апроч таго, іх абвінавацілі ў тэрарыстычным акце і іншых злачынствах.
Ва Ўкраіне масавыя акцыі пратэсту, якія пазьней пачалі называць Эўрамаданам і Рэвалюцыяй годнасьці, пачаліся 21 лістапада 2013 году, пасьля таго, як улады вырашылі адмовіцца ад падпісаньня з Эўразьвязам дамовы аб асацыяцыі. Маштаб пратэстаў павялічыўся па ўсёй краіне пасьля таго, як 30 лістапада ўлады жорстка разагналі пратэстоўцаў. Акцыі працягваліся да лютага 2014 году, і цягам усяго гэтага часу сілавікі некалькі разоў спрабавалі разагнаць іх удзельнікаў.
Паводле пракуратуры Ўкраіны, у часе Рэвалюцыі годнасьці пацярпелі 2,5 тысячы грамадзян, у тым ліку 104 зь іх загінулі. Пазьней загінулых пачалі называць Нябеснай сотняй.
Адной зь першых ахвяр стаў грамадзянін Беларусі Міхась Жызьнеўскі. Яго застрэлілі 22 студзеня 2014 году ў Кіеве. У 2017 годзе яго ўшанавалі званьнем Героя Ўкраіны. Зорку Героя Ўкраіны тагачасны прэзыдэнт Пятро Парашэнка перадаў бацькам Міхася. Забойцу дагэтуль не знайшлі.