Класкоўская правяла больш за два гады ў зьняволеньні — яе асудзілі за ўдзел у пратэстах у кастрычніку 2020 году.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
- Артыкул 411 — «Аб злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі» — выкарыстоўваюць для ўзьдзеяньня найперш на палітвязьняў. Кожны можа не зашпіліць гузік — усе зьняволеныя маюць такія больш ці менш дробныя «парушэньні». Але за палітвязьнямі адмыслова сочаць — і адміністрацыя, і тыя зьняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй.
- Нават калі палітвязень вельмі асьцярожны, адміністрацыя можа пайсьці на тое, каб падкінуць нейкія забароненыя рэчы — напрыклад, таблеткі ці лязо. На Марыю Калесьнікаву ў Гомельскай калёніі цягам аднаго дня «павесілі» чатыры парушэньні.
- Я ўпэўненая, што гэта загад зьверху. Турэмнікі самі па сабе — ня нейкія незалежныя людзі. Вядома ж, яны таксама маюць свае асабістыя рахункі, але калі я была за кратамі, увесь час прыяжджалі нейкія камісіі.
- Артыкул 411 выкарыстоўваюць, каб зрабіць тры рэчы — 1) нэўтралізаваць і ня выпусьціць на свабоду актыўнага палітвязьня зь лідэрскімі якасьцямі, 2) адпомсьціць актыўнаму палітвязьню, скарыць яго, 3) застрашыць палітвязьня.
- Я ня ведаю ніводнага палітвязьня, якога б апэратыўнікі калёніі ня страшылі гэтым артыкулам. Мяне ім палохалі не адзін раз.
- Для турэмнікаў вельмі важна, каб палітвязень прызнаў віну. Палітвязьні, якія нядаўна вызваліліся, распавядалі мне пра выпадак, калі апэратыўнік паклаў перад зьняволенай жанчынай дзьве тэчкі і сказаў, што ў адной — папера з прызнаньнем віны, а ў другой — матэрыялы, каб распачаць новую крымінальную справу. Таму, маўляў, выбірай, вось асадка.
- Асабліва такі прыём выкарыстоўваюць, калі да вызваленьня застаецца зусім мала. Чалавек зьнясілены, ён ужо настроіўся на вызваленьне, і яго бяруць за горла: альбо падпішы паперу, альбо мы будзем працягваць тваё зьняволеньне да бясконцасьці.
- Шмат хто не вытрымлівае, і за гэта ні ў якім разе нельга асуджаць палітвязьняў. Нельга патрабаваць ад іх нейкага залішняга гераізму за кратамі.
- Мяне ад артыкула 411 «уратавала» тое, што супраць мяне распачалі іншую крымінальную справу за камэнтар у інтэрнэце і вывезьлі ў Берасьцейскі СІЗА.
- Падчас свайго зьняволеньня я сустракалася з многімі крымінальнікамі, якія шмат разоў былі за кратамі, але супраць такіх людзей амаль ніколі не распачыналі крымінальнай справы па артыкуле 411. Толькі аднойчы я пачула гісторыю пра нейкага хлопца, які ледзь не зь лязом кідаўся на адміністрацыю і атрымаў гэты артыкул.
- Кожны палітвязень, які атрымлівае тэрмін, ня ведае, калі адбудзецца вызваленьне — фактычна гэта пажыцьцёвае зьняволеньне. Ёсьць яшчэ розьніца паміж палітвязьнямі «першай хвалі», якія былі арыштаваныя ў 2020 годзе, і тымі, каго перасьледуюць цяпер. У часе нашага знаходжаньня за кратамі гэта было больш на ўзроўні пагрозаў. А цяпер ужо зьявіліся асуджаныя па гэтым артыкуле нават не адзін раз.