Вярхоўны суд пакінуў бязь зьменаў прысуд журналісту Меркісу
Судзьдзя Вярхоўнага суду Ўладзімер Чаравач пакінуў апэляцыю палітвязьня Яўгена Меркіса без задавальненьня, пішуць праваабаронцы.
30 траўня Гомельскі абласны суд прысудзіў Яўгену 4 гады зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і ч. 3 арт. 361-1 КК («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).
Паводле выраку суду, Яўген нібыта адпраўляў тэлеграм-каналам зьвесткі аб перасоўваньні вайсковай тэхнікі. Таксама яны паведамляюць, што Меркіс працаваў для тэлеканалу «Белсат», які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
Рубца зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА
У чэрвені 2022 году па рашэньні наваполацкай судзьдзі Вольгі Баліка палітзьняволенага пінчука Алега Рубца перавялі на 3 гады з калёніі ў жодзінскую турму № 8. У штрафным ізалятары за апошні год яго ўтрымлівалі амаль 200 сутак.
Цяпер сваякі палітвязьня напісалі ў сацсетках, што Алега зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА:
«Два месяцы!.. 60 сутак... 1440 гадзін... У адзіночцы, „каменным мяшку“!
Алег зноў у ШЫЗА. Безь перапіскі, званкоў, кніг. 24/7 сам са сваімі думкамі, марамі, надзеямі, расчараваньнямі, але не зламаны духам!!!»
Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 году за ўдзел у пратэстах у Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманьні моцна зьбілі. 30 красавіка Алегу прысудзілі 5,5 года ў калёніі.
Шарэнда-Панасюк спыніла галадоўку
Патрабаваньні Паліны Шарэнды-Панасюк аб больш чалавечых умовах побытовага ўтрыманьня выкананыя, адзначае «Вясна». З Рэчыцкага ІЧУ Паліну перавялі ў СІЗА-3 Гомля, дзе яны будзе знаходзіцца да суду. Цяпер ёй зноў можна будзе дасылаць лісты, бандэролі і грашовыя пераводы.
Паліна павінна была выйсьці на волю мінулым летам, але яе асудзілі яшчэ на 1 год калёніі. У красавіку супраць жанчыны завялі ўжо новую справу — зноў за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».