Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў астматыкам, але выпрошваць інгалятар даводзілася з боем». Журналісты даведаліся падрабязнасьці пра сьмерць мужчыны на Акрэсьціна


Турма на Акрэсьціна. Архіўнае фота.
Турма на Акрэсьціна. Архіўнае фота.

Як стала вядома выданьню «Новы час», на пачатку лета ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна памёр затрыманы Андрэй Макарэвіч.

Паводле выданьня, мужчыну затрымалі за дробны крадзеж, але адправілі ў камэру да палітычных. Па словах сукамэрніка, зь якім пагаварылі журналісты, у Макарэвіча была астма, яму патрэбен быў інгалятар, але атрымліваў ён яго не заўсёды.

Як стала вядома «Нашай Ніве», менчуку Андрэю Макарэвічу было 56 гадоў. У 1982-м пасьля школы Андрэй паступіў у мастацкую гарадзкую прафэсійна-тэхнічную вучэльню і вывучыўся на сталяра-мэбельшчыка. Згодна з яго сацсеткамі і інфармацыі ад «Кібэрпартызанаў», ён зьмяніў шмат працаў.

Андрэй восем гадоў працаваў мэханікам у рэфрыжэратарным дэпо, два гады сталяром, пару гадоў — у менскім РНПЦ «Кардыялогія», у розныя часы — вартаўніком і рознарабочым. Апошнім часам мужчына займаўся сталярнымі працамі і зборкай мэблі.

Паводле журналістаў, мужчына быў прыхільнікам пераменаў. Быў падпісаны на многія незалежныя мэдыя, а некаторыя з іх лайкаў на сваёй старонцы ў «Аднакласніках». Гэта і стала прычынай, па якой яго зьмясьцілі ў «палітычную» камэру на Акрэсьціна, у якой адміністрацыя стварае невыносныя ўмовы для вязьняў.

У Макарэвіча не было сур’ёзных праблем з законам. У базе «Кібэрпартызанаў» ёсьць толькі два запісы пра парушэньні ім заканадаўства — пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы ў 2017-м і безьбілетны праезд у 2019-м.

Вось што расказваў сукамэрнік «Новаму часу» пра характар Андрэя і ягоныя апошнія дні:

«Ён быў чалавекам негаманлівым, заўсёды сядзеў у куце, па большай частцы ў камэры спаў, але мне ўдалося з ім трохі пагутарыць. Першапачаткова яго ўзялі за дробны крадзеж: скраў ён пачак пельменяў і ці то хлеб, ці то малако. Нешта такое, каб проста паесьці... Ён казаў, што працуе, але грошы скончыліся, і давялося яму скрасьці ежу. Ён наогул не павінен быў да нас патрапіць, такіх дробных зладзюжак саджаюць на 7-10 сутак у іншыя камэры, да так званых „працоўных“, каго выводзяць на працу. Але ў яго ў тэлефоне знайшлі нейкія рэпосты, і ён у выніку сядзеў з намі па палітыцы».

Мужчына быў астматыкам, але выпрошваць інгалятар даводзілася з боем:

«Днём ён яшчэ сядзеў нармальна, адкашліваўся, і гэтак далей. А ноччу хрыпеў так, што ўся „хата“ заснуць не магла. Інгалятар яму ўсё ж аддалі. Потым да нас прывялі лекара. Ён яго паслухаў... Усе ведалі, што Андрэю станавілася горш. У адну ноч мы прачнуліся, як быццам СПА пачало працаваць, там не тое што храп, а нешта незразумелае было. Лекар дамогся для яго нейкіх таблетак, якія яму нібы дапамагалі. Мы нават некалькі разоў прапаноўвалі Андрэю выклікаць „хуткую“, каб яго забралі з ІЧУ, але ён адмаўляўся».

Мужчына, як піша «Новы час», і так пачуваўся не надта, але ў камэры быў скразьняк, і ў адзін з дзён усе ў камэры захварэлі, а Макарэвічу стала горш:

«Гэта было ў нядзелю: я прачнуўся, хлопцы стаяць, крычаць, „званіце ў кнопку“, — у кожнай камэры ёсьць кнопка выкліку „прадольных“. Аказалася, што Андрэй устаў, схадзіў у прыбіральню, пайшоў мыць рукі і проста ля ракавіны ўпаў. Наш доктар спрабаваў яго з „прадольнымі“ адкачваць, — ён нават добра пра „прадольных“ адгукнуўся, яны хацелі штучнае дыханьне рабіць. [...]

Выклікалі „хуткую“, яна прыехала амаль імгненна, хвіліны праз тры пасьля выкліку. Але адкачаць Андрэя не ўдалося».

  • За тры гады непасрэдна за кратамі памерлі як мінімум тры чалавекі — Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч і Алесь Пушкін. Ад шэрагу палітвязьняў з-за кратаў доўгі час няма ніякай інфармацыі, таксама не даходзіць інфармацыя пра стан здароўя сотняў палітзьняволеных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG