Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Таму што Пуцін ня дурань». Хадаркоўскі патлумачыў, чаму ў Расеі няма «сваёй Ціханоўскай»


Міхаіл Хадаркоўскі
Міхаіл Хадаркоўскі

Расейскі апазыцыйны палітык, бізнэсовец і грамадзкі дзяяч Міхаіл Хадаркоўскі ў інтэрвію «Настоящему времени» паразважаў, чаму ў расейскай апазыцыі няма палітыка накшталт Сьвятланы Ціханоўскай, які мог бы размаўляць ад імя дэмакратычных сіл.

— Чаму ў расейскай апазыцыі няма сваёй Сьвятланы Ціханоўскай, альбо некага такога ў мужчынскім родзе?

— Таму што Пуцін ня дурань, таму што Лукашэнка дапусьціў сур’ёзную палітычную памылку. Ён даў магчымасьць беларускаму грамадзтву стварыць вось гэтую вось легітымную фігуру, у якой, рэальна кажучы, была большасьць на агульнанацыянальных выбарах. У Расеі Пуцін, натуральна, такой магчымасьці нікому не дае. І паколькі ён такой магчымасьці нікому не дае, то фігуры, аналягічнай Ціханоўскай, то бок той, у каго ёсьць легітымная падтрымка грамадзтва на выбарах, узьнікнуць проста ня можа, таму што правесьці такія выбары, напрыклад, у інтэрнэце — гэта ўсё ж такі гульня.

— Плюс у Ціханоўскай усё ж такі дыпляматычны статус у адной з краін Эўразьвязу, а гэта мае вагу.

— Я б сказаў, усё астатняе да гэтага прыкладаецца, таму што ўсё ж такі, калі людзі ці арганізацыя прадстаўляе інтарэсы істотнай часткі расейцаў, то да гэтага прыкладаецца прызнаньне кімсьці.

— Ну, проста прыходзіць Сьвятлана Ціханоўская ў Эўрапарлямэнт, у Эўразьвяз, нейкія структуры, і кажа: «Добры дзень, я Сьвятлана Ціханоўская», — зразумела, хто гэта, мае дыпляматычны статус, прайшлі агульнанацыянальныя выбары. Ад расейскай апазыцыі прыйдзе хто? І яму скажуць: «А вы хто? Вы там паміж сабой дамовіцца ня можаце!»

— Пра Ціханоўскую вы правільна сказалі: яна прыйшла і прадстаўляе дзевяцімільённы народ, ну, ці, ва ўсялякім разе, дэмакратычную частку гэтага дзевяцімільённага народу. У нас народ стасаракамільённы, і няма такога чалавека, які прадстаўляе нават трыццаць мільёнаў гэтага стасаракамільённага народу. Але ёсьць дзесяць чалавек, дзесяць арганізацый, якія ў суме гэтыя 30 мільёнаў, вядома, прадстаўляюць.

Цалкам інтэрвію з Хадаркоўскім можна прачытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG