Разбор лягера ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі яшчэ працягваецца. Пра гэта сьведчыць эксклюзіўны спадарожнікавы здымак за 9 верасьня 2023 году, атрыманы Свабодай ад сэрвісу Planet Labs. З 23 жніўня разабралі яшчэ каля 60 вялікіх вайсковых намётаў, іх агульная ўмяшчальнасьць — прыкладна тысяча чалавек.
Пачатак дэмантажу лягера вагнэраўцаў у вёсцы Цэль мы зафіксавалі на спадарожнікавым здымку за 1 жніўня.
Тады мы ўстанавілі, што за 23 дні жніўня было разабрана ня менш за 101 вялікі вайсковы намёт. За наступныя дні па 9 верасьня разабралі яшчэ каля 60.
Гэта значыць, усяго ад пачатку жніўня ў лягеры вагнэраўцаў у вёсцы Цэль было разабрана ня менш за 160 жылых намётаў з прыкладна 273, якія там былі. То бок свайго ложка там маглі пазбавіцца каля 3000 наймітаў «Вагнэра», калі зыходзіць з таго, што ў намёце могуць пражываць каля 20 чалавек.
На здымку мы бачым, што разбор намётаў ідзе адначасова ва ўсіх частках лягера.
У паўночнай частцы на месца, дзе стаялі намёты, перавезьлі частку аўтамабільнай тэхнікі са стаянкі. Навошта — невядома. Пры гэтым агульная колькасьць тэхнікі застаецца прыкладна ранейшаю.
Куды могуць перавезьці гэтыя намёты і ці пакінулі тэрыторыю Беларусі найміты «Вагнэра», дагэтуль невядома.
На тых спадарожнікавых здымках, што мае рэдакцыя, не назіраецца ўтварэньня падобных намётавых лягераў на тэрыторыі іншых беларускіх палігонаў ці вайсковых частак. Мы працягваем назіраць за сытуацыяй.
Тэлеграм-каналы, зьвязаныя з «Вагнэрам», выкладваюць старыя фатаздымкі зь летніх вучэньняў інструктараў ПВК зь беларускімі вайскоўцамі. Больш за месяц у навінах не было паведамленьняў пра актыўнае навучаньне з наймітамі Вагнэра на беларускіх палігонах.
Але нельга сказаць, што вагнэраўцы зьехалі зь Беларусі цалкам. Усё ж па асобных паведамленьнях дзяржаўных каналаў можна зразумець, што яны яшчэ знаходзяцца ў краіне. Напрыклад, як паведамляе беларускае Міністэрства абароны, гэтымі днямі прайшлі вучэньні зь некалькімі інструктарамі «Вагнэра» на палігоне Ласьвіда пад Віцебскам.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заяўляў, што частка наймітаў магла знаходзіцца на Госкім палігоне каля Горадні, але сытуацыя зь небясьпекай для мяжы ў сувязі зь іх прысутнасьцю ў Беларусі адносна стабілізавалася. У самой групоўцы, як кажа Наўседа, пасьля сьмерці Яўгенія Прыгожына адчуваецца разгубленасьць.
Частку вагнэраўцаў маглі перамясьціць у іншыя рэгіёны Беларусі. Ня так даўно мы паведамлялі пра абсталяваньне зямлянак, прыдатных для пражываньня ў зімовых умовах, на тэрыторыі вайсковага палігону Рэпішча, што таксама недалёка ад Асіповічаў, за 20 кілямэтраў ад вёскі Цэль. На спадарожнікавым здымку за 31 ліпеня 2023 году відаць каля 30 новых аб’ектаў, якія зьявіліся на гэтым палігоне.
Таксама застаецца імавернасьць, што частку наймітаў «Вагнэра» пачалі перакідаць у Афрыку. Пра гэта таксама паведамляюць тэлеграм-каналы, зьвязаныя з ПВК.
Застаюцца юрыдычна зарэгістраванымі ў вёсцы Цэль дзьве фірмы — ТАА «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», кіраўніком якога пазначаны Яўгеній Прыгожын, і «Група Вагнэр». Асноўны від дзейнасьці першай — «кіраваньне нерухомай маёмасьцю», а другой — «іншыя віды адукацыі, ня ўключаныя ў іншыя групоўкі».
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.