Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс даў інтэрвію Радыё Свабода з нагоды вайны ў Ізраілі.
Сьцісла:
- Такую вялікую міжнародную сымпатыю да Ізраілю цяжка ўзгадаць за апошнія 20 гадоў.
- Менск і Масква ня могуць прыняць пазыцыю пэўнага аднаго боку канфлікту.
- Расея апошнія гадоў дваццаць заўсёды балянсавала на Блізкім Усходзе, і яе палітыка там была даволі ўдалай.
- Масква выйграе ад таго, што Захад мае новы галаўны боль.
- Пра Беларусь не забудуць, ціск на рэжым будзе працягвацца.
— Ці магчыма прагназаваць далейшае разьвіцьцё падзеяў у вайне паміж Ізраілем і групоўкай ХАМАС? Ці лічыце вы, што гэты канфлікт можа разрасьціся да большых маштабаў праз уступленьне ў вайну іншых бакоў? І як можа выглядаць нейкае лягічнае заканчэньне цяперашняй стадыі канфлікту, чым гэтая вайна можа скончыцца?
— Вельмі цяжка прагназаваць, бо пакуль мы не зусім разумеем некалькіх ключавых рэчаў, напрыклад, патэнцыйнага ўмяшаньня Ірану ці ЗША. Але ўжо зразумела, што цяперашняе абвастрэньне істотна адрозьніваецца ад тых, што здараліся апошнімі гадамі. І адрозьніваецца найперш тым, што сёньня нельга казаць пра нейкія правакацыі з боку Ізраілю.
Гэта быў нічым не справакаваны масавы тэрарыстычны акт ХАМАСу супраць мірных ізраільскіх грамадзянаў. І рэакцыя сусьветнай супольнасьці была вельмі паказальнай, такога раней не было. Мы ўжо бачым прапанову Эўракамісіі спыніць гуманітарную дапамогу Сэктару Газа. Мы нават назіраем неадназначную і зьмешаную рэакцыю кіраўнікоў розных арабскіх краінаў — яны кажуць пра «мір», але ня кідаюцца абараняць ХАМАС.
Сёньня ў сьвеце сярод кіраўнікоў краінаў амаль няма людзей, якія займаюць прахамасаўскую пазыцыю. І гэта вельмі важна, бо апошнімі гадамі, асабліва ў Эўропе, сярод іншага, у выніку росту левых настрояў, заўсёды было прынята лаяць Ізраіль. Зараз ніхто нават не спрабуе гэтага рабіць. Мне здаецца, такіх вялікіх сымпатыяў да Ізраілю я не ўзгадаю — магчыма, з таго моманту, калі заключаліся пагадненьні ў Осла.
— Але ці ня зьнікне гэтая салідарнасьць з Ізраілем пасьля ягонага рашучага ўдару ў адказ, у выніку чаго будуць гінуць у тым ліку і мірныя жыхары? Ці ня стане сусьветная супольнасьць зноў традыцыйна заклікаць Ізраіль да стрыманасьці і асуджаць празьмернае ўжываньне сілы?
— Такія галасы зьявяцца, але ня стануць большасьцю. Тут будзе іншае — ня надта публічнае лабіяваньне. У Эўропе мільёны арабскіх і мусульманскіх выбарнікаў, яны нярэдка дастаткова арганізаваныя. Лабіяваньне будзе нарастаць, але зьмены публічнай пазыцыі, я думаю, ня будзе.
Калі вайна зацягнецца — так, магчыма, стане больш крытычных выступаў на адрас Ізраілю. Але гэта не пытаньне найбліжэйшых дзён ці нават тыдняў, а далейшага часу.
Яшчэ адзін момант, які трэба ўлічваць: усе так ці іначай звыкліся, што ўва ўсіх такіх канфліктах ніхто ніколі да канца нічога не даводзіць. Заўсёды зьяўляюцца рэакцыі: «а давайце замарозім, мір лепшы за вайну». І зараз зразумела, што ніякай «канчатковай перамогі» Ізраілю над Газай быць ня можа — але сур’ёзная параза і аслабленьне вайскова-арганізацыйнай і фінансавай асновы ХАМАСу можа адбыцца.
— Тады дзеля чаго ХАМАС гэта пачаў? Няўжо ўсё гэта зроблена дзеля «інфармацыйнай перамогі» — кадраў забітых і захопленых у палон ізраільцаў? Ці мо быў намер (як сьцьвярджаюць некаторыя палітолягі) сарваць падпісаньне пагадненьня паміж Ізраілем і Саудаўскай Арабіяй?
— Калі і быў намер сарваць збліжэньне Ізраілю і Саудаўскай Арабіі, то папраўдзе атрымаецца наадварот. Бо цяпер Саудаўская Арабія будзе яшчэ больш зацікаўленая збліжацца з ЗША і Ізраілем, паколькі альтэрнатывай будзе ўзмацненьне Ірану. У яе інтарэсах дачакацца аслабленьня групоўкі ХАМАС, якую падтрымлівае Іран.
