Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На межах Беларусі пачалася абавязковая дэзынфэкцыя транспарту. Паслуга будзе платнай


Беларуска-літоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота
Беларуска-літоўская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

На межах Беларусі з 1 верасьня пачалі праводзіць абавязковую дэзынфэкцыю транспартных сродкаў.

Як нагадвае «Зеркало», Аляксандар Лукашэнка больш як год таму падпісаў указ, які «прыняты ў мэтах зьніжэньня рызыкі ўвозу на тэрыторыю краіны ўзбуджальнікаў небясьпечных інфэкцый і бактэрый».

«Апрацоўваць кузавы аўтамабіляў будуць прэпаратам, які зьнішчае большасьць вірусаў. Прызначэньне — у першую чаргу вэтэрынарнае, для зьмяншэньня рызыкі ўвозу на тэрыторыю краіны ўзбуджальнікаў небясьпечных інфэкцый. Станцыі працуюць ужо ў штатным рэжыме», — паведаміў Onliner.by прадстаўнік ТАА «БелГлобалГарант», якое займаецца рэалізацыяй праекту.

Пад транспартнымі сродкамі маюцца на ўвазе «аўтобусы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь або за яе межамі».

Першыя 15 дзён паслуга па дэзынфэкцыі будзе бясплатнай, а з другой паловы верасьня за яе пачнуць спаганяць плату. Колькі — пакуль невядома.

Для аплаты трэба будзе набыць кантрамарку. Яе можна набыць у аддзяленьнях банкаў і страхавых кампаній у пунктах пропуску, а таксама ў тэрміналах самаабслугоўваньня, у якіх кіроўца атрымае электронную кантрольную марку з QR-кодам.

Правяраць, ці ёсьць у кіроўцаў або ўладальнікаў транспартных сродкаў кантрольныя маркі, у пунктах пропуску будуць памежнікі, а ў кіроўцаў або ўладальнікаў транспартных сродкаў, адносна якіх памежны кантроль ажыцьцяўляецца мытнымі органамі, — мытнікі.

Калі ў кіроўцы ці ўладальніка аўтамабіля ня будзе кантрамаркі, транспартны сродак у Беларусь не прапусьцяць.

У якасьці арганізацыі, якая будзе аказваць платныя паслугі па абавязковай дэзынфэкцыі, вызначана ТАА «БелГлобалГарант». Гэтая фірма належыць бізнэсмэну Сяргею Цяцерыну, якога зьвязвае цеснае сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG