Уладзімер Жыгар — адзін з заснавальнікаў BelPol. Да падзей 2020 году працаваў опэрупаўнаважаным аддзяленьня крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС. Потым далучыўся да каманды «Краіны для жыцьця». Ад 2020 году — у эміграцыі.
У інтэрвію Свабодзе Ўладзімер Жыгар расказаў, як удзельнічаў у ахове Лукашэнкі, калі той прыяжджаў у Гомель.
«Лукашэнка за час маёй працы ў Мазыры ў горад не прыяжджаў, але прыяжджаў у Гомель двойчы. Адзін з тых разоў, калі ён сустракаўся з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам (сустрэча адбывалася ў кастрычніку 2018 году падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. — РС). І тады ўсіх супрацоўнікаў [міліцыі] вобласьці сабралі ў адным горадзе сустракаць так званае «ВДЛ» (найвышэйшую службовую асобу).
Спадар Жыгар кажа, што гэта было «сумнеўным задавальненьнем», але езьдзілі ўсе міліцыянты.
«А трэцяй гадзіне ночы ты прыяжджаеш у РАУС, нікому не выдаюць агнястрэльнай зброі, а толькі палкі гумовыя. Потым на аўтобусах цэнтралізавана прывозяць у Гомель, дзе кожнаму супрацоўніку выдаецца прадпісаньне, дзе ён павінен знаходзіцца. Гадзіны да 7-8-й ранку цябе прывозяць на „пункт“, дзе ты павінен знаходзіцца, і кажуць: „Ну ўсё, чакаем“. Ты пытаесься: „А калі, уласна, прыедзе?“ — „Ну, можа, гадзіне а чацьвёртай“, — адказваюць. „А мне што рабіць да гэтага часу?“ „Ня ведаю, хадзі“. Мне хадзіць сто мэтраў туды, сто мэтраў назад, вы сур’ёзна?».
Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі ня могуць нікуды схавацца, схадзіць у прыбіральню ці паабедаць, бо ўвесь час езьдзяць правяральнікі, якія фіксуюць, ці супрацоўнікі знаходзяцца на сваіх месцах.
«І вось ён (Лукашэнка. — РС) едзе, яго вязуць па пэўным маршруце. Потым едзе назад, садзіцца на верталёт і адлятае. Калі верталёт зьнікае, то па радыёстанцыі ідзе каманда „Адмена“. Усе супрацоўнікі могуць расслабіцца, аўтобус іх забірае, вязе да месца збору, ты перасаджваесься на свой аўтобус. Калі нешта ёсьць паесьці, то ясі і едзеш да сябе дадому. А ранкам, і ня важна, а якой гадзіне ты прыехаў, ты павінен быць на працы і выконваць свае паўсядзённыя задачы, якіх і так шмат, а становіцца яшчэ болей за дзень адсутнасьці».
Уладзімер Жыгар кажа, што толькі з аднаго Мазыра ў Гомель прыяжджала два аўтобусы зь міліцыянтамі. Прыяжджалі супрацоўнікі МУС і зь іншых райцэнтраў.
«Зьбіраюць шмат, вельмі шмат. І гэта, дарэчы, таксама добры паказьнік. Калі ты стаіш і глядзіш на ўсё гэта дзеяньне, ты разумееш, што чалавек, у якога нібыта так шмат падтрымкі, як ён сам сабе піша, так баіцца людзей. Проста ж побач ніхто ня ходзіць, машыны ня езьдзяць, прыпаркаваныя машыны правяраюць, апячатваюць люкі, апячатваюць дахі, падвалы. Калі ў чалавека такая папулярнасьць, то хіба ён павінен так баяцца свайго народу? У прынцыпе, ён павінен ісьці на вуліцы між людзей і ніхто яго не павінен чапаць», — лічыць прадстаўнік BelPol.