Магчыма, ХАМАС, ведаючы нейкія рэчы, якіх мы ня ведаем, і ўзгадніўшы гэта з Іранам, вырашыла такім чынам прыцягнуць да сябе ўвагу. Аднак актамі масавага тэрарызму і захопам закладнікаў прыцягнуць «увагу» можна, але яна будзе выключна са знакам «мінус».
— Менск і Масква даволі стрымана рэагуюць на гэтую вайну. Лукашэнка дагэтуль ня выказаўся, Пуцін традыцыйна абвінаваціў ува ўсім ЗША.
— Адназначна, што і Менск, і Масква ня могуць заняць пазыцыю пэўнага аднаго боку канфлікту. Таму яны і будуць казаць, што «мы за мір, за дээскаляцыю, давайце жыць дружна».
І Масква, і пагатоў Менск ня могуць заняць адназначна праарабскую пазыцыю. Бо для Масквы важна, каб Ізраіль захоўваў тую раўнаважную пазыцыю ў расейска-ўкраінскай вайне, якую ён меў дагэтуль. Ізраіль вельмі асьцярожна паводзіў сябе гэтыя паўтара года. Калі Ізраіль пяройдзе адназначна на пазыцыі Ўкраіны, гэта будзе вельмі сур’ёзным палітычным ударам для Масквы.
Расея апошнія гадоў дваццаць заўсёды балянсавала на Блізкім Усходзе, і яе палітыка там была даволі ўдалай. Бо Масква не выбірала ніводзін з бакоў і мела добрыя адносіны з усімі — Іранам, Ізраілем, Саудаўскай Арабіяй.
Таму Масква гаворыць тое, што гаворыць. А Менску даводзіцца ўлічваць пазыцыю Масквы, ды і сваю сытуацыю. Падтрымаць Ізраіль немагчыма празь відавочна нэгатыўную рэакцыю арабскіх краінаў. А цалкам падтрымаць арабаў непажадана, бо невядома, чым усё скончыцца, і гэта будзе працаваць у якасьці вельмі сур’ёзнага дадатковага раздражняльніка ў беларуска-заходніх адносінах.
— Але чым так важны Ізраіль для Масквы і Менску, чаму яны ня могуць заняць цалкам антыізраільскую пазыцыю? З Захадам адносіны і так максымальна сапсаваныя...
— Масква вельмі цэніць добрыя адносіны з Ізраілем. Бо поўны пераход Ізраілю ў лягер краінаў, якія адназначна падтрымліваюць Украіну, быў бы вельм хваравітым ударам і ў палітычным, і ў вайскова-тэхнічным сэнсе. Калі Ўкраіна пачне атрымліваць зброю ад Ізраілю, то, па-першае, давядзецца прызнаваць, што Ўкраіна ня ёсьць зборышчам нэанацыстаў. Па-другое, давядзецца нешта мяняць у вайсковым пляне, шукаць процідзеяньне супраць канкрэтных ізраільскіх узбраеньняў. Ізраіль у свой час моцна дапамог Азэрбайджану дронамі, што забясьпечыла таму перамогу ў вайне з Армэніяй 2020 году.
— Але ў Ізраілі ўсё мацней гучаць галасы, што трэба вызначыцца і стаць адназначна на бок Украіны. Гучаць думкі, што Расея зацікаўленая ў гэтай вайне супраць Ізраілю, што без Расеі ХАМАС ня мог навучыцца карыстацца тымі ж дронамі, якія запускалі на тэрыторыю Ізраілю.
— Я бачу тут пэўную лёгіку, гэтыя дапушчэньні натуральныя, бо Масква, безумоўна, выйграе ад таго, што ў Захаду зьявіўся новы галаўны боль. Калі ўзьнікне неабходнасьць паставак амэрыканскай зброі Ізраілю, то гэта так ці іначай будзе адбывацца коштам паставак зброі Ўкраіне. Магчыма, нехта ў Маскве лічыць, што ўскладненьне сытуацыі на «вялікай шахматнай дошцы» прынясе ім карысьць.
— А як Лукашэнка будзе рэагаваць на блізкаўсходні канфлікт? Пакуль ён маўчыць, але ж наўрад ці доўга вытрывае, яму гэта не ўласьціва. Можа, прапануе свае паслугі ў якасьці міратворца? Ці на карысьць яму тое, што ўвага ад Беларусі зноў адцягваецца на іншыя рэгіёны?
— Я ня думаю, што ён прапануе сябе ў якасьці пасярэдніка, бо ніхто гэтага ўсур’ёз не ўспрыме.
Пра Беларусь не забудуць. Тыя людзі, якія займаюцца Беларусьсю, так і будуць ёй займацца. І ціск на менскі рэжым будзе працягвацца і ўзмацняцца. Дзейнічае рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, прынятая некалькі тыдняў таму, — пра яе ў мэдыйнай прасторы амаль забылі, а дарма, бо гэта вельмі сур’ёзны дакумэнт. Што тычыцца Блізкага Ўсходу, то Беларусь жыве ў сваім кантэксьце, істотным гульцом у тым рэгіёне яна не зьяўляецца.
Вайна Ізраіля з ХАМАС. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.