Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Нью-Ёрку зьвярнулася да замежных лідэраў: «Беларусь не павінна дастацца Пуціну як суцяшальны прыз»


Сьвятлана Ціханоўская ў Нью-Ёрку падчас Генасамблеі ААН
Сьвятлана Ціханоўская ў Нью-Ёрку падчас Генасамблеі ААН

Сьвятлана Ціханоўская працягвае візыт у ЗША, удзельнічае ў падзеях у рамках сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Беларуская праблематыка абмяркоўвалася на сустрэчах Сьвятланы Ціханоўскай з кіраўнікамі МЗС Нідэрляндаў і Фінляндыі 19 верасьня ў Нью-Ёрку на палях 78-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Па выніках сустрэчы з кіраўніцай фінскага замежнапалітычнага ведамства Элінай Валтанэн Ціханоўская адзначыла, што Фінляндыя «даўно падтрымлівае дэмакратычную Беларусь».

«Сёньня, калі наша незалежнасьць знаходзіцца пад пагрозай, мы абмеркавалі прысутнасьць [наёмнікаў групоўкі] „Вагнэр“ і разьмяшчэньне ядзернай зброі [на беларускай тэрыторыі]. Гаварылі таксама пра фінска-беларускую канфэрэнцыю ў Хэльсынкі», — паведаміла Ціханоўская ў Twitter.

Сьвятлана Ціханоўская таксама сустрэлася з Бэт Ван Шаак, амбасадаркай ЗША ў глябальным правасудзьдзі.

Бакі абмеркавалі прагрэс у расьсьледаваньні справы супраць Лукашэнкі па вывазе ўкраінскіх дзяцей, а таксама справы Юрыя Гараўскага, якую цяпер разглядае суд у Швайцарыі. Сьвятлана Ціханоўская папрасіла ЗША паспрыяць запуску справаў у межах унівэрсальнай юрысдыкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і ў іншых краінах.

Таксама, у Нью-Ёрку падчас Генасамблеі ААН Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у сайд-івэнце аб ролі жанчын у палітыцы, пытаньнях клімату і эканомікі.

Мерапрыемства праходзіла ў рамках тыдня высокага ўзроўню Генасамблеі ААН арганізавала прэзыдэнтка асацыяцыі жанчын – палітычных лідэрак (WPL) і асацыяцыя Apolitical. Яно было прысьвечана ролі жанчын у палітыцы, у змаганьні са зьменай клімату і эканамічнай нестабільнасьці. Удзел бралі прадстаўнікі ўрадаў і шэрагу міжнародных НДА.

Сьвятлана Ціханоўская ў Нью-Ёрку падчас Генасамблеі ААН
Сьвятлана Ціханоўская ў Нью-Ёрку падчас Генасамблеі ААН

Сярод іншага Сьвятлана Ціханоўская 19 верасьня заклікала сусьветных лідэраў трымаць Беларусь у парадку дня, паведамляе AFP. Палітык заявіла, што Беларусь не павінна стаць «суцяшальным прызам» прэзыдэнту Расеі Ўладзіміра Пуціна ў рамках яго вайны супраць Украіны.

«Я прашу нашых партнэраў і саюзьнікаў трымаць Беларусь у парадку дня, — сказала Ціханоўская ў інтэрвію агенцтву AFP у кулюарах Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Йорку. — Вельмі важна, каб Беларусь абмяркоўвалася, каб у нашым рэгіёне Беларусь не заставалася Пуціну ў якасьці суцяшальнага прыза».

«Без дэмакратычнай і свабоднай Беларусі ня будзе міру і бясьпекі ва ўсім рэгіёне. Мы важныя», — дадала Ціханоўская.

Яна таксама заклікала Міжнародны суд, галоўны юрыдычны орган ААН, распачаць расьсьледаваньне парушэньняў правоў чалавека з боку Лукашэнкі і ягоных саюзьнікаў.

Ціханоўская заявіла, што міжнародныя гуманітарныя арганізацыі павінны адыгрываць больш актыўную ролю ў Беларусі, дзе, паводле яе, назіраецца «эпідэмія палітычна матываваных затрыманьняў».

  • Сьвятлана Ціханоўская наведвае ЗША 17–23 верасьня. Палітык ужо сустрэлася зь віцэ-прэзыдэнткай карпарацыі Microsoft Тэрэсай Гатсан, кіраўніком упраўленьня па глябальным крымінальным правасудзьдзі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Бэт Ван Схаакам, прэзыдэнтам Гватэмалы Алехандра Джаматэем, лідэрамі амэрыканскай габрэйскай супольнасьці і інш.
  • 21 верасьня па яе ініцыятыве дэлегацыя Эўразьвязу арганізуе спэцыяльнае мерапрыемства «Пагроза незалежнасьці Беларусі і міжнародны адказ», у якім, як чакаецца, прымуць удзел кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Літвы і Ісьляндыі, дзяржаўны міністар МЗС Нямеччыны, намесьнік дзяржсакратара Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў, шэраг намесьнікаў кіраўнікоў МЗС эўрапейскіх краін.
  • Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у закрытай сустрэчы міжнародных лідэраў, якую арганізаваў сусьветны эканамічны форум (Давос) на палях Генасамблеі ААН. Удзел у сустрэчы бралі кіраўнікі краінаў і міністры замежных справаў краінаў Эўропы, Лацінскай Амэрыкі, Афрыкі і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Сьвятлана Ціханоўская падзялілася бачаньнем выхаду з крызісу ў Беларусі і падкрэсьліла, што мэты ўстойлівага разьвіцьця не выконваюцца пры дыктатуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG