Беларускі стартап Soula — AI-дадатак для цяжарных і бацькоў — заняў першае месца ў міжнародным конкурсе стартапаў у Лімасоле (Кіпр).
Стартап Soula, які заснавала беларуска Натальля Міранчук, 21 верасьня атрымаў перамогу ў міжнародным конкурсе Reflect X 2023 Startups Competition, які прайшоў у рамках буйной тэхналягічнай канфэрэнцыі Reflect у Лімасоле. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 300 стартапаў з усяго сьвету, піша «Зеркало».
У якасьці прызоў за першае месца на конкурсе праект атрымаў 15 000 эўра фінансавай падтрымкі для далейшага разьвіцьця, магчымасьць удзельнічаць у міжнароднай праграме ад Microsoft і 2000 эўра ў выглядзе крэдытаў ад Bolton Datacenter.
Soula — AI-памочнік, распрацаваны для падтрымкі бацькоў, у ім можна атрымаць пэрсаналізаваную інфармацыю пра цяжарнасьць, роды і пасьляродавы пэрыяд (у першыя гады бацькоўства), сярод іншага жанчына можа знайсьці ў ім інфармацыю пра свой эмацыйны стан, пытаньні харчаваньня, сну і фізычнай актыўнасьці, а таксама ўзаемаадносіны са сваім партнэрам у новай ролі. У праграме таксама ёсьць чат-бот і бібліятэка кантэнту.
У праект ужо інвэставала вядомая супэрмадэль Натальля Вадзянава.