Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна праз суд хоча сканфіскаваць беларускі авіярухавік, які рамантавалі на ўкраінскім прадпрыемстве


Міністэрства юстыцыі Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Міністэрства юстыцыі Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Трэцяй асобай у гэтай справе праходзіць украінскае прадпрыемства «Мотор Січ», якое не выстаўляе самастойных патрабаваньняў.

Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зьвярнулася з пазовам у Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны супраць Міністэрства абароны Беларусі.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскага міністэрства, трэцяй асобай у гэтай справе праходзіць украінскае прадпрыемства «Мотор Січ», якое не выстаўляе самастойных патрабаваньняў.

«Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, будучы цэнтральным органам дзяржаўнай улады ў сфэры нацыянальнай бясьпекі, дзейнічаючы ў інтарэсах вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі, спрыяла ўдзелу ў арганізацыі падрыхтоўкі агрэсіі супраць Украіны, надае дзяржаве-агрэсарцы ў карыстаньне тэрыторыі, цывільную і вайсковую інфраструктуру, а таксама ажыцьцяўляе дзеяньні, накіраваныя на пастаўку, захоўваньне зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, вайсковай ці спэцыяльнай тэхнікі, іншых сродкаў, неабходных для ажыцьцяўленьня збройнай агрэсіі супраць Украіны», — адзначаецца ў паведамленьні.

На якую маёмасьць Міністэрства абароны Беларусі прэтэндуе Ўкраіна

Сёлета ў чэрвені стала вядома, што ў часе вобшукаў у межах справы супраць прэзыдэнта акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева (ён пад вартай з кастрычніка 2022 году паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і дапамозе агрэсіі Расеі) знайшлі сем авіяцыйных рухавікоў, на адным зь якіх (мадэль АІ-25 ТЛ) былі адбіткі пячаткі «Вайсковая частка 19764». Такая вайсковая частка дысьлякуецца ў Лідзе Горадзенскай вобласьці.

Гэты рухавік разам з паветраным стартэрам знаходзіліся на рамонце на адным з прадпрыемстваў кампаніі «Мотор Січ».

Перамяшчэньне рухавіка і стартэра на рамонт ва Ўкраіну ажыцьцяўлялі праз кампанію «PM Technics (FZE)», зарэгістраваную ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а ёй, у сваю чаргу, рухавікі перадавала расейскае ТАА «Авиакомпания Волга-Днепр».

«Апроч таго, паміж ПАТ „Мотор Січ“ і Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь у асобе намесьніка начальніка штабу ўзбраеньня падпісаны кантракт аб аказаньні паслуг (выкананьні прац) па капітальным рамонце авіяцыйнага рухавіка АІ-25ТЛ», — адзначаецца ў судовым рашэньні.

Паводле сьледзтва, гэтыя рухавікі нібыта былі дастаўленыя на тэрыторыю Ўкраіны ў 2020–2021 гадах.

Што папярэднічала

Вячаслаў Багуслаеў шмат разоў абіраўся ў Вярхоўную Раду Ўкраіны ад Партыі рэгіёнаў, лідэрам якой быў Віктар Януковіч, які пасьля масавых акцыяў пратэсту ў 2013–2014 гадах уцёк у Расею.

Да красавіка 2018 году Вячаслаў Багуслаеў быў акцыянэрам беларускага ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод».

Пра неабходнасьць нацыяналізацыі Аршанскага заводу Аляксандар Лукашэнка заявіў у ліпені 2018 году, калі наведваў прадпрыемства. Ён сказаў, што нібыта «ўласьнікі адмовіліся ад заводу», і няма розьніцы, «каму належаць гэтыя акцыі, гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі».

У траўні 2018 году Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу ў дачыненьні да былога гендырэктара ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» і службовых асобаў ПАТ «Мотор Січ» (Украіна).

У лютым 2019 году праваахоўныя органы Ўкраіны расьсьледавалі справу аб тым, як украінскае абароннае прадпрыемства выкарыстоўвала ў 2018 годзе Аршанскі авіярамонтны завод для незаконных паставак прадукцыі ў Расею — для грузапасажырскіх і вайсковых самалётаў. У гэты час ва Ўкраіне былі ўведзеныя санкцыі на супрацу расейскіх і ўкраінскіх прадпрыемстваў.

У верасьні 2019 году Служба бясьпекі Ўкраіны выставіла кіраўніцтву групы «Мотор Січ» падазрэньні ў падрыхтоўцы да дывэрсіі і дзяржаўнай здрады.

У кастрычніку 2022 году Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра затрыманьне прэзыдэнта акцыянэрнага таварыства «Мотор Січ» Вячаслава Багуслаева паводле падазрэньня ў калябарацыйнай дзейнасьці і спрыяньні дзяржаве-агрэсарцы.

Як вынікае з апублікаваных Службай бясьпекі Ўкраіны ягоных тэлефонных размоў з дырэктарамі расейскіх кампаній па вытворчасьці баявых верталётаў, кампанія «Мотор Січ» у часе вайны працягвала пастаўляць у Расею рухавікі. Ігнаруючы ўрадавую забарону гандлю з Расеяй, Вячаслаў Багуслаеў прапанаваў Расеі ажыцьцяўляць пастаўкі праз Харватыю і Чарнагорыю. Расея таксама абмяркоўвала магчымасьць паставак з Украіны праз Казахстан і Кіргізстан.

У траўні 2022 году Міністэрства абароны Расеі заявіла пра зьнішчэньне заводу «Мотор Січ» у Запарожжы. У тэлефонных размовах Багуслаеў казаў, што разумее бамбаваньне расейцамі ягонага заводу, і апраўдваў уварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG