Марыну Кіявец жорстка затрымалі ў 2022 годзе «за палітыку», пагражалі забраць дзяцей у прытулак. Муж жанчыну не падтрымаў. Беларуска ўзяла дзяцей і зьехала ў Польшчу. У 11-гадовага сына за мяжой пачаліся праблемы са здароўем, падазраюць аўтызм.
Марына расказала Свабодзе, як незнаёмыя людзі дапамаглі ёй пераехаць, як яна працуе таксісткай у Беластоку і як перажывае імаверны дыягназ сына «аўтызм», які мог праявіцца на фоне стрэсу.
«Падышоў муж: „Ну што, даскакалася?“»
Марыне Кіявец 34 гады. Родам зь Янава Берасьцейскай вобласьці. Замужам, трое сыноў 6, 11 і 15 гадоў. Працавала інжынэрам-хімікам у лябараторыі. Брала ўдзел у пратэстах 2020 году. У 2022 годзе Марыну звольнілі з працы за палітычную пазыцыю. У ліпені 2022 году да яе прыйшлі зь ператрусам, падазравалі ў абразе міліцыянта ў сацыяльных сетках. Сілавікі былі ў поўнай выкладцы, з аўтаматамі, на жанчыну адразу надзелі кайданкі. Усё адбывалася на вачах у дзяцей.
«Людзі, узятыя за панятых, былі ўражаныя, што такія здаровыя хлопцы тыкаюць аўтаматам мне ў сьпіну, а я стаю ў кайданках, быццам я кагосьці магу пабіць. Адной з панятых потым выклікалі хуткую дапамогу, бо ёй стала блага», – успамінае Марына.
Яна дадае, што муж не падтрымаў яе ў той момант. Марына дагэтуль перажывае.
«Добра памятаю, як ён стаяў і з амапаўцамі сьмяяўся. Я стаю ў кайданках, на мяне накіраваныя аўтаматы, а ён сьмяецца. Калі мяне ўжо пасадзілі ў бус, двое з ГУБАЗіКу сядзелі наперадзе, збоку сядзеў адзін амапавец і ззаду чатыры. Падышоў муж да дзьверцаў і кажа: „Ну што, даскакалася?“. Для мяне гэта было жахліва», — Марына не разумее, як такое мог сказаць чалавек, зь якім яна пражыла 15 гадоў.
У тэлефоне беларускі знайшлі тры «экстрэмісцкія» спасылкі ў прыватнай перапісцы. Жанчыну пратрымалі 5 дзён за кратамі да суду, потым прысудзілі амаль 1000 даляраў штрафаў. На допытах пагражалі забраць дзяцей і разьмеркаваць па розных дзіцячых установах.
«Мама, мы што, будзем тут жыць?»
За кратамі Марына вырашыла выехаць зь Беларусі зь дзецьмі, але бяз мужа.
«Я ехала невядома як, невядома куды», – успамінае жанчына.
За месяц яна падрыхтавала дакумэнты. Ехала легальна празь мяжу. Кажа, што акурат у гэты час у памежнікаў «падвісьлі» базы з «экстрэмістамі», праблемаў пры выезьдзе ў яе не было. Дзяўчына, якую беларуска ведала толькі з сацыяльных сетак, дапамагла на першы час з жытлом у Варшаве. Каб муж адпусьціў яе зь дзецьмі, Марына сказала, што яны едуць адпачыць у санаторый. Хлопчыкі даведаліся, што яны едуць жыць у Польшчу надоўга, толькі калі прайшлі мяжу.
«Для іх гэта было жахліва, яны былі не гатовыя да такога. У сярэдняга сына быў шок, ён вельмі ўразьлівы хлопчык. Ён заплакаў і запытаўся: „Мама, мы што, будзем тут жыць, пакуль мне ня споўніцца 18 гадоў?“ Я ня ведала, як ім гэта можна патлумачыць. Адказала: „Сашка, не, я спадзяюся, што мы вернемся хутчэй, калі Беларусь стане вольнай“», — успамінае суразмоўца.
Беларуска атрымала міжнародную абарону і часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы. Праз высокія цэны на жытло ў Варшаве сям’я ў 2023 годзе перабралася ў Беласток. Марына знайшла працу ў таксі, машыну ўзяла ў арэнду. Гаворыць, што заробку амаль ня бачыць: 90% даходу ідзе на падаткі, адсотак фірме, паліва. У цяперашняй працы задавальняе графік, бо яна можа шмат часу праводзіць зь дзецьмі.
«Не магу сказаць, што я тут зарабляю. Пакуль я выйшла ў нуль. Каб зарабляць, трэба працаваць, працаваць, працаваць. Мне так не ўдаецца, бо шмат часу забіраюць дзеці. Можа, гэтая праца не мая. Але для мяне гэта хуткі моўны курс, бо калі ты вязеш людзей, то камунікуеш зь імі», – прызнаецца Марына.
Сям’я жыве за невялікія грошы, якія польская дзяржава выплачвае як дапамогу беларусам. Марына працягвае шукаць больш прыбытковую працу. Яна хацела б працаваць адпаведна спэцыяльнасьці, хімікам, аднак дзеля гэтага трэба лепш вывучыць польскую мову. Жанчына ходзіць на моўныя курсы.
Тры месяцы таму ў сярэдняга сына западозрылі аўтызм
Усе трое ейных дзяцей — Ягор (6 гадоў), Саша (11 гадоў), Дзіма (15 гадоў) — цяжка перажываюць пераезд. Жанчына кажа, што яны сумуюць па доме, па Беларусі, па ранейшых сябрах. Моцным стрэсам быў раптоўны пераход на вучобу па-польску. Старэйшыя сыны хадзілі ў школу, малодшаму не хапіла месца ў садку, аднак зь верасьня ён пойдзе ў падрыхтоўчую клясу школы.
Тры месяцы таму ў сярэдняга сына Сашы западозрылі аўтызм. У Беларусі такога дыягназу ў хлопчыка не было. Сымптомы заўважылі ў школе. Саша пужаўся моцных гукаў, мог закрываць вушы, часам адмаўляўся заходзіць у сталоўку разам з усімі дзецьмі, бо там было вельмі гучна. Мог не рэагаваць на звароты настаўніцы. Асабліва калі ў клясе было шмат дзяцей. Дома сын стаў больш закрытым, больш уражлівым, у яго сталі часта паказвацца сьлёзы.
«Я ніяк не магла зьвязаць гэта з аўтызмам, бо разумела, што дзеці перажылі шмат зь пераездам, моўным бар’ерам. Сашу трэба польскую мову вучыць, і не адно-два словы. Ён трапіў у звычайную школу, дзе ўсё на польскай мове. І яму трэба адказваць на пытаньні, рашаць заданьні па-польску нароўні з польскімі дзецьмі. Для мяне ўсе дзеці, якія зьехалі і вымушаныя вучыць новую мову, — героі», — разважае маці.
Спэцыялісты камісіі ў псыхіятрычна-пэдагагічнай кансультацыі таксама пацьвердзілі, што бачаць у хлопца праявы аўтызму. Канчатковага дыягназу няма. Абсьледаваньні працягваюцца: трэба прайсьці яшчэ спэцыяльныя тэсты і абсьледаваньне ў псыхіятра.
Калі дыягназ пацьвердзіцца, маці будзе шукаць для Сашы спэцыяльную школу. У Польшчы набіраюць у школы ў сакавіку, свой набор Саша ўжо прапусьціў. Усе спэцыялізаваныя школы, дзе Марына папярэдне шукала месца для сына, адказалі, што ў іх ужо няма месцаў.
«Аднак школьны псыхоляг мяне супакоіла: „У Польшчы не бывае так, што для дзіцяці няма месца ў школе. Нешта знойдзецца“», — пераказвае суразмоўца.
Шматдзетная маці кажа, што адна дае рады ў няпростай сытуацыі, бо ёсьць рэчы, якія яна мусіць зрабіць.
«Я ведаю, што ніхто, акрамя мяне, гэтага ня зробіць. Мае праблемы, мае „магу — не магу“, ці ёсьць у мяне сілы, ці няма, нікому не цікавыя, бо ў кожнага свае пытаньні і праблемы. Мае дзеці — гэта мая адказнасьць. Я мушу рабіць, каб ім было найлепей. Разумею, што трэба даваць сабе адпачыць і сілаў набрацца. Цяпер трэба зрабіць. Адпачываць пазьней буду», — кажа яна.
Дапамагчы Марыне і яе дзецям можна па спасылцы тут.
Пакуль рыхтавалася публікацыя, у мэдыцынскай кансультацыі ў Сашы пацьвердзілі аўтызм.