Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз будучыні. Сакрэт «доўгажыхарства» Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Не магу забыць сустрэтую недзе ў сеціве расейскую карыкатуру. Хлопчык у двары крычыць маме свайго сябрука, якая паказалася ў вакне другога паверху: «А будущее выйдет?». Адказвае ня маці, а Пуцін, які замагільным позіркам глядзіць з вакна першага паверху: «Будущего нет».

Колькі гадоў таму гэтая карыкатура ўспрымалася як дасьціпная шпілька расейскаму дыктатару, сёньня ж яна выглядае як мэтафара рэальнасьці. Прычым і беларускай таксама. Калі ў ранейшых казках-антыўтопіях злыя правіцелі кралі ў народу сонца, дык у сёньняшняй рэчаіснасьці дыктатар пазбавіў народ пэрспэктывы — у самым геамэтрычным значэньні гэтага слова. Будучыні няма, а мы разумеем, што яе і ня можа быць, калі няма гісторыі.

Тут, між іншым, і адказ на пытаньне, чаму Лукашэнка так доўга трымаецца за ўладу. Парадаксальна, але таму, што жыве адным днём. І такі аднадзённы рэжым ён навязвае ўсяму народу, усяму парадку дня краіны. Змагацца з гэтым немагчыма, бо заўтрашні дзень таксама будзе «аднадзённым». Здаецца, і праляцелі гэтыя амаль трыццаць гадоў, як адзін дзень. Нішто нікуды ня рухаецца, не зьмяняецца, «стабільнасьць». Яна, вядома ж, калісьці скончыцца. Калі вернецца пэрспэктыва.

Замест гісторыі — абгорткі мітаў

А што там, дарэчы, у афіцыйнай гісторыі? «Дзень народнага адзінства» Молатава з Рыбэнтропам... «Слаўныя традыцыі» НКВД... «Вялікая Перамога савецкага народу»... І што? І ўсё. Ня наша, не беларускае, не пра нас і не для нас. Няма афіцыйнай гісторыі, складзенай з праўды фактаў, з асобаў праўдзівых герояў, з тысячагадовай культуры і роднай мовы... Патас ёсьць, фанфары, радасныя ці сумныя (пра генацыд беларускага народу), а гісторыі — няма. Таму і «будущего нет». А што ёсьць? Ёсьць Пуцін у вакне першага паверху. Дадзенасьць. Як у той колішняй песеньцы з савецкага фільма: «Есть только миг между прошлым и будущим. Есть только миг, за него и держись... Именно он называется жизнь». Дакладней было б сказаць — «власть».

«Міг» — ня лінія, ня коска нават, а кропка. Што ты возьмеш з кропкі? Якія могуць быць выбары, калі пастаўленая кропка?

Вось скажыце, ці вы чулі, каб Расея выступала зь нейкімі ініцыятывамі супраць глябальнай кліматычнай катастрофы? Пра афіцыйную Беларусь увогуле прамаўчу. Калі глядзець на ўкраінскія падзеі, гэтай праблемы для шостай часткі зямной сушы не існуе. «Есть только миг» — вось што прапануюць Беларусь і РФ з трыбуны ААН. Яны хацелі б пазбавіць пэрспэктывы ўвесь сьвет.

У беларускім варыянце ўсё выглядае яшчэ прасьцей. Янка Брыль калісьці казаў: ня тая баба затрымаецца ў гасьцях, якая «яшчэ на хвілінку» прысядзе, а тая, што, адыходзячы, «трохі пастаіць». Вось жа наша баба «пастойвае» ўжо трыццаць гадоў. Так расьцягнуўся яе «міг».

Крыніца ўлады: ад вытоку да вусьця

Адсутнасьць пэрспэктывы ня толькі памяць выключае, ня толькі гісторыю. Разам выключаюцца і прычынна-выніковыя сувязі, то бок лёгіка, юрыспрудэнцыя, напрыклад. Страчвае сэнс такая катэгорыя, як праўда. Ніякай праўды няма. Проста няма ўвогуле. А што ёсьць? Тое, што сказалі. «Что написано пером, не вырубишь топором». Урэшце, зусім зьнікаюць катэгорыі дабра і зла, бо іх толькі праз супрацьпастаўленьне і адрозьніш, а супрацьпастаўленьне — гэта ўжо пэрспэктыва.

Мы трымаемся за «міг» нашых мажнаўладцаў, часьцяком страчваючы і пэрспэктыву ўласнага жыцьця, хоць яно ў нас нічым ня больш за адно, чым у іх, нічым ня менш каштоўнае для нас і для нашых блізкіх.

Калісьці за савецкім часам улады дзялілі вёскі на пэрспэктыўныя і непэрспэктыўныя. І колькасьць непэрспэктыўных «дакладалі наверх» з ноткамі радасьці ў голасе: забойства вёскі падавалася як перамога. А гэта ж і было забойства самой пэрспэктывы. Гэта я да таго, што ня сёньня гэтая адсутнасьць пэрспэктывы закладалася, а тады, калі цяперашнія мажнаўладцы яшчэ кіравалі калгасамі і на тым сваім узроўні ўмацоўвалі сваю ўладу, свой «міг», як маглі.

Тым часам нашы даўнейшыя продкі казалі: «Рабі пільне, і тут будзе Вільня».

Выглядае, што найбольш трывушчая тая ўлада, якая жыве сёньняшнім днём, каб «дзень прастаяць ды ноч пратрымацца», каб трыццаць гадоў зацягваць паясы і выйграваць бітвы за ўраджай. Усё, як ня ў самым перадавым калгасе і ня ў самай пэрспэктыўнай вёсцы...

Між тым датычыцца гэтая аднадзённасьць толькі самой улады і спрычыненых да яе. Для звычайнага чалавека пачуцьцё пэрспэктывы — гэта норма, асабліва калі ты ведаеш гісторыю, інтэграваны ў сваю культуру, карыстаесься роднай мовай. Для такіх людзей не паўстае пытаньня, якой мусіць быць Беларусь. Менавіта пэрспэктыва аб’ядноўвае іх у адзін народ. Таму ўлада імкнецца людзей атамізаваць, і гэта таксама змаганьне з пэрспэктывай. Каб не было ні мінуўшчыны, ні будучыні, ні адзінства. Па сутнасьці, гэта адмена канстытуцыйнага патрабаваньня: «Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам сувэрэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ». Бо крыніца — гэта зноў жа пэрспэктыва.

Аднадзённая ўлада можа цягнуцца доўга, але не бясконца. Самае істотнае — у яе ня можа быць пераемнасьці з той самай прычыны. Няма пэрспэктывы. На зьмену ёй прыйдзе іншая, можа быць, яшчэ горшая, але дакладна не такая самая.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG