Чацьвёрты дзень запар на мэтэастанцыях краіны фіксуюцца тэмпэратурныя рэкорды, сьведчыць праведзены BPN аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамета.
19 жніўня новыя максымумы адзначаны ў чатырох гарадах Віцебскай вобласьці і адным — Менскай.
У Полацку паветра прагрэлася да 31,2 градуса (30,4 у 2017 годзе), Верхнядзьвінску — да 30,5 (29,8 у 2017-м), Вілейцы — да 30,4 (29,8 у 2001-м), Докшыцах — таксама да 30,4 (30,1 у 2017-м), Сянно — да 30,1 (28,5 у 2019-м).
Найбольш сьпякотна мінулым днём было ў Жлобіне — 32,1 градуса (без рэкорду). Абсалютны максымум дня для ўсёй тэрыторыі краіны — 36,2 градуса 19 жніўня 1946 года ў Васілевічах.
Агулам за цяперашні сьпякотны пэрыяд зафіксавана 42 лякальных тэмпэратурных рэкорды (16 жніўня — 1, 17-га — 16, 18-га — 20, 19-га — 5).
Паводле інфармацыі Белгідрамета, сьпякотнае надвор’е захаваецца да 21 жніўня, затым тэмпэратура зьнізіцца на 6-7 градусаў.