Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выдзелілі Ўкраіне пакет вайсковай дапамогі на 200 млн даляраў


РСЗА HIMARS
РСЗА HIMARS

Злучаныя Штаты вылучылі Ўкраіне новы пакет вайсковай дапамогі на суму 200 мільёнаў даляраў. Пра гэта паведаміў у панядзелак дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

У новы пакет дапамогі Кіеву ўвайшлі боепрыпасы для СПА і артылерыі, супрацьтанкавыя ўзбраеньні і абсталяваньне для разьмініраваньня.

Раней стала вядома, што грошы на новую дапамогу знайшліся ў выніку выяўленай бугальтарскай памылкі Пэнтагону ў траўні, пры канчатковым падліку кошту ўзбраеньняў, ужо пастаўленых Украіне. Ён быў выпадкова завышаны, у выніку чаго амэрыканскі ўрад атрымаў дадаткова буйную суму ў 6,2 мільярда даляраў. Цяперашнія 200 мільёнаў — частка гэтай сумы.

На сайце Міністэрства абароны ЗША прыводзіцца канкрэтны сьпіс узбраеньняў і боепрыпасаў, якія ўвайшлі ў новы пакет дапамогі. У прыватнасьці, гэта:

  • Дадатковыя боепрыпасы для ракетных сыстэм HIMARS і для ЗРК Patriot.
  • 155-мм і 105-мм снарады для артылерыі і 120-мм танкавыя снарады.
  • Процітанкавыя ракеты TOW, Javelin і іншыя.
  • 37 вайсковых аўтамабіляў для буксіроўкі і перавозкі тэхнікі.
  • Больш за 12 мільёнаў патронаў да стралковай зброі і гранаты.

У папярэдні пакет вайсковай дапамогі ЗША на 400 мільёнаў даляраў, аб якім было абвешчана ў канцы ліпеня, увайшлі боепрыпасы для сыстэм Patriot, NASAMS і комплексаў HIMARS.

Агульная сума дапамогі ЗША Ўкраіне з пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ў лютым 2022 году набліжаецца да 44 мільярдаў даляраў.

«Мы ўпэўненыя, што можам і далей пастаўляць Украіне тое, у чым яна мае патрэбу на полі бою, — заявіла днямі намесьніца прэсавага сакратара Пэнтагону Сабрына Сынґг на брыфінгу ў аўторак. — Аднак я не хачу апярэджваць якія-небудзь дадатковыя запыты да Кангрэсу».

У бюджэце праграмы USAI на 2023 фінансавы год засталося каля 600 мільёнаў даляраў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG